Выбрать главу

— Не трэба, дзядзька, біцца, лепш у згодзе жыць.

— Дык не хочаш біць мяне?

— Не, не хачу.

— Ну, то чорт жа цябе бяры. Знойдзецца і без цябе добры чалавек.

Дзядзька Есып зрушвае з месца і кульгае далей па вуліцы. Ён адчувае сябе ў чымся вінаватым. Яму хочацца, каб яго пакаралі, набілі. А можа, гэта — толькі дзівацтва падвыпіўшага чалавека. Ён штось мармыча сам сабе, шворыцца рукою каля шапкі, намацвае брыль і верне шапку брылём на патыліцу. Спатыкаючы дзяўчат або маладзіц, ён кліча іх да сябе і просіць, каб пацалаваліся з ім. Маладзіцы ўцякаюць, хто моўчкі, а хто пацвельваючыся.

Мінуўшы сярэдзіну сяла, Есып сустракае Цімоха Жыгу. Яшчэ здалёк ён расстаўляе рукі, ідзе напярэймы Цімоху.

— Стой! — крычыць.

Цімох спыняецца, глядзіць на Есыпа.

— Куды ідзеш, сабачы сын?

— Ідзі, ідзі! — адзываецца Цімох.

— Я іду і пайду, вось яно што! Цімох, хочаш быць чалавекам — дай мне ў морду.

Здзіўлены Цімох акідае поглядам дзядзьку Есыпа. Нейкая ўсмешка бліснула на яго твары, і не паспеў дзядзька Есып вымавіць слова, як Цімох Жыга — трах яму поўху. I Есып — гоп вобземлю, грабянуўшы ў паветры кульгаваю нагою.

— Ой, трасца ж тваёй матары, Цімох. Як жа спрытна ты б’ешся. Дый моцна ж даў.

— А ты ж прасіў.

— Прасіў-то прасіў, але навошта было так моцна біць... Ось, злодзей. Ось, арыштант.

Цімох, пасміхаючыся, ідзе далей, а Есып падымаецца, кленучы яго. Людзі навокал смяюцца, а дзядзька толькі гаворыць:

— Добра даў, гад. Хіба дагнаць яго ды выпіць з ім.

Ад памочніка пісара дазнаецца Лабановіч аб прычынах незвычайнага руху каля піўнушкі. Усяго некалькі дзён застаецца да выбараў старшыні, бо Захар Лемеш дажывае апошнія моманты свайго старшынскага трохгоддзя. Захару ходзіць аб тое, каб застацца старшынёю яшчэ на тры гады. На гэта ў яго ёсць многа сваіх меркаванняў. Па-першае, ад гэтага выйграе яго гонар, бо старшыня — першая, можна сказаць, урадавая асоба ў воласці. Па-другое, само старшынства мае ў сабе многа павабнага і прыгожага. Па-трэцяе, у Захара Лемеша ёсць патайная думка адстаршыняваць адразу, без перапынку, тры раты. Калі б гэта яму ўдалося, ён выслужыць пачэсны каптан. У Пінскім павеце, здаецца, і ёсць адзін толькі старшыня, што заслужыў пачэсны каптан, і гэты старшыня — цесць Захара Лемеша. I цесць і жыццёвая практыка вучаць, якім спосабам дасягаюцца тыя ці іншыя мэты. З земскім начальнікам ён у добрых адносінах. З земскім, вядома, выпіваць Лемешу не прыйшлося, але сёе-тое перайшло з яго кішэні ў кішэню земскага. Цяпер жа Захар рыхтуе грунт сабе ў межах воласці, шчодра заліваючы горлы прагавітых на выпіўку сваіх выбаршчыкаў.

Воласць прыбрана, памыта, падскрэбена з незвычайнаю пільнасцю і стараннасцю. Дзед Піліп, на хаду таўкануўшы ў нос табакі, разрываецца на кавалкі: і тое і гэтае трэба падправіць, туды і сюды пабегчы, зрабіць тое і другое. Захар Лемеш трохі нервуецца. Стан душы ў яго цяпер такі ж самы, як у самага добрага хрысціяніна перад споведдзю. Неспакойны трохі і пісар. Сяды-тады яны пераглядаюцца са старшынёй, ківаюць адзін аднаму і падміргваюць. А зборня гудзе, дрыжыць ад людскога шуму.

Раптам усё сціхае. Старшыня і пісар разам бялеюць. Старшыня згінаецца, робіцца адразу працэнтаў на сорак мізарнейшым. Народ расступаецца, а паміж сцен людскога калідора ідзе земскі начальнік, ідзе чоткаю, быстраю паходкаю вайсковага чалавека, прысадзісты, карэнкаваты, смуглы. Земскі начальнік — граф з французскім прозвішчам, быўшы кавалерыйскі афіцэр. Усе яго рухі выкрываюць у ім вайсковага.

— Здрастуйце! — звонка кідае земскі начальнік.

— Здрам-жалам, ваша сіяцельства! — гудзе сход.

Дзядзька Есып не паспеў паздароўкацца разам з людзьмі і адзін ужо, калі ўсё сціхла, выкідае непаслушным языком адказныя словы на прывітанне:

— Здравя жжы-лаю, ваша прыяцельства!

Земскі начальнік адразу ж прыступае да справы.

— Каго хочаце мець старшынёю?

— Захара Лемеша! — гудуць галасы.

— Лемеша, Лемеша!

— Ладна! — згаджаецца земскі.

Захар Лемеш улучае добрую мінуту, міргае пісару, паказаўшы кончык языка.

Земскі садзіцца і піша.

Раптам дзверы расчыняюцца з шумам, у канцылярыю, як бура, урываецца Цімох Жыга. Вочы яго варочаюцца дзіка, валасы ўскалмачаны.

— Грамада! — крычыць Цімох.— Ужо выбралы? Захара Лемеша? Каго ж вы выбралы? Яшчэ мала выпіў з вас крыві?

Усё гэта адбылося зусім нечакана. Цімох Жыга адзін цяпер валодае ўвагаю сходу.

Не даючы апамятацца, ён налятае на Лемеша:

— Старшыня! Старшынька ты?.. Га-а! Сто рублёў прапіў! Земскаму падсунуў!.. А цяпер будзеш кроў нашу піць?