Гаварылася тут многа чаго: аб цяжкім стане народа, аб прывольным жыцці паноў і начальства, аб ашуканстве і здзеках над простымі людзьмі, аб тых прычынах, што выклікаюць такі парадак на свеце, што трэба рабіць, каб адваяваць сваё права, што гэта за людзі ўсе тыя, каго называюць сацыялістамі, чаго яны хочуць, за што пакутуюць, чаму іх караюць стражэй, чым забойцаў і канакрадаў.
— Але чаму нам бацюшка аб гэтым ніколі нічога не скажа? — пытае Якім.
— Як жа табе ён казаціме, калі ён з нашай цемры хлеб мае. Хто ж гэта пойдзе сам супраць сябе,— адказвае Аксён.— Поп, земскі начальнік, прыстаў, спраўнік — гэта, брат, усё адна шайка.
Часамі ж тэмаю гутарак былі і пракламацыі. Тым ці іншым спосабам траплялі яны і ў сялянскія рукі. Быў такі час, калі гэтыя пракламацыі таемнымі рукамі засоўваліся ў сялянскія вазы. Прыедуць, бывала, сяляне з рынку, пачнуць выбіраць з воза пакункі і знойдуць вузенькія доўгенькія лісточкі. Няграматны селянін паглядзіць на іх ды схавае ў кішэню, каб пры здарэнні паказаць чалавеку граматнаму. Паднясуць іх часам а. Мікалаю, дзяку ці ляснічаму.
Ляснічы паглядзіць, паглядзіць і — шась. Парве пракламацыю на дробныя шматкі, а потым вылаецца моцнымі словамі і кажа:
— Гэта ўсё жыдоўскія махінацыі. Ідзі і рукі памый. А калі зловіш гэтага сукінага сына, што падсоўвае такую сквернасць, дык цягні ў паліцыю. У паліцыю, і ніякіх.
— А чорт жа яго бацьку ведае, што яно тут пішацца,— адказвае селянін і вельмі шкадуе, што не ўдалося даведацца, аб чым гаворыцца ў лістках.
Калі пракламацыя пападзе ў рукі папа, ён злосна блісне вачамі і запытае:
— Дзе ты яе ўзяў?
— У саломе на возе знайшоў.
— Гэта ёсць багамерзкае пісанне, і пячаць антыхрыста прыбіта на ім. Такія рэчы трэба аддаваць у паліцыю. А яшчэ лепш, калі спаліць на месцы.
— А што ж тут, бацюшка, пішацца? — пытае праз меру зацікаўлены паляшук.
Бацюшка запальвае свечку, каб спаліць пракламацыю.
— Калі злы дух намерваецца спакусіць чалавека, ён абяцае яму залатыя горы. Вось і тут ён робіць тое самае. Ад гэтых прахвостаў, што пішуць такія лісткі, адступіўся Бог, і ў вар’яцтве сваім кажуць яны: «Няма Бога, і не трэба цара». Святое ж Пісьмо нас вучыць: «Усякая душа няхай слухае начальства, бо начальства пастаўлена ад Бога».— I а. Мікалай падпальвае пракламацыю.
А калі такая пракламацыя трапіць да дзяка, ён забірае яе, хавае ў кішэню.
— Я аддам яе старшыні, а старшыня перадасць па начальству.
У кватэры настаўніка пракламацыі давалі багаты матэрыял для гутарак. Гаварылася і па зместу пракламацый, і аб тых людзях, што складаюць іх.
Старога Бязручку дзівіць спрыт гэтых невядомых асоб, што так лоўка падкідаюць лістоўкі.
— Ну і лаўкачы, згінь іх маты: так падсунуць, што і не пачуеш!
XXII
Некалькі дзён ліў дождж.
Гразь непралазная, клейкая гразь затапляе дарогі. Каляіны заліты вадою. Па нізінах, як азёры, стаяць шырокія лужыны. Ні прайсці, ні абмінуць іх. Холадна, золка, пуста і глуха. Спустошаныя, знясіленыя, як бы памерлі гэтыя прасторы Пінскага Палесся. Толькі шэрыя плямы людскіх паселішч журботна туляцца да азызлай мокрай зямлі ды нейкімі прыкрымі шкілетамі выглядаюць аголеныя дрэвы.
Лабановіч досыць далёка адышоўся ад сяла, мінуў два ветракі ў полі і спыняецца перад вялізнаю лужынаю — не пяройдзеш тут. Глядзіць па баках — не абыдзеш: далёка па разорах, як тыя праменні, ад гэтае лужыны разыходзіцца вада. Цяпер ён бачыць сваю памылку: трэба было адразу накіравацца на чыгунку. Ісці назад далёка: амаль палавіна дарогі. Яшчэ паўвярсты — і пераезд, а за пераездам — грэбля. Там не будзе такой гразі. Стаіць, разглядаецца, мяркуе. Няўжо ж спыніць яго няшчасная гэта лужына? Ужо некалькі разоў важыўся ён у гэтую дарогу, не раз успамінаў Вольгу Віктараўну і сваё слова — пабыць у яе.
Настаўнік выходзіць на больш сухое месца, прыгінаецца, знімае хадакі, падкасваецца: «Ліха яго бяры, лёду няма, а можа, ногі не паадвальваюцца, а на пераездзе абуюся»,— думае. Раз і два. Ногі ўлазяць у халодную, як лёд, калатушу. Пякучы холад, здаецца, даходзіць да сэрца, але ён храбра цярэбіцца па гразі. Успамінаецца, як некалі малым бегаў босы коўзацца на лёдзе. Месцамі гразь і вада займае па калені. Нарэшце лужына канчаецца, і ён выходзіць на сушэйшае месца і тут прыпускаецца бегчы, адчуваючы незвычайную лёгкасць і ахвоту імчацца як мага шпарчэй. Бяжыць, а ў вушах гучыць украінская песня: «Ой, не ходы, Грыцю, тай на вечорныцю». Пакуль дабег да пераезда, ногі зрабіліся чырвоныя, як у бусла. Затое ж калі абуўся, дык адразу пачуў, як добра нагам.