Выбрать главу

Народ заціх. Адна маладзіца прыткнула вуха. Грыгор Крэшчык высунуў галаву з бакавых дзвярэй алтара, на твары яго красуецца найшчаслівейшая ўсмешка. А Дулеба робіцца чырвоным, як бурак, нос-волат больш і больш задзіраецца ўгору, і апошняя нота вырываецца жудасным завываннем, не сарваўшыся, аднак, з агульнага тону.

Зачараваны і здзіўлены стараста ў захапленні кажа:

— А-а-а! Во голас!

Пісарскі трыумф поўны, а вянец гэтага трыумфу — просвіра, якую і падносіць яму Крэшчык у канцы абедні на срэбранай талерцы па загаду а. Мікалая.

Такім парадкам, пісар Дулеба адразу здабывае сабе славу і ставіць яе на моцны грунт, бо ён і настаўнік, і пісар, і спявак, і вельмі добры выпівака. I з сялянамі ён умее ладзіць. Калі часамі, праходзячы па вуліцы, пісар пачуе, як хто-небудзь з сялян крычыць на жывёлу і выказвае пажаданне, каб яе з’елі ваўкі, ён заўважыць:

— Нашто яе будуць есці ваўкі? Скажы лепей — няхай цябе пісар з’есць!

Часамі ён і праборку зробіць каму, але зробіць умеючы, і на яго нельга пакрыўдзіцца. З людзьмі сходзіцца борзда і адразу ўваходзіць у ролю панібрата. З Лабановічам сышоўся ён яшчэ барзджэй. Заходзіць да яго часамі, каб пагутарыць аб школьных справах, бо яны яму не чужыя і настаўніцкую ён пасаду любіць, а пісарам зрабіўся пад уплывам жонкі, жанчыны разумнай і практычнай.

— Ну, пасылай, брат, па піва,— кажа ён, бо любіць-такі выпіць.

На выпіўкі пісар страчвае не адну ноч, асабліва калі паедзе ў Пінск. Наогул, чалавек ён кампанейскі. Выпіўшы, трохі буяніць, за што пападае часамі ў паліцыю.

Тым часам у школе адбылася яшчэ адна падзея, сведкам якой быў таксама і Дулеба.

Было гэта ў сярэдзіне зімы. Заходзіць пісар у школу.

— Ну, Андрушка, пускай дзяцей, ды паедзем у Пінск. Годзе табе ўжо марнавацца тут.

Паездка гэтая была якраз на руку настаўніку.

— Паабедаем і паедзем.

Заходзяць у кватэру.

— Ганна! — кліча Лабановіч старожку.

Ганна не адклікаецца. Настаўнік заходзіць у кухню. Юста ціхенька сядзіць каля печы.

— А дзе маці? — пытае настаўнік.

— У кладоўцы.

Кладоўка тут жа, поруч з кухняю. Выходзіць Ганна.

— Давай, Ганна, абед!

Ганна дастае з печы гаршчок, ставіць яго на стол, а сама зноў знікае.

Патраўка была нецікавая. Госць і гаспадар пабоўталі трохі лыжкамі і забракавалі яе.

— Кінь! — гаворыць пісар.— Заедзем да Карамблюма, рыбкі з’ямо з піўком.

— Не, брат, стой,— можа, другое будзе лепшае,— кажа Лабановіч, бо яму трохі нялоўка перад пісарам за няўдалую патраўку.

— Ганна! — гукае ён.

Ганны не чуваць.

Лабановіч зноў ідзе ў кухню.

— Куды дзелася маці?

— У кладоўцы,— адказвае Юста.

— Што ж яна робіць там? — злуецца настаўнік.

Юста апускае вочкі. Можа, яна ведае, а можа, нічога не цяміць.

— Не ведаю,— чуецца адказ.

Толькі што нарыхтаваўся Лабановіч гукнуць Ганну і раптам спыніўся: з кладоўкі даносіцца: «Куга! куга!»

Усё гэта зрабілася нейк вельмі борзда і зусім неспадзявана для настаўніка, бо ён быў упэўнены, што Ганна сыдзе на гэты час да каго-небудзь з сялян. На першых часах ён прыходзіць у замяшанне. На дварэ — зіма, у кладоўцы мала чым цяплей, як на дварэ.

Лабановіч бяжыць у свой пакойчык, дзе яго чакае пісар.

— Ведаеш, брат Мацей, што?

— Ну?

— Ганна ў кладоўцы абрадзінілася!

— Што ты кажаш? — і пісар пасміхаецца ў бараду.

— Трэба ж нейкую раду даваць!

— Бадай яна спрахла,— гаворыць пісар,— колькі клопату нарабіла! Акалее, падла, там!

Удвух бягуць яны да фурмана Аўменя і клічуць яго на падмогу. Аўмень ідзе ў кладоўку, і праз хвіліну на парозе паказваецца бязносая Ганна. Яна трымае на руках дзіця, а Аўмень вядзе яе пад паху. Юста рассцілае нейкія бэбахі на тапчане, куды і пераходзіць Ганна разам з народжаным сынам. Той жа Аўмень бяжыць па бабку. Сяк-так справу ўладзілі.

Пісар і настаўнік едуць у Пінск.

XXIV

— Давай, Андрушка, наладзім хор! — казаў раз пісар Лабановічу.— Я табе памагу. Разумееш ты, зусім іншы каленкор, калі ў царкве спявае добры хор.

— I калі «апостала» чытае Мацей Дулеба,— у тон пісару дадае Лабановіч.

— А што ж, па-твойму, я кепска прачытаў «апостала»? Вось ты не прачытаеш так,— крыўдзіцца трохі пісар.— I «апостала» прачытаць трэба ўмець.

— Ды я і не бяруся чытаць. I наогул, не разумею, нашто гэта бушаванне ў царкве? Хіба нельга прачытаць проста і натуральна? А то раве чалавек, як бугай напрадвесні, аж вочы на лоб лезуць. Хіба гэта ўжо так прыемна Богу? Ці ён глухі?

Пісар яшчэ больш крыўдзіцца.

— Можна было б сказаць гэта і больш далікатна,— заўважае ён.— Ты ж думаеш, што ты толькі адзін такі вальнадумец? I я, брат, быў вальнадумец, але глупства гэтае з часам прайшло, пройдзе яно і ў цябе.