— Але падаюць жа людзі просьбы цару, і гэтыя просьбы ён прымае,— прабуе супярэчыць Аксён.
— Ну, вядома ж, каб гэтых просьб ён не прымаў, то іх і не падавалі б. Але якія просьбы задавольвае цар? Калі ў каго брыдкае прозвішча і ён хоча змяніць яго,— такую просьбу цар уважыць. Калі засудзяць каго, таксама цар можа зменшыць кару і можа нават зусім скасаваць яе. У такіх дробных выпадках, чаму ж? Цар памагае, бо трэба ж, каб людзі мелі веру ў яго. Але там, дзе закранаюцца інтарэсы дваран, памешчыкаў, цар ніколі не стане на бок сялян. I ў такіх разох кажуць: «Міністры не паказалі прашэння цару». Выходзіць так, што гаспадар добры, а вінаваты слугі. Глупства ўсё гэта, Аксён, і мана: цар ніколі не пойдзе супраць памешчыкаў, бо сам ён перш за ўсё ёсць памешчык. Цар Мікалай Першы так і сказаў на сходзе дваран і памешчыкаў: «Не забывайце, панове, што я ёсць першы сярод вас памешчык». Я вам, Аксён, і болей скажу. Вы ведаеце здарэнні, калі цар задавольвае просьбы. Але ці ведаеце вы такія выпадкі, калі цары высылалі хадакоў ад сялян у Сібір? А такія здарэнні былі.
Аксёна ў гэты момант найболей займаюць тоні.
— Дык выходзіць, што тоней ад пана Скірмунта не вырвеш? — пытае ён.
— Не вырвеш,— пацвярджае Лабановіч.
— I прашэнне, кажаце, не паможа?
— Не, не паможа,— упэўнена адказвае настаўнік.
— Ох, згінь жа яго маты!
Злосць забірае Аксёна. Перад яго вачамі ўстаюць суды, доўгая цяганіна з панам Скірмунтам і пройгрыш справы па ўсіх інстанцыях.
— Застаецца адно,— кажа Аксён, і вочы яго пабліскваюць злосцю,— прыдушыць, згінь яго доля!
— I гэта не паможа: у пана знойдуцца наследнікі, а таго, хто яго прыдушыць, згнояць у астрозе.
Аксён хмурыць лоб. Відаць, як блізка прымае ён гэта ўсё да сэрца. Мыслі яго шукаюць выхаду і гэтага выхаду не бачаць, а ў сэрцы ўзнімаюцца помста і злосць.
— I няўжо ж вечна будзе іх сіла і права? — як бы да самога сябе гаворыць Аксён.
— Гэтага не павінна быць і не будзе, але само нічога не зробіцца.
— А хто зробіць?
— Павінны зрабіць самі пакрыўджаныя.
— А як яны зробяць?
— Вось над гэтым і трэба падумаць. Перш за ўсё трэба перастаць верыць у цара і рассейваць гэтую пустую веру і ў другіх. Трэба ўсвядоміць, што ўвесь дзяржаўны цяжар нясуць на сабе гаротныя сялянскія спіны і мазолістыя рукі рабочых. На іх гарбах багацеюць і ад’ядаюцца ў гарадах розныя купцы і фабрыканты, а на зямлі — дармаеды-памешчыкі. Трэба ведаць, што намі камандуе нязначная кучка дваранства і багатых гандляроў на чале з царом. Трэба зразумець усю гэтую музыку, гэтую хітрую машыну, каб зваліць яе са сваіх плячэй. Але аднаго толькі ведання мала, трэба закладаць свае саюзы і арганізацыі. Чым большыя будуць такія арганізацыі, тым лягчэй будзе весці змаганне за сваё права і за сваё вызваленне.
Аксён слухае, згаджаецца, часамі трасе галавою.
— Ой, трудна зрабіць гэта з нашым народам! — кажа ён і робіць увагі, што народ у розныя бакі глядзіць, а іншаму дурню гэтага ніяк і ў галаву не ўваб’еш.
— Адразу, за адзін дзень, пэўна, не зробіш гэтага. Добра ўжо будзе, калі цяпер на сяле знойдзецца некалькі чалавек, што будуць падзяляць такія думкі і другім аб іх казаць... Толькі ж, Аксён, у гэтай справе павінна быць вялікая асцярога!
— Ну, гэта ж вядома.
Такія гутаркі вяліся на кватэры настаўніка спярша з Аксёнам. Потым далучыліся яшчэ двое, бацька і сын. Гэта былі суседзі Лабановіча. Старому Бязручку гадоў пяцьдзесят, а сыну яго Якіму ў гэтым годзе трэба на прызыў ісці. Стары Бязручка называў сябе казаком — яго продкі былі казакамі на Украіне, а потым перабраліся на Палессе. Стары Бязручка болей маўчыць. У яго зубах увесь час люлька тырчыць. Можа, гэтая люлька і ёсць прычына таму, што стары Бязручка бярэ малы ўдзел у размовах. Затое ж твар яго вельмі выразна адбівае ўсе рухі яго мыслей і пачуццяў. Часамі ён вымае з рота люльку, сплёўвае і робіць кароценькую заўвагу. Звычайна ж больш гаворыць рукамі. Асабліва мнагазначна махае ён рукою, калі гаворка заходзіць аб цару. Тады ён падыме вочы на царскі партрэт, не вымаючы з зубоў люлькі, і махне на яго рукою, і гэты мах гаворыць вось што:
— Карысці, брат, з цябе столькі ж, як з дзіркі, што ў мосце.
Абодва Бязручкі — людзі шчуплыя і белабрысыя. Калі стары Бязручка скупы на словы, дык сын гаворыць і за сябе і за бацьку. У той час, калі гаворыць Якім, бацька ўважна слухае, але не глядзіць на сына. I трудна наогул сказаць, куды ён глядзіць. Здаецца, абмяркоўвае ўвесь час нейкую надзвычай складаную жыццёвую задачу, але ён усё чуе, не прапускае нічога.