Выбрать главу

I наогул падазроным здаецца яму сусед. То адзін цягнецца, тоіцца па завуголлю, то шушукаецца з людзьмі небяспечнымі, як гэты Аксён Каль, і поначы соваецца, як злодзей, па пустых дарогах. Нешта ж ёсць-такі ў яго на думках. I дзяк пачаў трохі прыглядацца да свайго суседа. Сяды-тады праходзіць ён каля школы, заглядаючы ў вокны. Часамі прыпыніцца і вуха прыложыць, каб улавіць хоць колькі слоў і па іх крышку разгадаць сэнс тае гутаркі, што вядзецца там, за акном. Іншы раз ён ціхенька адчыніць веснічкі і ўвойдзе ў двор школы, зазірне ў пакойчык, сумежны з кухняю, і ў самую кухню, бо ў дзяка Бацяноўскага розныя бываюць падазрэнні і дагадкі. Але такім спосабам дабіцца яму чаго-небудзь пэўнага ніяк не ўдаецца, і сусед застаецца для яго некатораю загадкаю. Аднак дзяк ад свайго не адступаецца. У яго ёсць і іншыя спосабы дазнацца таго, што яго цікавіць. Ён толькі не хоча спяшацца з гэтым: нідзе не дзенецца, і ў Святым Пісанні сказана: «Нічога няма патаемнага, што не стане яўным».

Старожка Ганна часамі заходзіць да пападзянак для сякіх-такіх паслуг, і наогул яе не цяжка сустрэць і пагаманіць з ёю.

— Ну, здарова, Ганна! — запыніў аднойчы яе дзяк.

— Здаровенькі булы! — адказвае старожка, трохі здзіўленая дзякоўскаю ўвагаю, і хоча далей ісці.

— Ці скора ж ты мяне на радзіны заклічаш? — здалёк пачынае дыпламатычна гутарыць дзяк. Ён наогул пагаманіць з жанчынамі любіць, хоць ужо чалавек і стары. Дзячыхі ж у яго няма — памерла.

Ганна ўсміхаецца,— што сказаць на гэта?

— Не ведаю,— адказвае.

— Як жа ты не ведаеш? Добры гаспадар ведае, калі яго карова ацеліцца. А ты свае прыгоды не ведаеш? Хіба ўжо справа такая заблытаная, або айцоў многа?

— Бацька-то адзін, але і таго няхай халера задушыць,— гугніць Ганна.

— А гэты ж да цябе не падкочваецца?

— А нашто вам усё ведаць?

Ганна бачыць усю нікчэмнасць дзякоўскай плявузготы, і ёй зусім не хочацца весці з ім такую гутарку. Яна борзда заварочваецца і ідзе ў школу, а дзяк усміхаецца, праводзіць яе вачамі. Ён трохі нездаволен вынікам размовы, бо нічога не ўдалося дазнацца. Наадварот, цяпер ён яшчэ болей збіты з тропу яе адказам: «А нашто вам усё ведаць?»

Трохі раздумаўшыся, дзяк матае гэты адказ сабе на вус і галавою трасе. Ох, гэтыя ціхія маладыя людзі! Іх сапраўдную існасць даўно вызначыла народная мудрасць: у ціхай букце чэрці водзяцца. Гэтае меркаванне да некаторай ступені задавольвае дзяка, але поўнага заспакаення не дае, і ён не адводзіць вока ад свайго суседа.

I многа чаго ў настаўніку паказваецца яму дзіўным. Вось хоць бы і са старожкаю гэтаю: няўжо не мог бы знайсці сабе стоража або нават і маладзіцу, ну няхай бы сабе і не толькі для старажоўскіх абавязкаў? Але нашто трымаць гэтую бязносую? Якая тут прычына хаваецца? Нячыстая тут справа. Далей — купляе падарункі сваім вучням. Ніхто гэтага не робіць. Які дурань будзе выкідаць так сабе грошы? Напэўна ж, тут павінна быць нейкае сваё меркаванне. А таксама і з сялянамі штось дужа знаёмства заводзіць. Глядзіш — то той, то другі, то па некалькі разам на яго кватэру заходзяць. I хто ходзіць? Людзі, што ў сяле ніякай вагі не маюць, а калі і маюць, дык у дрэнны бок, як гэты Аксён Каль.

Сама сабою напрошваецца думка — дэмакрат і смуццян!

Сям-там, пры здарэнні, дзяк з кім-небудзь аб суседзе загаворыць: цікава ведаць, як людзі пазіраюць на гэта?

Калі гэтыя ўсе факты былі вылажаны а. Мікалаю, бацька наўперад махнуў рукою і засмяяўся сваім працяглым смехам, потым, падумаўшы, перавёў вочы ў неазначаныя прасторы, нарэшце кіўнуў галавою направа і налева і сказаў:

— Усё можа быць.

Такому заключэнню можна было знайсці падмацаванне ў газеце «Свет», якую выпісваў а. Мікалай.

Іван Пракопавіч, казённы ляснічы, лысы чалавек, гадоў пад сорак, бліснуўшы сваімі быстрымі і вострымі вачамі, зазначыў:

— Пустое! Семінарскі ідэалізм яшчэ не зусім выветрыўся.

А пісар вывеў такое заключэнне:

— Папулярнасці сабе шукае.

Хоць у гэтых поглядах розных асоб на аднаго чалавека і не было згоды, тым не меней дзяк не толькі не адступіўся ад свае думкі, а, наадварот, яшчэ больш умацаваўся ў ёй, бо ўсё ж такі паводзіны яго суседа не зусім людскія. Людзям збоку гэта не так у вочы кідаецца, але старога дзяка не ашукаеш. Не, да настаўніка трэба прыглядацца! I трэба быць асцярожным, бо сусед, відаць, таксама асцярожны. Недарма ж ён тады, правёўшы з кватэры Аксёна, хадзіў каля рэчкі, каб дазнацца, хто быў пад акном, і спаткаў яго, дзяка. Пазнаў яго ці не?

Каб не даць суседу прычын думаць благое аб сабе, дзяк надумаўся сам наведаць Лабановіча як-небудзь вечарком.

Дзяк зайшоў з двара і пастукаў у кухню. Ганна адчыніла дзверы.

— Добры вечар, Ганна! — громка паздароўкаўся дзяк.— Дома настаўнік?