Выбрать главу

Лабановіч адчыніў дзверы ў сваю кватэру.

— Не заходзіце вы да мяне, дык я сам завітаў па суседству да вас.

— I добра зрабілі. Сядайце, калі ласка. А вы мне выбачайце, што да гэтага часу не зайшоў да вас. Нават і сёння збіраўся,— салгаў настаўнік.

— Ой, ці ж праўда? — пытае дзяк і хітра прыжмураным вокам глядзіць на суседа.

— Ну, нялоўка мне і апраўдвацца, бо я вінаваты перад вамі.

— Пахвальна, што хоць віну сваю прызнаяце.

— Я заўсёды паважаю старэйшых ад сябе.

— А як у Святым Пісьме напісана на гэты выпадак? — пытае дзяк.

— «Перад ліцэм седага восстані і пачці ліцэ старча»3,— па-вучнёўску адказвае Лабановіч.

— Святое Пісьмо ведаеце, але па Святому Пісьму не паступаеце,— у голасе дзяка чуваць дакор.

— А хто жыве па Святому Пісьму? Святое Пісьмо забараняе мець крыўду на каго б там ні было, а вы на мяне крыўдуеце.

— Хавай божа! Ніякай крыўды не маю на вас. Кожын волен жыць, як знаходзіць лепей,— гаворыць дзяк і аглядае пакойчык.— А нічога сабе кватэрка ў вас.

Дзяку трэба што-небудзь казаць, і ён паўтарае:

— А нічога кватэрка.

Наступае кароткая маўчанка.

Настаўнік хоча загаварыць, але гутарка не клеіцца. Яго выручае дзяк:

— Не маркотна вам аднаму?

Лабановіч ажыўляецца, хапаецца за гэтую думку і кажа, што яму зусім не маркотна, што ў яго ёсць работа ў школе, а вечарам ён то чытае, то рыхтуецца да наступнага школьнага дня.

— А я да вас думаў нейк зайсці, але тут хтось быў, і я не хацеў замінаць вам.

— Вы мне ніколі не заміналі б. Калі ласка, заходзьце,— гаворыць настаўнік і тут жа думае: «А лепш было б, каб ты не заходзіў».

Гутарка зноў прыпыняецца.

— Ну, а як у вас хор? — нарэшце пераходзіць дзяк на дзелавы грунт.

— Ніяк.

— Мітрафан Васільевіч быў арганізаваў хор, і нічога сабе спявалі ў царкве. Вам бы толькі падтрымаць яго. Ведаеце, благочыніе царкоўнае ад гэтага многа залежыць.

— О, Мітрафан Васільевіч дасціпны быў настаўнік, і памяць аб ім не памрэ ў Выганаўскай школе.

Пачынаюць хваліць Мітрафана Васільевіча, хваліць няшчыра і фальшыва.

— А цяпер яму падвышэнне далі,— кажа дзяк.— Назначылі ў горад у прыходскае вучылішча. А там, ведаеце, настаўнікі ўжо і форму сваю маюць з бліскучымі гузікамі і шапкі з цэшкамі носяць, як чыноўнікі.

— Мітрафан Васільевіч гэта заслужыў у поўнай меры! — скрозь прытоенае насміханне атэстуе свайго папярэдніка Лабановіч.

— Умеў чалавек паставіць сябе,— заўважае дзяк.

— Так, гэта не ўсім удаецца.

— Не закапаў сваіх талентаў у зямлю.

Нудная, нікчэмная гутарка ідзе з кароткімі перапынкамі, цячэ, як гнойная вада па брудным раўчаку.

Дзяк сядзіць ужо з добрую гадзіну і не збіраецца дамоў. Дый што яму дома рабіць? Не ведае дзяк, куды дзець свой час. Гаспадарка яго невялікая — Даша адна спраўляецца з ёю.

Даша — маўклівая, сур’ёзная, замкнутая ў сабе дзяўчына. Аб чым яна думае, хто яе ведае. Аб тым, што ў яе на сэрцы, яна ні з кім не гаворыць і нават бацьку не адкрываецца. Праўда, бацька не надта і стараецца зірнуць у яе сэрца. Ён ведае, што ёй даўно пара замуж, але дзе ты возьмеш цяпер таго жаніха? А Даша сама зацялася на маладых людзей, бо што ж ёй застаецца рабіць?

Дзяк сядзіць, часамі пазірае на свае вывернутыя пальцы, штось думае, і хітраватая ўсмешка прабягае ў прыжмураных вачах.

Нецікава сядзець са старым дзяком. Сухі і нішчымны, як абмалочаны сноп. Нейкі старэцкі скептыцызм прабіваецца ў яго словах, затхласцю мінуўшчыны аддае яго размова, і сам ён, прапахлы царкоўнымі канонамі, выпетранымі і бяздушнымі, лампадным алеем і воскам царкоўных свечак, здаецца нейкім прыкрым архаізмам, варожым да ўсяго, што свежа і молада.

Сяды-тады, крадком, кідае настаўнік погляд на дзяка. «I быў жа калісь чалавек маладым... Які быў ён юнаком? — снуюцца думкі ў галаве настаўніка.— Напэўна ж, былі ў яго тады нейкія імкненні, чагось чакаў ад жыцця чалавек. I як стаўся ён такім заскарузлым, сухім і чэрствым?»

Дзяк пачынае карцець яму, назаляць, замінаць. А той сядзіць сабе, пакурвае суседавы папяросы, разглядае свае кратовыя лапы-рукі. Лабановіч не знаходзіць, аб чым гаварыць з ім, не ведае, як падтрымаць гутарку. Разам з дзяком і ён пераводзіць вочы на яго рукі, запыняе на іх увагу. Нарэшце не вытрымлівае і пытае:

— Ад чаго гэта ў вас такія рукі, Амос Адамавіч?

Амос Адамавіч — так завецца дзяк — глядзіць на свае дзіўныя лапы, растапырыўшы пальцы, усміхаецца і кажа:

— Ад старасці і ад раматусу. Старэе чалавек, змяняюцца і формы яго цела. Не красіць, мілы мой, старасць чалавека... А вы ведаеце, чым лячуся я ад раматусу?

— Чым?

— Крапівою. I вельмі памагае.