Выбрать главу

— А чым тады ў печы палілі? — пытае хтось ззаду.

— I пячэй не было, і хат не было,— адказвае дзяк.— Нічога не было. Быў адзін толькі Бог... А дзе жыве Бог? — перапыняе сам сябе дзяк і раптам пытае вучняў.

— На небе! — гудуць дзеці.

— Так, на небе. Сёе-тое вы ведаеце. Ну, а вот як неба не было, тады дзе жыў Бог?

— На ўсякім месцы.

— О, шэльмы, і гэта ведаеце. Ну, што б у вас запытаць, чаго вы не ведалі б... Ага. Скажэце, колькі асоб у Бога?

— Тры: Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы!

— Вось арыштанты! I гэта вы ведаеце. Ну, буду казаць далей. Дык нічога не было. Толькі Дух Божы насіўся над бяздонніцаю. I замысліў сабе Бог стварыць свет. Аддзяліў Бог святло ад цьмы і назваў святло — дзень, а цьму — ноч. Паглядзеў Бог і кажа: «Добра выйшла». Назаўтра Бог устаў рана і пачаў майстраваць неба. Зрабіў, падзівіўся — добра. Калі ёсць неба, дык трэба, каб і зямля была. Зрабіў Бог і зямлю. Але зямля была пустая і неўпарадкаваная, перамешаная з вадою. Ды ўжо было позна. «Заўтра зраблю»,— думае Бог. Назаўтра ён устаў яшчэ раней, бо работы было процьма. Трэба было нарабіць рэчак, азёр, мораў, ну, і балота таксама трэба чалавеку. Вось гэта ўсё і зрабіў Бог на чацвёрты дзень. А каб яшчэ было харашэй, дык ён і цацак нарабіў на небе: сонца, месяц і зоры. У пятніцу, гэта значыць у пяты дзень, нарабіў Бог рыбы ў вадзе і птушак у паветры. Весела зрабілася на зямлі: тут табе і трава і дрэвы растуць, вецер шуміць у лісцях, птушкі спяваюць, проста і ў хату не хочацца ісці. Не хапала яшчэ звяроў і чалавека. У шосты дзень нарабіў Бог звяроў.

— I чалавека! — падказваюць дзяку.

— Не, стой: наперад не забягайце. Перад тым як стварыць чалавека, была нарада паміж Богам Айцом, Духам і Сынам. Бог кажа: «Трэба стварыць чалавека, па вобразу і па падабенству да нас». Узяў Бог гліны, зляпіў чалавека і хукнуў. Як хукнуў, чалавек зараз і ажыў. Пачаў ён хадзіць, разглядацца. Ды падобнага да сябе нікога не бачыць. Маркотна стала Адаму — першы чалавек называўся Адамам. Нідзе не прыткнецца, бедны. Ходзіць, як пасля добрай выпіўкі, шукаючы, каб чым апахмяліцца. Пазіраў на яго Бог, пазіраў ды кажа: «Нядобра чалавеку быць аднаму — трэба ажаніць яго». Дзяўчат жа на свеце не было, у сваты яго не павязеш. Трэба іншую раду даваць. Натупаўся Адам, ходзячы па зямлі, і моцна заснуў. Вось тады Бог узяў з яго рабро, з рабра выштукаваў кабету і назваў яе — Ева. Прачнуўся Адам ды як глянуў на яе, дык увесь і прасвятлеўся. А Бог пазірае ды цешыцца. «Бяры,— кажа,— яе: няхай яна будзе табе за жонку. Жывеце,— кажа,— у згодзе, у добрым ладзе, не сварыцеся, не біцеся. А ты, Ева, даглядай свайго мужа. Вось гэта ўсё, што вы бачыце, гэта ўсё ваша. Будзьце ж гаспадарамі над усім, што на зямлі. Не забывайце Бога, у царкву хадзіце. На папа і на дзяка таксама не забывайцеся, бо яны за вас мяне моляць».

Расказаў далей дзяк, як жылі ў раі Адам з Еваю, як ім было добра, якія былі там сады і дрэвы і якую запаведзь даў ім Бог. Але найболей цікава расказаў дзяк, як людзі саграшылі і як Бог караў іх за гэта.

— Паслухаў Адам сваю жонку, з’еў яблыка з забароненага дрэва. А як з’еў, дык адразу пазнаў, што зрабіў брыдка... Нядобра яму зрабілася, і першы раз аблаяў Еву як мае быць. А тая маўчыць,— ну, што ты возьмеш з бабы? Кінуў Адам Еву і пайшоў у дубы. Лёг пад дубам і ляжыць. Аж чуе — Бог па раі ходзіць. Сорамна Адаму Богу ў вочы зірнуць. Ляжыць, не ўстае. Чуе — Бог з Еваю гамоніць.

«А дзе твой Адам?»

Апусціла вочы Ева, маўчыць.

«Чаго ж ты маўчыш? Дзе, кажу, Адам?»

«Не ведаю».

«Як «не ведаю»? А хто ж павінен ведаць? — Глядзіць на яе Бог строга.— Гэта, кажа, мая мілая, з цябе свет гарыць! Я ўсё бачу і ведаю. Пачакай, я з табою яшчэ пагавару! Пайду толькі таго лайдака пашукаю. Як мяне — дык не хачу слухаць, а жонку дык паслухаў!»

Чуе ўсё гэта Адам. Страшна яму. Стаіўся за дубам і ані чхне. Прайшоў Бог так і гэтак, глядзіць — няма Адама. Дзе ж ён, кажа, падзеўся? Давай яго клікаць:

«Адам!»

Адам — ані гу-гу.

«Адам!» —яшчэ мацней гукае Бог.

А той Адам і галаву прыгнуў. Бог-то ведае, дзе Адам, але хоча, каб ён трохі пакаяўся і сам папрасіў, каб дараваць яму грэх.

«Адам, дзе ты?»

Не падае Адам голасу.

Тут дзяк уваходзіць у ролю ўгневанага Бога і прыпісвае яму свае ўласцівасці.

— Угневаўся Бог ды як крыкне: «Адам, трасца тваёй галаве, дзе ты, гад?!»

Бачыць Адам, што нідзе тут не дзенешся,— вылазіць з-пад дуба.

«Нашто ты еў тое, што я табе не дазволіў?»

Замест таго каб пакаяцца, Адам пачаў апраўдвацца:

«Жонка, якую ты мне ўсватаў, дала мне, і я еў».

Паклікаў Бог Еву.

«Нашто ты давала Адаму забароненыя плады?»