Выбрать главу

— У Пінску ж напэўна ёсць рэвалюцыйная арганізацыя. I нехта разумны дагадаўся падкінуць вам гэтага Івана Вольнага.

— Напэўна, так яно і ёсць,— згаджаецца Лабановіч.

— Я гэтымі днямі збіраюся ў Пінск. У мяне там ёсць знаёмыя. Праз іх можна звязацца з арганізацыяй. Тады літаратуры будзе даволі... Вот гэту работу я разумею!

Вольга Віктараўна зусім ажыўляецца. Яна толькі шкадуе, што ў яе няма пакуль што такіх людзей, з якімі б можна было таксама заняцца чытаннем нелегальных кніг, але цешыць сябе тым, што ўвойдзе ў арганізацыю і арганізацыя ёй дапаможа.

Яны доўга сядзяць і гавораць. Вольга Віктараўна паказала тоўсты рукапісны сшытак, дзе было многа розных рэвалюцыйных песень і вершаў.

Калі Лабановіч ішоў дадому, ён думаў аб сваёй нелегальнай рабоце і аб Вользе Віктараўне. У яе асобе ён бачыў першую такую дзяўчыну і прасякся да яе вялікаю павагаю.

ХХІІІ

Сякія-такія змены адбыліся ў Высокім за гэты час. Прыехаў новы пісар Мацей Дулеба, бо чарнявага Раманчыка, ранейшага пісара, забралі ў салдаты.

Калі гэта сталася фактам, старшыня Захар Лемеш упаў у стан жальбы і адчаю. Колькі жалю і спачування было выказана тут Раманчыку!

— Эх, Хведзя, Хведзя, друг ты мой любы! Не думаў я і не гадаў разлучыцца з табою.

Старшыня апускае вочы і журботна звешвае галаву, як тая ўдава, пахаваўшы мужа. I тады ўжо сам пісар выступае ў ролі суцяшальніка.

— Нічога, Захарка! Прыедзе другі пісар, і будзеце жыць і работу рабіць.

Пры гэтым Раманчык стукае старшыню па шырокім плячы. Самому ж яму здаецца, што другі пісар ніколі не будзе такі дзялок, як ён. Ён хоча пачуць гэта ад старшыні. I старшыня яму кажа:

— Не, брат Раманчык, не, Хведзя, не нажыву я другога такога пісара, як ты.

На некаторы час яны змаўкаюць, апускаюць галовы, супольна аддаюцца журботным пачуццям.

— Э! Ёсць чаго смуткаваць! — адзываецца першы Раманчык і заліхвацка махае рукою.— Знойдуцца людзі, а мой тут і след загіне, і памяць пра мяне памрэ.

Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць. З яго даволі будзе, калі ён трапна прыложыць адпаведныя чужыя словы. I ён прыводзіць іх са Свяшчэннага Пісання:

— Чалавек — яко трава: дні яго, яко цвет сельны, тако адцвітуць.

Не ведае старшыня, што адказаць на гэта, а адказаць нешта трэба. Ён перш цмакае, а потым гаворыць, і горкае нездаваленне чуваць у голасе яго:

— Адцвітуць, адцвітуць! Рунда, яны адцвітуць!

Гэтае спачуванне канчаецца тым, што пісар пасылае дзеда Піліпа па тузін піва.

Прытарабаніўшы цэлы кош піва, дзед гаворыць:

— Не нажыць нам такога паныча, няхай дае вам Бог здароўе.

I на яго долю перападае не адна шклянка піва.

Тым не меней Раманчык саступае месца другому пісару, яго словы са Свяшчэннага Пісання спраўдзіліся: памяць аб ім аказваецца не такою трывалаю, як можна было б думаць, прыняўшы пад увагу смутак старшыні. Захар Лемеш дружна жыве і з новым пісарам, бо і прыказка такая ёсць: «Пісар са старшынёю, як муж з жаною». А памяць аб Раманчыку так і заглухла, і толькі я цяпер успамінаю яго, але за гэты ўспамін ён, можа, і дзякуй не скажа мне. I мала таго што заглухла: Захар Лемеш выяўляе да некаторай ступені і здрадніцтва ў адносінах да Раманчыка, бо не прайшло і тыдня, як наехаў сюды Мацей Дулеба, а старшыня ўжо гаворыць:

— О, гэты, брат, яшчэ мудрэйшы за таго!

Мацей Дулеба наўперад быў настаўнікам. Але захацелася яму закаштаваць хлеба валаснога пісара як болей смачнага і прыбытнага. З Лабановічам яго звязвала нядаўняя настаўніцкая прафесія, і ён прызнаўся Андрэю, якім спосабам дабіўся пісарскай пасады:

— «Кацьку», брат, падсунуў графу.

Гэта значыць — даў графу, земскаму начальніку, сто рублёў, бо на царскай сторублёўцы быў партрэт царыцы Кацярыны.

Будучы пісарам, Дулеба не забывае і некаторых былых сваіх настаўніцкіх звычак. Так, з часоў настаўніцтва захоўваюцца ў яго ахвота і здольнасць чытаць у царкве «апостала».

— Вось вы паслухайце, як добрыя людзі чытаюць «апостала»,— хваліцца пісар.

Царкоўны стараста Грыгор Крэшчык, пачуўшы такую навіну з вуснаў самога пісара, прасякаецца да яго незвычайнаю пашанаю. Круглы буйны твар старасты свеціцца, як сонца. Угодлівы смех коціцца гарохам. Ён не можа стрымацца, каб не раззваніць аб здольнасцях Дулебы, і старанна падрыхтоўвае грунт для славы новага пісара як незвычайнага мастака чытаць «апостала».

У першы ж дзень набажэнства прыходзіць пісар у царкву, займае месца на клірасе побач з дзяком Бацяноўскім. Да іх далучаецца Кандрат Крэшчык, сын старасты, і Кандратаў сын Пятрук, якога дзед хоча вывучыць на дзяка. I яшчэ двое сялян праціскаюцца на клірас, бо яны таксама спявалі і часамі так гукалі «Госпадзі, памілуй», што не адна пара вачэй паварочвалася ў іх бок, а некаторыя гаварылі: