Выбрать главу

Лабановіч захапляецца мыслямі аб вясне і аб вандроўніцтве. Ён забывае душную, гнілую школу Вольгі Віктараўны і гаворыць аб сваім жаданні павандраваць у вольны час летніх канікул.

— Ведаеце, Вольга Віктараўна, што ёсць добрага ў жыцці вясковага настаўніка?

— Па-мойму, нічога няма добрага,— скептычна адказвае Вольга Віктараўна.

— Няпраўда, Вольга Віктараўна,— ёсць!

— Ну, што, напрыклад?

— Вольнае лета. Скончыў работу ў школе — і ідзі куды хочаш, рабі што зажадалася.

— Так, з гэтага боку вы, бадай, і маеце рацыю,— згаджаецца Вольга Віктараўна.

— А што? Вось бачыце. Ніякая іншая служба не дае такога прыволля. I ведаеце, якія ў мяне ёсць мыслі?

— Да хто ж можа ведаць вашы мыслі?

— Той, хто пацікавіцца ведаць іх.

— Ну, то раскажыце.

— А вось якія мае мыслі: я хачу навучыцца рабіць фатаграфічныя знімкі, хачу купіць апарат. Вясною падбяру сабе кампанію вольных вандроўнікаў... У дэталях я яшчэ не прадумаў плана, а ў асноўных рысах ён такі — абысці пехатою цэлы раён, апісаць яго, сабраць народныя песні, легенды і іншыя віды народнай творчасці, багата ілюстраваць сваё падарожжа фатаграфіямі... Хачу сабраць цэлую галерэю ведзьмароў, вядзьмарак, шаптух і шаптуноў, бо гэты тып вымірае, і захаваць яго такім чынам для навучання патомкаў.

— А ваш план мне падабаецца,— ажыўляецца Вольга Віктараўна.— I сапраўды, у ім ёсць, калі хочаце, паэзія і сваё хараство.

— Паэзіі тут і не абярэшся! — падхватвае Лабановіч.— Новыя мясціны, новыя людзі, негаданыя прыгоды падарожжа, начлег дзе-небудзь на ўлонні прыроды, касцёр, цёмнае неба і ясныя зоры... I сярод усяе гэтае абстаноўкі вы будзеце слухаць апавяданне якога-небудзь баечніка-дзеда аб падзеях мінулага, дзе праўда і фантазія пераплятаюцца ў дзіўных злучэннях.

— Вы так цікава расказваеце, Андрэй Пятровіч, што мне ўжо хочацца пусціцца з вамі ў дарогу, калі прымеце ў сваю кампанію.

— Аб цікавых рэчах нельга расказваць нецікава,— заўважае Лабановіч,— а супраць таго, каб мець вас у кампаніі, я абсалютна нічога не маю. Нават больш вам скажу: такою кампаніяй я зусім задаволюся і калі каго прыму, то толькі не свайго брата мужчыну.

Пры гэтым Лабановіч зазірае ў вочы Вользе Віктараўне з хітраватаю ўсмешкаю, каб сказаць гэтым поглядам тое, чаго не даказаў словамі.

Вольга Віктараўна з прыкідлівым дакорам глядзіць на суседа і ківае галавою.

— I ўсе ж вы, мужчыны, на адзін капыл пароблены! — дадае яна.

Малання прынесла самавар.

— Ну, будзем чай піць і пагутарым аб вашым вандроўніцтве.

Вольга Віктараўна прыбірае стол, зрэдку перакідаючыся з суседам кароткімі сказамі.

— Ведаеце, Вольга Віктараўна,— гаворыць Лабановіч, седзячы за сталом,— апроч жартаў, я сур’ёзна думаю над сваім вандроўніцтвам. Але я бачу ў ім і не толькі адну паэзію — тут можа быць і нецікавая проза. Ды справа не ў гэтым. Я хачу бліжэй прыгледзецца, як людзі жывуць, чым жывуць і што яны думаюць. Такое жаданне з’явілася ў мяне нядаўна... Вы ведаеце, што раблю я цішком? — ціха пытае Лабановіч.

Вольга Віктараўна глядзіць на яго.

— Напэўна, прапаганду ведзяце?

— Іменна. Крамольныя ідэі прапаведую.

— Ну?!

Настаўніца яшчэ больш ажыўляецца, і ў вачах яе іскрачкі пабліскваюць.

— Што вы на гэта скажаце? — пытае яе.

— Маладзец вы, Андрэй Пятровіч! Ад душы поспеху жадаю вам. Цікава ж, як вы гэта робіце?

— Покі што ў мяне ёсць тры асобы, сяляне, і адзін з іх чалавек вельмі сур’ёзны. На яго можна палажыцца, як на каменную сцяну. Вечарамі сяды-тады ён заходзіць да мяне, і я вучу яго, бо ён непісьменны, а побач з гэтым вяду гутаркі на розныя «крамольныя» тэмы. Прыходзяць і яшчэ двое, бацька з сынам. Цікавыя тыпы!

— А як жа вы натрапілі на іх, сабралі? — пытае Вольга Віктараўна.

— Ды проста прыглядаюся да людзей, прыслухоўваюся да іх слоў, выпрабоўваю іх патрошку.

— I яны слухаюць?

— Вельмі ўважна. Наогул работу з імі можна рабіць. Адно толькі шкодзіць — няма адпаведнай літаратуры.

Лабановіч расказвае сваю гісторыю з нелегальнаю кніжачкаю.

— Сёе-тое і ў мяне знойдзецца,— кажа настаўніца.

— Калі ласка, ужычце мне,— просіць яе Лабановіч.

Вольга Віктараўна зараз жа ўстае, капаецца ў сваіх патайных сховах і вымае некалькі тоненькіх брашурак.

— Вазьміце і скарыстайце, ды толькі вярніце мне.

Лабановіч бегла знаёміцца з кніжачкамі і хавае іх.

— Як вы думаеце, Вольга Віктараўна, якім парадкам магла трапіць да мяне на ганак кніжачка Івана Вольнага?