Аўмень змаўкае і хавае нейкі, як бы вінаваты, смех пад вусамі. Не то ад таго, што пісар сказаў так трапна, ці так з якой прычыны.
Вестка аб вайне борзда абходзіць сялянскія хаты, а каля фурмана Аўменя і дзеда Піліпа на зборні збіраецца кучка палешукоў. Аўмень — асяродак увагі. Вочы ўсіх падняты на яго. Такая ўвага надае Аўменю важнасці і гонару. Ды калі сказаць праўду, ён вышэй тут стаіць за ўсіх, у яго ёсць знаёмыя чыноўнікі ў Пінску — на пошце і ў казначэйстве. Ад іх можна шмат чаго даведацца.
— Напалі на нашы караблі! — дзівіцца дзед Піліп, і вочы яго выкочваюцца, як у рака, наверх.
— I здорава пабілі! — важна сцвярджае Аўмень.
— Пабілі? — падхопліваюць слухачы.— Вось, згінь іх маты.
— I самыя лепшыя караблі. Там былі такія гарматы, што стралялі на дваццаць вёрст. Такія гарматы мае толькі адна Ангелька.
— I як яны пабілі, каб іх гром пабіў? — пытае дзед Піліп і стукае рукамі па сцёгнах.
Усе пазіраюць на Аўменя.
— Міны пусцілі,— кажа Аўмень.
— Го, каб яны кроўю пусцілі! — злуецца дзед Піліп.— Гэта ж каб такія гарматы паставіць у Гарадышчы, дык яны б і да Лунінца данеслі!
Дзядзьку Есыпу хочацца дазнацца прычын вайны. Аўмень ведае і гэтыя прычыны. Але ён пакуль што маўчыць, бо ўсё роўна апошняе і самае важнае слова будзе яго, а цяпер няхай сабе пагавораць яны.
— I вось, скажы ж ты, не паладзілі за невашта.
— Ды ўжо калі хто захоча пабіцца, то прычыну знойдзе.
Дзеда Піліпа прычыны вайны мала цікавяць. Яму вельмі абходзяць гарматы, што страляюць на дваццаць вёрст.
Сярод палешукоў падымаецца шум. Кожнаму хочацца як-небудзь адгукнуцца, выказаць сваё меркаванне аб прычынах вайны, але нікому не ўдаецца сказаць трапна, каб усіх задаволіць.
Аўмень слухае і хавае смех пад вусамі.
— Японцы вось чаго хочуць,— кажа ён,— яны запатрабавалі ад нашага цара не мяшацца ў справы Кітая. Мы і кітайцы,— кажуць яны,— свае людзі. А ў цябе і так зямлі свае многа. Рабі, кажуць, парадкі ў сваёй Расіі, а нашай Азіі не чапай.
— А гэта што ж, палюбоўніца іх, ці што? — пытае дзед Піліп.
— Якая табе палюбоўніца? Краіна іх так называецца,— тлумачыць Аўмень, і дзеда Піліпа падымаюць насмех.
— А чорт жа іх бацьку там ведае,— апраўдваецца дзед Піліп,— і за бабу часамі б’юцца людзі.
— А наш цар, значыцца, не схацеў і дулю ім паказаў,— чуецца голас.
Міхалка, якога дзядзька Есып прасіў, каб яго ўдарыў, увесь час маўчаў, потым пачухаў патыліцу і заўважыў:
— А ўсё ж нашаму брату прыйдзецца аддувацца сваімі бакамі.
I некалькі рук чухаюць патыліцу.
У кватэры пісара таксама ідзе гутарка аб вайне.
— От, згінь твая доля! — гаворыць старшыня, гаворыць так, як бы ўсе згрызоты і цяжар вайны леглі на яго плечы.— Вось не было яшчэ клопату!.. Гэта рунда, што там папсавалі трохі караблі. Але няхай ён вылезе на бераг!
— Яму і дадуць вылезці на бераг, сумысля дадуць, каб потым патапіць усіх к чортавай матары!.. Гэта, брат, ім не хаханькі!
Пісар сказаў гэта так энергічна і так грозна ссунуў бровы, што старшыня зусім заспакойваецца за лёс вайны і за нашу перамогу.
— I далёка ж, мусібыць, падла Апонія гэтая? — пытае старшыня.
— Далёка, брат, адгэтуль і не згледзіш,— жартуе пісар.
— Вось і нашага Раманчыка каб не пагналі на вайну,— успамінае Захар Лемеш аб нядаўнім сваім прыяцелю.
— Куды яго пагоняць! — адказвае зняважліва Дулеба.— Там сваіх войскаў хопіць, сібіракоў.
— Так,— адзываецца Лабановіч як бы на свае думкі,— даўно Расія не ваявала.
Гэтая вайна робіць на яго моцнае ўражанне і захапляе неспадзяванасцю падзей. Яму даводзілася многа чытаць ваеннай літаратуры, запісак, раманаў, пераважна з гісторыі рускіх войнаў. Захапляла апісанне баёў, як апісанне Барадзінскага бою ў рамане «Вайна і мір». З асабліваю цікавасцю накідаўся ён на тыя творы, што былі спецыяльна прысвечаны войнам. Пад уплывам тэндэнцыйнага і аднабаковага асвятлення іх, выпуклення гераічнага боку і наўмыснага закрывання вачэй на цёмныя бакі ў Лабановіча злажылася ўяўленне, у корані фальшывае, аб ваяцкіх здольнасцях царскай Расіі і аб яе непераможнасці ў вайне. Вось чаму і цяпер ён падзяляў моцную ўпэўненасць у тым, што Японія ў гэтай вайне будзе пабіта, як падзялялі гэтую ўпэўненасць і дзесяткі тысяч адураных фальшывым аднабокім выхаваннем людзей.
Лабановіч пільна сочыць за разгортваннем ваенных падзей на Далёкім Усходзе, знаёміцца больш падрабязна з Японіяй, з яе бытам і тэхнікаю, чытае газеты, не прапускае ні аднае заметкі аб вайне самага нікчэмнага ваеннага карэспандэнта.
Неўзабаве ў школу прыязджае інспектар народных школ для рэвізіі. Інспектарская рэвізія — гэта свайго роду страшны суд для вясковага настаўніка. Інспектар можа зрабіць з настаўнікам усё, што захоча: пазбавіць пасады і наогул нарабіць усялякіх згрызот і непрыемнасцей. Адносіны да настаўніка ў яго афіцыйныя, строга начальніцкія. Інспектар адчувае сваю сілу над настаўнікам, глядзіць на яго звысоку, рэдка дарыць усмешкай. Ні на адну хвіліну не дае забыць аб розніцы паміж ім і настаўнікам: ты — нішто, я — усё. Голасна гаварыць, ступаць на ўсю ступу пры інспектару не палагаецца: кожны рух, кожнае слова павінны выказваць павагу і трэпет перад інспектарам. Калі ён уваходзіць у школу, настаўнік павінен ісці на два крокі ззаду, а ў школе зусім касавацца. Калі вучань кепска адказвае на пытанне інспектара, ён кідае на настаўніка погляд, поўны грознага нездавалення.