Сяргей Пятровіч Булавін — новы інспектар, пануры, скупы на словы, асабліва з настаўнікамі. Лабановічавы вучні падрыхтаваны добра. Прычын для нездавалення няма. Экзаменуецца вучань трэцяе групы Іван Занька. Ён з указкаю стаіць каля карты.
— Пакажы мне Азію.
Занька абводзіць указкаю карту. Кавалачак Азіі на карце заходзіць у Амерыку. Занька не забывае і пра гэты кавалачак.
— Добра,— хваліць яго інспектар.
— Пакажы мне Японію.
Занька паказвае.
— А што ты ведаеш пра Японію? У якіх адносінах знаходзіцца яна да нас?
— Ваюем з ёю.
— Ну, а скажы, хто каго зваюе.
— Наш цар паб’е,— адказвае ўпэўнена Занька.
— А чаму ты думаеш, што мы яе паб’ём?
— У нашага цара войска болей.
— Так, мой мілы. Расія паб’е Японію. Па-першае, і войска ў нас болей, і войска наша лепшае, і справа наша справядлівая, і, па-другое,— мы павінны яе пабіць і паб’ём.
Іван Занька рэпутацыю школы падтрымаў, затое Алесік Грылюк псуе ўсю справу. Ён увесь час не зводзіць з інспектара вачэй. Увага яго запыняецца на носе інспектара. А нос у інспектара быў здаравенны. Нарэшце Алесік не можа стрымацца:
— А чаму ў цябе такі вялікі нос? — сярод магільнай цішыні чуецца яго наіўнае дзіцячае запытанне.
— Табе няма справы да майго носа.
Ну, што ж было ўзяць з малога Алесіка?
Наогул жа рэвізія сышла досыць добра.
XXVI
Аблажыўшыся газетамі, сядзіць Лабановіч у сваім пакойчыку. Чытае апошнія навіны з вайны. Навіны, відаць, яго не здавальняюць. Ён так паглыбляецца ў чытанне, што не чуе, як нехта стукае ў дзверы, і толькі тады адрывае вочы ад газеты, калі стук пачуўся ў акно насупраць.
«Каго там чэрці нясуць?» — думае ён.
Ніхто ў гэта акно яму ніколі не стукаў, і ён ад нечаканасці аж здрыгануўся. Выходзіць, адчыняе дзверы.
— Ну, і Андрэй Пятровіч! — чуе знаёмы пакрыўджаны голас.— Не хоча ўжо і пускаць у кватэру.
— Як не хачу? — радасна гаворыць ён.— З мілаю душою!
— Сур’ёзна?
— Больш чым сур’ёзна, Вольга Віктараўна, каб мне з гэтага месца не сысці!
— Ну, то добры вечар, калі так.
— Добры вечар! Ну, і малайчынка ж вы! Вось як слаўна зрабілі, што даведаліся да мяне! Прыйшлі ці прыехалі?
— Дзе там, у чорта, прыехала! Пехадралам пру.
— Ну, гэта ўсё роўна, ці ішлі, ці ехалі, абы сюды папалі.
Заходзяць у пакойчык.
— Газеты ўсё чытаеце?
— Чытаю, няхай яны спрахнуць.
— А што так? — пытае Вольга Віктараўна, і вочы яе вясёлаю насмешкаю іскрацца.
— Не ладзіцца ў нас.
— I гэта вас засмучае?
— Не толькі засмучае, а пачынае разбіраць злосць.
— На каго?
— А чорт яго ведае, на каго.
— Вам, як бачу я, хацелася б заспяваць:
Гром победы, раздавайся,
Веселися, храбрый Росс.
Дык не дачакаецеся, Андрэй Пятровіч. Калі ў каго і былі надзеі на перамогу ў пачатку вайны, дык цяпер яны развеяліся, як ранішні летні туман. Хіба ж не ясна вам, што гнілая царская Расія не здольна ваяваць? Вайна даўно прайграна. I пачата вайна гэтая дзеля таго, каб адцягнуць увагу закабаленага насельніцтва ў другі бок, каб знізіць хвалю рэвалюцыі, якая ўсё нарастае і блізіцца. Не перамогі трэба жадаць Расіі, а поўнага паражэння!
— Што ж выйграеце вы ад гэтага паражэння?
Лабановіч чуе праўду ў яе словах. Яму нялоўка за сваё захапленне вайною, за сваю памылку ў поглядзе на вынікі вайны, за сваю веру ў перамогу Расіі. Ён адчувае фальшывасць свайго становішча, але хоча паспрачацца з суседкаю.
— А я запытаю вас, што выйгралі б вы ад перамогі Расіі на вайне? — пытаннем на пытанне адказвае Вольга Віктараўна.
— Па-першае, задаволіцца мая нацыянальная гордасць: я буду думаць аб сабе як аб сыне таго народа, які перамог на вайне. Па-другое, паражэнне на вайне нанясе нам незлічоныя матэрыяльныя страты. Па-трэцяе, натуральнае імкненне Расіі, што выплывае з геаграфічнага становішча яе,— знайсці сабе вольны выхад на мора, будзе паралізавана, а гэта для нас нявыгадна. Ні Балтыйскае, ні Чорнае мора гэтага выхаду нам не даюць. Сібір занадта далёка, каб можна было належным спосабам карыстаць з яе багаццяў. I зусім іншая справа, калі выхад у нас будзе на Далёкім Усходзе. Усё роўна, ці будзе ў нас цар ці прэзідэнт, а вольны выхад у мора мы павінны мець, бо без гэтага нам цесна і на нашых неасяжных прасторах. Вось чаму я і не хачу, каб нас пабілі японцы, і вось чаму мне так балюча абходзяць нашы няўдачы на вайне.