— Ну, як вы наогул глядзіце на сваю настаўніцкую місію? — пытае яе.
— Ох, скажу вам — нудная гэта справа! Ды я ж яе і не ведаю. А вы так напалохалі мяне. Проста былі такія мыслі — завярнуцца адгэтуль ды даць драпака. Я толькі цешу сябе тым, што, на шчасце, вы — мой сусед, і спадзяюся, што вы мне паможаце, калі я часамі ўткнуся лбом у сцяну.
— Бачыце, Вольга Віктараўна, справа ў тым, каб палюбіць сваю работу. Калі вы яе палюбіце і захопіцеся ёю, дык знойдзецца спосаб адхіліць і перамагчы перашкоды, калі яны напаткаюцца.
— Каб палюбіць сваю справу, трэба яшчэ і вера ў сэнс яе,— заўважае Вольга Віктараўна. Яна апускае вочы, як бы веры ў яе якраз і бракуе, толькі сказаць гэтага не адважваецца.
— Але ж вы, напэўна, гэтую веру маеце, калі выбралі сабе настаўніцкую дарогу.
— А вы думаеце, што ўсе настаўнікі так захоплены сваёю справаю, што цалкам аддаюцца ёй? — пытаннем адказвае Вольга Віктараўна, відаць, ухіляючыся ад простага адказу. Потым яна падымае вочы на Лабановіча.— Андрэй Пятровіч, скажыце, калі ласка: дабро вы робіце народу ці зло, забіваючы розум дзяцей і іх чыстыя душы ўсякаю казённаю трухляцінаю?
«Ах, унь ты якая»,— думае сабе Лабановіч і адчувае, як балюча ўкалола яго гэтая дзіўная дзяўчына.
— Хто ведае, што ён свядома начыняе дзіцячыя мазгі гэтаю, як вы называеце, казённаю трухляцінаю, той ёсць нягоднік або проста няшчасны, бязвольны чалавек ці проста рамеснік, гатовы за грошы рабіць усё, што захочаш. Але што замінае адкінуць гэтую трухляціну і накіраваць увагу дзяцей у другі бок?
— А як жа гэта зрабіць? — пытае Вольга Віктараўна.
— Вось гэта і трэба ўсё абмеркаваць. Я ведаю, што такая работа патаемнаю не застанецца.
Далейшая размова збліжае іх, рассейвае тое недавер’е і тую асцярожнасць, што замінаюць выяўленню шчырасці і адкрытасці паміж людзьмі, асабліва малазнаёмымі.
Вольга Віктараўна расказвае, як летам жыла яна сярод студэнтаў і настаўнікаў, якія гутаркі вяліся паміж імі, як варожа настроены яны супраць гэтай «казённай трухляціны». У яе ёсць цікавыя кнігі, якімі яна ахвотна падзеліцца са сваім суседам. Гутарка цягнецца за поўнач, пакуль Лабановіч як гаспадар не ўспамінае, што настаўніца з дарогі, што ёй трэба адпачыць.
А з двара на іх пазірае не адна толькі гэтая чорная, маўклівая ноч: дзяк Бацяноўскі стаіць на граніцы святла, што падае праз акно настаўніцкай кватэры, і густа злеглай над зямлёй цьмы. Ён пільна ўглядаецца ў гэтую маладую пару, ён ловіць кожны рух іх мыслі на твары. У яго мазгаўні таўкуцца розныя думкі, дагадкі. А калі ён дазнаецца, што гэта чарнявая стрыжаная дзяўчына застаецца тут начаваць, дык здзіўленню і абурэнню дзякоўскай душы няма граніц
XX
Вольга Віктараўна ўзяла слова ад свайго калегі, што ён у бліжэйшы святочны дзень даведаецца да яе. На гэтым яны і развіталіся.
А тым часам дзяк Бацяноўскі не мог стрымаць сябе, каб не расказаць суседкам-пападзянкам, а. Мікалаю і ляснічаму аб познім візіце настаўніцы да яго суседа і — што яшчэ болей цікава — аб яе начаванні ў яго кватэры. Дзяк пры гэтым не пашкадаваў фарбаў, каб апісаць усё падрабязна: як яны пілі чай, як яна выцірала шклянкі, як ён падсаджваўся да яе і як яна гарнулася да яго. I гэта ўсё дзяк бачыў выпадкам, праходзячы каля школы.
— Падумайце, што пачало тварыцца на свеце! Чаму ж яны навучаць дзяцей? — асвятляў дзяк гэтыя факты.
Цнатлівыя пападзянкі выслухалі з вялікаю цікавасцю дзякова паведамленне. Слухаючы, яны пераглядаліся, а на тварах прабягалі іранічныя ўсмешкі.
— А якая яна — прыгожая? — запытала малодшая пападзянка, Антаніна, болей жывая і яхідная.
— Стрыжаная! — адказаў дзяк, прычым гэтае азначэнне гучыць у яго раўназначна слову «прапашчая».— А якая яна далей, аднаму Вельзевулу, князю цьмы, вядома. Блудніца садомская!
— На прыгоства цяпер не глядзяць,— са скрухаю заўважае старэйшая, Глафіра, бо яна лічыць сябе прыгожаю.— А прыклад таму — бязносая Ганна і Мітрафан Васільевіч.— I яна ўздыхае.
Застаўшыся ўдзвюх, пападзянкі доўга разбіраюць гэтае здарэнне і выліваюць усю гарчэчу свайго застарэлага дзявоцтва. А Ганну паставілі пад допыт, бо цікава ж было даведацца чаго-небудзь яшчэ новага.
— I доўга яны сядзелі? — пытае Антаніна.
— Не ведаю, паненачка: я ўжо легла спаць, а яны яшчэ сядзелі.
— I яна сама выцірала шклянкі?
— А хто яе ведае! Узяла ад мяне рушнік.
Ганна баіцца сказаць чаго-небудзь лішняга, бо настаўніка яна шануе і нічога благога ў ім не бачыць.
— А дзе яна спала? — цяпер пытанне ставіць ужо Глафіра.
— На канапе.
— А ён дзе спіць?
— А ён у гэтым пакойчыку, што пры кухні.