Выбрать главу

«Мяне спакусіў д’ябал, угаварыў мяне».

Паглядзеў на іх Бог, патрос галавою.

«Будзь жа ты пракляты, д’ябал. Поўзай на сваім чрэве, а некалі Евін патомак раздушыць табе галаву. Ты, Ева, будзеш у болях раджаць дзяцей, а муж твой будзе гаспадар над табою. А ты, Адам, не забывай, што зроблены ты з зямлі і ў зямлю зноў пойдзеш. Праклята зямля з-за цябе. Будзеш ты працаваць многа, а карысці мець мала, бо не паслухаў Бога». I павыганяў іх Бог вон з раю.

— Дык вось бачыце, шэльмы вы, які грэх не слухаць Бога! Рабіце тое, што вам кажуць старэйшыя. I па садах лазіць не трэба.

XXI

Мыслі, закінутыя ў душу Лабановіча нелегальнаю брашуркаю, не давалі яму спакою. Старыя пазіцыі светаразумення аказваліся хісткімі, пабудаванымі на пяску. Яны не вытрымлівалі напору крытычнай мыслі і рассыпаліся, паказваючы сваю нястатнасць і нікчэмства.

Здавалася, ужо само паветра было насычана новымі павевамі свежай мыслі, хоць ахоўнікі ўсталяванага вякамі палітычнага ладу цвёрда стаялі на сваёй варце і забівалі самыя маленькія шчылінкі, праз якія маглі б прабіцца новыя ідэі. Але там, дзесь у патаемных глыбях, нешта бурліла, кіпела, узнімалася, ірвалася наверх. Газеты паведамлялі аб забастоўках, успыхваўшых там-сям па вялікіх гарадах. Глуха далятала з розных месцаў грознае водгулле людскога абурэння. З заціснутых нізін выбіваліся крыніцы новага жыцця.

Цяпер усе гэтыя падзеі пераломліваліся ў свядомасці Лабановіча пад іншым пунктам разумення. Ён адчуваў радасць пазнання новай праўды, той праўды, што ў няяснай постаці вякамі жыве ў мужыцкім сэрцы, бунтуючы дух і падымаючы яго на паўстанні, той праўды, за якую лепшыя дзеці народа марнелі па астрогах, гібелі і чэзлі ў ссылках, на катарзе або ў росквіце жыцця складалі галовы па цёмных сутарэннях. I ўсе гэтыя мучанікі за праўду выклікалі здзіўленне і глыбокае спачуванне і з непераможнаю сілаю хілілі на тую цярністую пуціну пакуты, па якой ішлі яны.

Але разам з гэтым ясней выяўлялася і дваістасць таго стану, у якім цяпер апынуўся Лабановіч. З аднаго боку, ён — вясковы настаўнік — павінен праводзіць у жыццё пэўныя ідэі. Сэнс іх — замацаванне таго парадку рэчаў, у справядлівасць якога ён не верыць. Над ім ёсць вока, і гэтае вока не дрэмле. I не адно, а многа такіх вачэй. З другога ж боку, выконваючы сваю ролю, ён свядома пераходзіць у рады ворагаў народа. Ён станецца лгаром і проста нячэсным чалавекам, калі будзе ўбіваць праз школу ў дзіцячыя галовы гэтыя казённыя ідэі.

Прабаваў ён у сваіх разважаннях спыніцца на пэўных уступках — абыходзіць моўчкі ўсё тое, што спрыяе развіццю гэтых казённых прынцыпаў, накіроўваць думкі дзяцей на несправядлівасць сацыяльных парадкаў, абуджаць у іх грамадскую свядомасць, закідаць у іх душы зерне сумнення ў тым, ці добра ўсё тое, што прынята лічыць справядлівым.

Лабановіч успамінаў свае даўнейшыя разважанні аб ролі настаўніка, калі быў яшчэ ў Цельшыне. Падобныя мыслі прыходзілі яму і там, але тады не бачыў ён таго, што ведае цяпер, а толькі адчуваў гэта сваім сацыяльным чуццём. Аднак гэтыя кампрамісы не заспакойваюць яго. Настаўніку думаецца, што такія мыслі выходзяць ад таго згодніка, які жыве ў істоце чалавека.

Заспакоіцца і пагадзіцца на гэтым няможна. Трэба рабіць нешта іншае, трэба заспакоіць сваё грамадскае сумленне і выйсці з фальшывага становішча ашуканага чалавека, таго становішча, у якім знаходзяцца мільёны абдураных людзей. I такі выхад ён знаходзіць у Аксёне Калю.

Аксён Каль заходзіць да яго вечарамі. Навучанне хоць марудна, але пасоўваецца наперад. Аксён ужо нават можа і распісацца, што яго вельмі цешыць, але гэта яшчэ не сведчыць аб яго пісьменнасці. Чытае ён з друкаванага слаба, а з рукапіснага яшчэ горш. Распісацца ж ён навучыўся, бо распісванне — найболей часты від яго практыкавання ў пісьме. Дома практыкавацца яму няма калі, дый нязручна. Прыходзіцца здавольвацца тым, што набудзе тут. Але без практыкі гэты набытак нетрывалы, і Аксён часамі выказвае думку, што, можа, навукі з яго і хопіць. Настаўнік жа ўпарта насядае на яго, заахвочвае ісці далей. I яны па-трошку ідуць.

Але не гэтая навука складае галоўны змест іх вечароў — першае месца адводзіцца гутаркам на тэмы палітычнага характару. Аксён Каль аказваецца такім чалавекам, з якім гаварыць можна смела. Ён толькі трохі здзівіўся, пачуўшы ад настаўніка, што самы большы вораг народа ёсць цар, бо Аксён падзяляў агульную веру ў цара як у асобу, што стаіць па-над людскімі інтарэсамі, для якой аднакава блізкія інтарэсы ўсіх станаў насельніцтва, а калі на свеце і робяцца здзекі і несправядлівасці над бедным чалавекам, дык у гэтым вінаваты царскія дарадчыкі і ўсе гэтыя басякі: міністры, губернатары, земскія начальнікі, спраўнікі і ўсялякія іншыя чыны, якіх нават і не злічыш. Для Аксёна Каля цяпер якраз і нявыгадна было траціць веру ў цара, нявыгадна з чыста практычнага боку: яго не пакідала надзея адваяваць затокі ад пана Скірмунта, а для гэтага заставаўся адзін толькі спосаб — падаць прашэнне на царскае імя.