Усе мыслі аўтара накіраваны былі на адно і білі ў адну цэль: разбурыць веру ў цара, паказаць яго ў сапраўднай істоце. У кніжачцы даваліся так званыя царскія рэформы ў зусім новым асвятленні. Тут жа высмейваліся царскія загады і мерапрыемствы, накіраваныя быццам бы на дабро народу, як устанаўленне інстытута земскіх начальнікаў і іншае. На справе ж аказвалася зусім не тое, і даводзілася гэта ўсё на простых прыкладах. А поплеч з гэтым раскрывалася сапраўдная роля тых палітычных арганізацый, на чыіх сцягах было напісана бязлітаснае змаганне з царызмам за вызваленне народа з-пад ярма самадзяржаўя, тых арганізацый, якія змушаны былі туляцца ў патаемных кутках і якія шальмаваліся і кляйміліся страшнымі словамі — вырадкі, злачынцы, крамольнікі. «Памятай, Мікола Крывавы: цяпер табе Масленіца, але прыйдуць і посныя дні». Так канчалася брашурка.
Першае, што адчуў Лабановіч, прачытаўшы кніжачку, быў страх, як бы пад нагамі захістаўся грунт і перад ім расчынялася нейкае бяздонне. Гэтая бяздонніца і палохала і цягнула да сябе з такою сілаю, што ад яе нельга было адысціся. Першы страх, як спадарожнік крушэння пэўнага ладу ўнутранога жыцця, яшчэ не зусім аформленага і ўгрунтованага, у сваю чаргу выклікаў другі страх: а што, калі б гэтую кніжачку знайшлі ў яго і данеслі начальству?.. Чаму яе падкінулі яму? Хто падкінуў? Якая мысль кіравала тым, хто падкідаў яму гэтую небяспечную кніжачку?
Мыслі нейк блыталіся, перабівалі адна другую, і адно адчуванне змянялася другім, параджаючы ў душы неспакой. А разам з гэтым постаць цара вынікала ва ўяўленні ў сваёй страшнай дваістасці: цар лагодны, партрэтны цар, і цар, паказаны ў кніжачцы, драпежны цар-ашуканец са злосна вышчаранымі зубамі, гатовымі грызці людское цела. I гэтая дваістасць лезла ў мыслі, вымагала сталага прызнання якога-небудзь аднаго з двух воблікаў.
Цэлы рад жыццёвых фактаў, што давялося наглядаць Лабановічу, і тое, як адносіліся да простага чалавека ўсе, хто стаяў ад яго вышэй, і ўвесь грамадскі ўклад — усё гэта разам давала нагляднае пацвярджэнне тым думкам, што выказваліся ў кніжачцы. Але няўжо людзі не заўважаюць гэтага? Няўжо ўсе гэтыя чыноўнікі, усе настаўнікі вышэйшай адукацыі, што выхоўваюць людзей новага пакалення, няўжо яны ўсе — свядомыя лгуны і прахвосты? Як магло здарыцца, што людзі розуму, людзі высокай асветы ўхваляюць гэты палітычны лад, знаходзяць яго найлепшаю формаю грамадскага жыцця, якой трэба служыць, ахоўваць, дапамагаць?
Гэтая маленькая кніжачка зрабіла цэлую рэвалюцыю ў мыслях Лабановіча, паказала стан рэчаў у зусім іншым асвятленні. Кніжачку насіў ён з сабою, а вечарам, кладучыся спаць, на ўсякі выпадак хаваў яе далей.
Пастаяўшы на ганку, Лабановіч ідзе ў кватэру, апранаецца, бярэ кій і выходзіць на выган. Яго зацікавіла, хто б гэта мог быць пад вокнамі. Асцярожна праходзіць у бок рэчкі, прыглядаецца, бачыць — адтуль нехта сунецца. Падходзіць бліжэй — стары дзяк Бацяноўскі.
Няўжо гэта ён падглядаў у вокны? Не падабаецца дзяк чамусь настаўніку. Вось чаму і з візітам да яго не сабраўся да гэтага часу. Дзяк памалу пляцецца ў свой двор, а Лабановіч ідзе ў бок чыгункі, каб пабыць аднаму са сваімі думкамі.
XVIII
Дзяк Бацяноўскі тоіць крыўду на свайго суседа Лабановіча: хто ён за такі, што не хоча зайсці да яго, старога, паважанага чалавека, дваццаць дзевяць гадоў праслужыўшага каля святога алтара? Яшчэ не было тут ніводнага настаўніка і настаўніцы, хто б выказаў дзяку такую знявагу, абмінуўшы яго дом. Нават Іван Пракопавіч Бяляўскі, казённы ляснічы,— хіба ж можна параўнаць такую асобу з гэтым настаўнікам? — зайшоў з візітам, калі прыехаў сюды пяць гадоў назад, і цяпер наведвае, як бывае ў ляснічага і сам ён, дзяк Бацяноўскі. А які адукаваны, разумны чалавек і якую пенсію бярэ! Дый з кім наогул не знаецца дзяк Бацяноўскі! Людзі, можна сказаць, з прозвішчамі на ўсе двунадзесятыя святы складаюць кола яго знаёмства: Спаскі, Успенскі, Благавешчанскі, Уздзвіжанскі, Увядзенскі, Богаяўленскі, Срэценскі і іншыя. Гэта калі ўзяць па духоўнай лініі, а калі далучыць сюды людзей свецкіх! Не злічыш!