Выбрать главу

Настаўнік падыходзіць да акна. За акном, каля саменькае сцяны, дзе стаіць круглаверхі клён, цяпер халодны і аголены, густа-густа збіраецца мрок, нібы гэтая цёмная ноч паставіла тут свайго вартаўніка. Скрозь парадзелыя дрэвы папоўскага саду свеціцца акно ў кватэры пападзянак, свеціцца бледна-зеленаватаю плямкаю. Яшчэ глыбей у двары відаць і дзякоўскае акенечка, як воўчае вока. I здаецца, далёка ад жыцця, у заняпалым кутку яго, мігцяць гэтыя вокны. Няветла там і журботна.

Ён адыходзіць ад акна і паволі шнуруе ад сцяны да сцяны па пакойчыку. Кухня даўно супакоілася, і толькі цяпер кугакае дзіця. Гэта Ганнін сын Кірыла, што нарадзіўся ў кладоўцы, заяўляе там аб нейкіх сваіх правах. Варушыцца Ганна, ціхенька супакойвае дзіцянё і штось ласкава-ласкава гугніць свайму маленькаму сыну. Нездаволеная паводзінамі брата, абуджаецца і Юста. Яна сярдзіта нешта гаворыць, відаць, злуецца на Кірылу, што перашкаджае ёй спаць.

— Спі ты, згінь твая маты! — прыдушаным голасам, каб не трывожыць настаўніка, напускаецца яна на Юсту. I ў кухні зноў усё заспакойваецца.

Лабановіч успамінае, калі нарадзіўся ў Ганны сын, і дзівіцца, як яна засталася жывою. Тады ён прывёз ёй з Пінска паўпляшкі гарэлкі, каб было чым пачаставаць бабку. Айцец Мікалай, дачуўшыся аб гэтым, быў надзвычай задаволены паводзінамі настаўніка і ў сваю чаргу, каб не адстаць ад яго ў дабраце, прыслаў Ганне вялізны каравай на радзіны.

Адзін толькі дзяк Бацяноўскі трохі іначай тлумачыў сабе ўчынкі свайго суседа.

Было ўжо досыць позна. Лабановіч успамінае спрэчку з Мацеем Дулебаю. Настаўнік верыць, што пісар і сапраўды ліха яму не зробіць, бо ён, хоць і думае іначай, чалавек добры і без хітрыкаў. Яго толькі дзівіць, што патайная работа выходзіць наверх, аб ёй ужо ходзяць чуткі. Ну, што ж? Трэба гэта прыняць пад увагу і трымацца больш асцярожна.

I, ужо лежачы ў пасцелі, ён абмяркоўвае спосабы, як праводзіць далей работу, а для таго, каб адвесці сляды, можа б, не пашкодзіла і сапраўды, як кажа пісар, наладзіць з яго дапамогаю невялічкі хорык?

XXV

У студзені 1904 года пачалася вайна з Японіяй.

I сама гэтая Японія, і тыя прычыны, што спарадзілі вайну, былі не вельмі вядомы шырокім колам насельніцтва, асабліва вясковага. А толькі цяпер сялянская мова пабагацела на два словы: «Апонія і апонцы», але за гэтымі словамі хаваўся вельмі цьмяны змест, як быў цьмяным і самы сэнс вайны.

Праўда, і па цёмных закутках неасяжнай Расіі знаходзіліся храбрыя і надта ўспанялыя палітыкі-ваякі, для якіх усё тут было проста і ясна. Усю сваю мудрасць і празорлівасць яны выказвалі ў двух кароткіх пунктах: 1. Японцы — гэта макакі, або жаўтамордыя малпы. 2. Белы цар, цар-бацюшка, намне ім шыі так, як яны таго і не снілі, бо хто не адчуваў на сабе сілы царскага кулака? I пры гэтым адважны палітык-ваяка, седзячы ў цёплым пакоі і папіваючы гарбатку з каньячком, згортваў кулак і трос «япошкам».

Цар Мікалай зараз жа падпісаў маніфест, паведамляючы, што дзёрзкі вораг напаў ні з таго ні з сяго на нашу эскадру ў Порт-Артуры, напаў спотайку, як злодзей, не паведаміўшы, не абвясціўшы вайны, за што і трэба пакараць яго, заступіцца за гонар Андрэеўскага сцяга, а таму і абвяшчаецца японцам вайна. Цар не забыўся прыхапіць на свой бок і Госпада Бога, выказваючы надзею на сілу рускай зброі. Ён зварачаўся да вернага прастолу дваранства і вернападданых сялян, заклікаючы іх выканаць свае абавязкі і спадзеючыся ад іх усялякага геройства, якога ў нас ніколі не бракавала.

Следам за маніфестам пачаліся выбухі казённага патрыятызму, але ўражанне ад іх было вельмі нязначнае. Газеткі казённага кірунку, знаходзячыся на ўтрыманні казны, стараліся раздзьмуць патрыятызм і пасеяць нянавісць да японцаў, не шкадуючы фарбаў, каб паказаць усю іх азіяцкую некультурнасць і нікчэмства.

Герояў і геройства, якога чакаў цар, было не так многа. Сапраўдным героем аказаўся адзін толькі крэйсер «Вараг». Дзесь на моры каля Чэмульпо ён сутыкнуўся з японскімі караблямі праз некалькі гадзін пасля таго, як японцы напалі на нашу эскадру ў Порт-Артуры і моцна пакалечылі браняносцы «Цэсарэвіч», «Рэтвізан» і крэйсер «Палада». Біўся «Вараг» з пераважнымі сіламі японскай эскадры. Каб не здавацца ў рукі ворагу, «Вараг» падарвалі і падтрымалі славу рускага флоту. Геройства «Варага» скаланула Расію. Замільгацелі імёны генералаў і адміралаў. Хоць яны геройства яшчэ і не зрабілі, але маглі зрабіць, таму іх і разглядалі як герояў. Іх было многа: Аляксееў, намеснік цара на Далёкім Усходзе, Безабразаў (ён якраз і адпавядаў свайму прозвішчу), Старк, Вірэн, Стэсель, Фок, Засуліч, Зарубаеў, Самсонаў, Раненкампф, Грыпенберг, Каульбарс, Бірдэрлінг (ён нават і героем аказаўся: скінуўся з каня і выбіў сабе плячо), Мішчанка (ён быў моцны кандыдат у героі, але з гэтага нічога не выйшла). А замыкалі гэты доўгі ланцуг герояў такія сланы, як Курапаткін і Ліневіч.