— О, здорава, згінь яго маты!
У некаторыя ўрачыстыя дні царкоўнага набажэнства складаецца саматужны хор. Ніхто ім не кіруе, спяваюць самапасам, як хто ўмее. Дзяк у справы кіравання хорам не ўмешваецца. Ён проста не ўмее, але ў такіх выпадках спасылаецца на словы Свяшчэннага Пісання: «Хваліце Бога на трубах, на арганах, на гуслях, на дудках, на цымбалах...» Ну, словам, як хто хоча, абы толькі хваліў. Такім парадкам у кожнага спевака выпрацоўваецца свая манера спяваць. У звычайныя ж дні на клірасе стаіць толькі дзяк і спявае адзін. Спявае ён, гледзячы як калі. Пачне як чалавек, а кончыць чорт ведае як — дзікаю піскліваю фістулаю. А то проста на сярэдзіне спеваў спыніцца і высмаркае нос, калі гэтая прылада спеваў так ці іначай забастуе, неакуратна праводзіць насавыя ноты.
Не вельмі ўважны да набажэнства і а. Мікалай, асабліва на вячэрнях, калі народу ў царкве мала. Вячэрня прапускаецца борзда. Поп толькі расчыніць губу, каб выгукнуць некалькі святых слоў, а дзяк падхватвае на ляту або перабівае і цягне сваё. А часамі а. Мікалай, адпраўляючы набажэнства, умудраецца перагаварыць з Крэшчыкам аб гаспадарскіх справах. Звычайна рабілася гэта так.
Айцец Мікалай заводзіць:
— «Благословенно царство всегда ныне и присно и во веки веков...»
А дзяк цягне:
— Амінь.
Вось у гэты момант, калі яго змяняе дзяк, а. Мікалай і гаворыць:
— Прадай мне, Грыгор, сваю карову.
Пачуць ад Грыгора адказ зараз жа не заўсёды ўдаецца, бо дзяк сваё канчае. Тады а. Мікалай заводзіць новы выгалас, каб дзяк не заставаўся беспрацоўным. Дзяк спявае, а Грыгор у гэты час кажа:
— Купляй, бацюшка.
— Колькі ж ты за яе хочаш?
Ізноў не ўпраўляецца пачуць адказу, бо дзяк чакае.
— «О изобилии плодов земных и временех мирных Господу помолимся!»
Дзяк спявае «Госпадзі, памілуй», а Грыгор назначае цану каровы:
— Сорак пяць рублёў.
— А яна ў цябе не перадойка?..
— «О плавающих, путешествующих, страждущих, недугующих и плененных и о спасении их Господу помолимся».
Дзяк зноў спявае, а Грыгор адказвае:
— Не! Пабегала! Каля Міколы ацеліцца.
Такім парадкам правіцца набажэнства і таргуецца карова.
Цяпер жа, калі на клірасе стаіць пісар Дулеба, адчуваецца некаторая напружанасць. Спевакі баяцца аскандаліцца перад новым чалавекам, ды яшчэ валасным пісарам, і трымаюць галасы ў граніцах пэўнай дысцыпліны. Сам пісар непрыметна пераходзіць на ролю рэгента. Выгляд яго страшны. Хоць ён чалавек і малады — яму толькі дваццаць восем гадоў,— але барада вырасла, як у добрага старавера. Ён нават і падобен да старавера. З першага погляду яго бараду можна было назваць рыжаю, але яна была не рыжая, а так сабе светлаватая. Гледзячы на бараду, растуць і бровы, грозна навісаючы над светла-сінімі, пранізлівымі, як у дзеда Піліпа, вачамі. Ад стыку брывей пачынаецца яго нос з усімі адзнакамі носа-волата. Каб галаву дзятла павялічыць разоў у дваццаць і адпаведна з гэтым дадаць яму светла-русую бараду, то яго галава мела б вельмі блізкае падабенства да пісаравай.
Стоячы на клірасе, пісар прыпускае часамі баса, але не на ўсю сілу: сіла голасу яго выявіцца ў часе чытання «апостала». Хор прыслухоўваецца і цягне за пісарам. У тых жа выпадках, калі чуецца выразны фальш або збіванне з тону, пісар трасе галавою, махае рукою, перахватваючы спевы і змушаючы хор падпарадкавацца яму.
Але набліжаецца момант чытання «апостала». Пісар знайшоў ужо і адпаведнае месца ў святой кнізе. Вось ён, спусціўшы вочы, выходзіць на сярэдзіну царквы, займае пазіцыю супраць царскіх дзвярэй. Айцец Мікалай падрыхтоўвае парафіян да слухання слоў святога апостала. Нарэшце паміж папом і пісарам, чытальнікам «апостала», адбываецца невялікая перамова, што патрабуецца рытуалам, пасля чаго ўжо Дулеба прыступае да чытання.
— Браціе! — расцяжна гудзе пісар, пачынаючы з самай нізкай басовай ноты, як шэршань у пустым асінавым дупле.
Пачаўшы так нізка, што ніжэй і пачаць нельга, пісар чым далей, тым болей павышае тоны. Голас яго наўперад глуха шуміць, потым пераходзіць у гром, дрыжыць, звініць, вые, штораз мацнее, змяняецца злосным, адчайным крыкам, але поступ яго ўгору ўсё не спыняецца. Перад самым канцом чытання ён забіраецца ў такую вышыню, што людзям страшна робіцца за пісара: вось-вось, здаецца, не вытрымае, трэсне, рассыплецца, або разарвуцца ўсе яго жылы і пуп, або проста з ім зробіцца нешта такое, чаго ў царкве няможна рабіць.