— Яно б чаму ж? Хоць бы збольшага чытаць ды распісацца, і гэта добра.
— Давайце спрабуем зараз!
Лабановіч зрываецца з месца, бярэ паперу і прылады пісьма ды падсядае да Аксёна.
— Чалавек вы дарослы, і я з вамі буду займацца не так, як з малымі. Пачнём адразу з пісання і ў першую чаргу — з вашага прозвішча.
Настаўнік піша «Аксён Каль», старанна выводзячы кожную літару.
— Вось я напісаў ваша імя і прозвішча. Завяцеся вы — Аксён. Вось вам гэты самы «Аксён», слова «Аксён», бо наша гутарка складаецца з слоў, а кожнае слова можна запісаць. А вось і прозвішча ваша «Каль». На ваша шчасце, і імя і прозвішча ў вас кароткія. Паўглядайцеся ў іх, а я зараз друкаваныя літары дастану.
Настаўнік ідзе да школьнай шафы, бярэ скрыначку з літарамі, а Аксён сядзіць, не зводзіць вачэй з напісаных настаўнікам двух слоў. Уся яго ўвага скіравана на гэтыя словы, але нічога не кажуць яны яму. Ён бачыць цэлы рад дзіўных значкоў-фігурак з палачак, кружкоў і кручкоў, зусім чужых і незнаёмых для яго вока.
Лабановіч адгадвае мыслі яго і кажа:
— На першых часах, вядома, гэтыя напісаныя словы нічога не гавораць вам. Да іх трэба прывыкнуць, прыгледзецца, як прыглядаецца гаспадар да сваіх гусей у чарадзе і адразу пазнае іх.
У настаўніка ўзнікае сумненне ў тым, ці правільна выбран метад навучання, бо ў школе ён карыстаўся іншым, які добра ведаў. Такі ж метад тады не меў распаўсюджання і нават не быў вядомы Лабановічу. Але настаўнік выходзіў тут з псіхалагічнага меркавання: уласны подпіс павінен быў лепш зацікавіць яго вучня.
— Вы разглядаеце напісаныя словы, а цяпер я пакажу, як яны друкуюцца ў кнізе. Вось глядзіце: гэтыя значкі называюцца літарамі. Нам трэба злажыць слова «Аксён». Слухайце, як можна сказаць «Аксён».
Настаўнік гаворыць слова па частках:
— А-к-ссьё-н.
I, па некалькі разоў называючы літару, ён паказвае іх Аксёну і выкладае ў адзін рад.
Напісаныя словы і словы, зложаныя з друкаваных літар, Лабановіч кладзе перад сваім выпадковым вучнем, сам захапляецца і нарэшце разварушвае і Аксёна. Ён пачынае з большаю цікавасцю пазіраць на словы, на склады і на асобныя значкі-літары. А калі дайшлі да мяккага знака ў слове «Каль» і высветлілася яго значэнне, дык Аксёнава прозвішча нечакана для настаўніка і для вучня набыло зусім іншы сэнс і выклікала наўперад нялоўкасць, а потым і смех.
Аксён з гэтай прычыны нават заўважыў:
— Трыццаць шэсць гадоў жыву, а не ведаў, што можа быць з майго прозвішча! Вось што значыць навука, згінь яго маты.
Навучыўшыся адрозніваць значкі адзін ад другога і злажыўшы некалькі разоў імя і прозвішча, Аксён прыступіў да пісання. Загрубелыя і няспрытныя пальцы яго з намаганнем трымалі асадку, сціскаючы яе, як абцугамі. Часамі ён прыходзіў да пераканання, што нічога з гэтага не будзе, што не адолее прамудрасці трымаць як след асадку, але кожны раз на дапамогу прыходзіў настаўнік, разганяў яго страхі і падмацоўваў вераю, што гэта толькі на першых часах, а потым пойдзе гладчэй.
Навучанне скончылася, настаўнік даў Аксёну аловак і паперу, каб ён сяды-тады практыкаваўся дома.
— Вечарком, у вольную часіну, прыходзьце да мяне: патрошку, непрыметна вы навучыцеся і чытаць і пісаць.
Аксён моцна паціснуў руку настаўніку і пайшоў дадому, даўшы абяцанне вучыцца.
Праводзячы Аксёна з кватэры, Лабановіч выйшаў на двор. Было ўжо гадзін дзесяць вечара. Аксён пасунуўся ў цёмную вуліцу і хутка знік у змроку, а Лабановіч стаяў на ганку, прыслухоўваючыся да цішыні халоднага асенняга вечара. У канцы дашчанай агароджы, каля клёна, шурхнула пад чыімісь нагамі сухое лісце, і нейчая фігура, тоячыся, асцярожна пасунулася ў бок рэчкі. Як відаць, нехта стаяў пад акном і, напэўна, пазіраў у яго пакой.
Часамі ў вокны заглядалі вясковыя хлопцы або і маладзіцы, праходзячы каля школы,— проста цікава было паглядзець на кватэру настаўніка, калі там гарыць яркая лямпа пад светлым абажурам, а можа, і на яго самога. I Лабановіч не звяртаў на гэта ніякай увагі. Цяпер жа адчуванне нейкага неспакою варушыцца ў яго душы. I тыя ўстрывожаныя мыслі, што цалкам захапілі яго, вынікаюць зноў разам з тою крыніцаю, адкуль і выплылі яны.
Два дні таму назад знайшоў Лабановіч на ганачку школы дзіўную рэч. Загорнутая ў газетную паперу, на лаўцы каля сцяны, ляжала маленькая кніжачка. Настаўнік увайшоў у кватэру і стаў чытаць. Словы і літары замітусіліся, заскакалі ў яго вачах, як бы ў нейкім танцы, і ён спачатку не мог сачыць за мыслямі аўтара, хоць яны былі надта простыя і ясныя, да таго незвычайны быў змест кніжачкі.
Усе тыя ўяўленні аб цару як аб памазанніку Божым, як аб персоне справядлівай, бесстаронняй, для якой інтарэсы самага апошняга бедака і інтарэсы вяльможы — зусім аднакія, словам, увесь той златабляск, якім агортвалася асоба цара, і тое ўвасабленне ўсяго найлепшага, што толькі можа быць у чалавеку,— усё гэта развейвалася тут самым бязлітасным чынам, развейвалася ў прах. Аўтар метка біў у гэты казённы шчыт царскае асобы і рашэціў яго, сцягваючы з цара далікатныя покрывы і паказваючы ў сапраўдным, непадмалёваным, грубым выглядзе чалавека-павука, найбольшага крывасмока на целе народа.