Выбрать главу

— Старшыня! — крычыць земскі начальнік.— Пасадзіць яго ў халодную.

— Дзесяцкія! — камандуе старшыня і сам, як драпежны звер, кідаецца на Цімоха.

Жыга не даецца, варочае шырокімі плячамі, раскідае дзесяцкіх. Тут хапае яго старшыня ззаду за плечы. Дзед Піліп расчыняе дзверы, і Цімоха ўпіхаюць у чорную дзірку халоднай.

У канцылярыі ціха і нялоўка.

Палешукі пераглядаюцца, чухаюць галовы. А Цімох крычыць, бушуе, лаецца, не шануючы ні старшыні, ні земскага.

XVII

— Ведаеце, пане настаўніку: уся мая бяда ў тым, што я не ўмею запісаць таго, што думаю. А ў мяне такія добрыя думкі бываюць. Вось напішуць у воласці паперу — ну, прашэнне там ці скаргу якую. Чытаюць табе яе,— не, чую, што не так трэба напісаць. I многа напішуць і слоў усялякіх накруцяць, а таго, што трэба, няма. Каля праўды ходзяць, але праўду з’ядаюць: няма яе або шчыльна ў лушпайку загорнута. А каб я сам умеў пісаць, дык я многа каму нос уцёр бы.

Аксён Каль — селянін з Высокага. Ён прыйшоў да Лабановіча пагаварыць. Настаўнік сам запрашаў яго, калі пазнаёміўся ў воласці, бо ў Аксёна ёсць свае мыслі, якія яго займаюць.

Лабановіч слухае, углядаецца ў твар Аксёну. Гэта яшчэ малады чалавек, гадоў за трыццаць. Рысы яго твару строгія, нават халодныя. Вочы ўдумлівыя, і ўся сухарлявая і моцная постаць выкрывае ў ім чалавека выдатнага. Кароткія чорныя вусы шчыльна туляцца каля самых губ упартымі завіткамі і робяць твар яго прыгожым і энергічным.

«Кім бы ён мог быць, каб яго натура ваўсю разгарнулася?» — думае настаўнік. I Аксён вынікае перад ім то строгім пракурорам за грамадскія справы, то ўдалым атаманам разбойніцкай шайкі, бязлітасным помснікам за сялянскую крыўду.

Аксён Каль верыць у праўду, у тую адвечную праўду, якой так прагна чакае народ і якая за сямю замкамі хаваецца ад яго. Ён не можа спакойна глядзець на несправядлівасці, што чыняцца над людзьмі, і дабіваецца праўды. Яго ведае воласць, ведае і земскі начальнік як чалавека неспакойнага і небяспечнага. А старшыня мае загад не спускаць яго з вока. Аб гэтым ведае і сам Аксён і пасміхаецца ў чорны вус: не вам, дурням, зашчаміць мяне.

Не дае Аксён задрамаць сялянам у іх заціснутым жыцці. Катурхае, будзіць іх грамадскую думку, кідае новыя мыслі, падымае на змаганне з няпраўдай, бо сялян ашукалі, абышлі ўсякія кручкатворы-чыноўнікі, панскія прыслужнікі. Іначай як магло стацца, што пан Скірмунт з Альбрэхтова залез у іх хату, прыбраў у свае рукі з-пад іх носа затокі на рэчцы, дзе так многа рыбы, і здае гэтыя ўжыткоўнасці ім жа ў арэнду? Затокі — балючае сялянскае месца. Дванаццаць гадоў цягнуўся суд з панам Скірмунтам. Аксён Каль выступаў ад грамады як давераная асоба. Хадзіў па судах, пачынаючы з акружнога, і давёў справу да сената, дзе яна і захлынулася, бо ўсюды пан цягне за пана. Так і засталіся затокі за панам Скірмунтам. А цяпер іх арандуюць пяць заможных гаспадароў з Высокага: старшыня Захар Лемеш, царкоўны стараста Грыгор Крэшчык і яшчэ тры гаспадары. Ім гэта выгадна, і яны радуюцца, што Аксён Каль прайграў сялянскую справу. Яны ж аб ім і ўсялякія чуткі распускаюць як аб авантурніку, якому трэба толькі грамадскія грошы, бо хто ідзе супраць закону? Вось чаму Аксён так не любіць іх — не любіць як здраднікаў сялянскіх інтарэсаў і сваіх асабістых ворагаў. Не любіць ён таксама паноў і чыноўнікаў, бо, па яго думцы, ад іх усё зло на свеце.

Хоць і сенат не прызнаў сялянскага права, але Аксён не хоча супакоіцца на гэтым. У яго ёсць яшчэ думка — падаць прашэнне цару.

— Як вы думаеце? — пытае Аксён Лабановіча наконт прашэння цару.

Лабановіч апускае вочы, як бы штось мяркуючы.

— Я сказаў бы, ды толькі не ведаю, як прымеце вы тое, што я скажу,— ціха адзываецца ён. I, момант счакаўшы, дадае: — Я думаю, што з гэтага нічога не будзе.

Настаўнік ледзь стрымліваецца, каб не падзяліцца з Аксёнам тым, што ўжо некалькі дзён як урвалася ў яго душу і перавярнула там усё дагары нагамі, захапіўшы цалкам мыслі. Але засцярога і голас самазахавання бяруць верх, і ён кажа:

— Ведаеце, Аксён, мы аб гэтым пагаворым як-небудзь другім разам, пагаворым так, каб ніхто не ведаў. А цяпер я хачу сказаць вам вось што. Вот вы жалкуеце, што не можаце запісаць сваіх мыслей... А давайце папрабуем павучыцца?

Аксён у сваю чаргу апускае вочы, а потым усміхаецца.

— Ведаеце, галава ўжо на другое скірована, не тым занята... Добра вучыцца змоладу, а цяпер і часу бракуе.

I па тону гутаркі, і па выразу яго твару відаць, што Аксён не пярэчыць супраць навучання.

— Кіньце! Часіну заўсёды можна знайсці, была б толькі ахвота. Прыходзьце да мяне вечарамі, калі час будзе. На вялікую навуку разганяцца не будзем, а навучыцца чытаць і трошкі пісаць, я думаю, патрапім.