Выбрать главу

— Мыслі, дастойныя самага заядлага патрыёта.

У голасе Вольгі Віктараўны чуваць насмешка. I раптам яна змяняе тон размовы.

— Ды вы проста смеяцеся, жартуеце, Андрэй Пятровіч, і мне падабаюцца жарты вашы!

— А калі я кажу гэта сур’ёзна?

Вольга Віктараўна падымае на яго бойкія вочы.

— Сур’ёзна казаць так вы не можаце.

— Чаму?

— Калі вы гэта казалі сур’ёзна, то тады вы — або фальшывы чалавек, або кепскі рэвалюцыянер.

— Лепш быць кепскім рэвалюцыянерам, чым фальшывым чалавекам, бо фальшываму чалавеку стаць шчырым шмат цяжэй, чым кепскаму рэвалюцыянеру зрабіцца добрым.

— Гэта праўда, з гэтым я згодна, і вы мне падабаецеся вашаю шчырасцю.

— Няўжо я вам падабаюся? Першы раз гэта чую ад дзяўчыны!

— Ах, які няшчасненькі! Ну і апошні раз чуеце гэта — не трэба прыдзірацца да слоў!

Лабановіч напускае на сябе трагічнасць, нізка звешвае галаву і журботна трасе ёю.

— Няўжо гэта праўда? Няўжо ніколі не пачую я ад дзяўчыны, што падабаюся ёй?.. Не пачую!..

— Не пачуеце,— сцвярджае Вольга Віктараўна.

У момант трагічнасць сходзіць з яго твару. Ён хутка ўскідае галаву.

— I напляваць!

Такі борзды і неспадзяваны пераход ад трагічнасці да бесклапотнасці развясельвае настаўніцу, і яна заліваецца вясёлым смехам.

— Лепшага ў вашым стане і не скажаш,— гаворыць яна, не перастаючы смяяцца.

Нейкая новая думка адбіваецца ў выразлівых вачах настаўніцы.

— А скажыце, Андрэй Пятровіч,— змяніўшы тон, пытае Вольга Віктараўна,— ці любілі вы каго хоць раз?

Пры гэтым запытанні Лабановіч мімаволі апускае вочы, але борзда спраўляецца з замяшаннем і ў сваю чаргу пытае:

— А як вам здаецца?

Вольга Віктараўна ўглядаецца ў Лабановіча.

— Мне здаецца, што любілі і цяпер любіце.

— Каго? — зноў пытае Лабановіч.

— Ну, гэта ўжо вам лепей ведаць.

Лабановіч пераводзіць вочы кудысь у неазначанае месца і маўчыць.

— А вы мне ўсё ж не адказалі на пытанне,— не адступаецца настаўніца.

— Калі хлопец пачынае расказваць дзяўчыне аб сваім каханні да другой дзяўчыны, гэта значыць, што ён пераносіць сваё каханне на тую, якой расказвае.

На твары Вольгі Віктараўны прабягае нейкая радасць.

— Праўда гэта?

— Думаю, што праўда.

— Ну, але гэта тады, калі расказчыка не цягнуць за язык?

Лабановіч памаўчаў.

— I гэта праўда.

Вольга Віктараўна апускае вочы ў сваю чаргу і задумваецца.

— А калі б расказвала дзяўчына хлопцу аб сваім каханні да другога, то і тады б была праўда?

— Праўда засталася б праўдаю.

— I такі вывад робіце вы з уласнае практыкі? — дапытваецца настаўніца з хітраватаю ўсмешкай.

— Не, гэта толькі тэорыя, і яна, думаю, пацвярджаецца практыкаю.

— А што паслужыла прычынаю стварыць такую тэорыю?

— Жыццё. Маладое людское жыццё.

Вольга Віктараўна заліваецца смехам.

— Ах вы, псіхолаг-сэрцавед! — у гэтых словах яе чуваць скептыцызм.

Тады Лабановіч хітравата кажа:

— У вас, Вольга Віктараўна, было такое здарэнне, калі адзін ваш знаёмы падзяліўся з вамі аб сваім каханні да другой, а вы пакахалі яго раней, чым ён расказаў вам гэта. I я не буду дапытвацца, было гэта ці не, бо ведаю, што было.

Вольга Віктараўна прыходзіць у замяшанне і злёгку чырванее. Лабановіч робіць выгляд, што не заўважае.

— Чорт ведае, што вы плецяце! Годзе аб гэтым! — кажа яна.— Не за тым прыйшла я да вас, каб гаварыць аб каханні.

Яна, здаецца, узлавалася на сваю слабасць, бо мае на мэце нешта болей важнае.

— Ведаеце, калега, што я хацела вам сказаць?

— Не, не ведаю.

— Дык вось. Увайшла я ў адну рэвалюцыйную арганізацыю, маю там знаёмства. I вам беспрыменна трэба звязацца з ёю.

Лабановіч маўчыць, штось думае. Ён і сам ведае, што рана ці позна, а стаць шчыльней да якой-небудзь рэвалюцыйнай арганізацыі яму прыйдзецца. Ён чуе, што трэба зрабіць нейкі новы крок у жыцці, крок важны і небяспечны. I цяпер якраз надыходзіць гэты момант.

— Разумеецца, звязацца з арганізацыяй трэба,— нарэшце гаворыць ён.

— Беспрыменна трэба,— падхватвае Вольга Віктараўна.— Усё, што ёсць здаровага, чэснага, павінна выступіць на барацьбу з самадзяржаўем і весці яе арганізавана, бо рэальная сіла толькі і можа быць тады, калі будзе моцная арганізацыя і калі работа павядзецца па строга азначанаму плану. Арганізацыя паможа вам і літаратураю, і грашыма, і жывою парадаю. Арганізацыя падтрымае вас, за яе спінаю вы будзеце чуць сябе цвярдзей і смялей. А цяпер якраз ідзе збіранне рэвалюцыйных сіл, гэтыя сілы растуць, набіраюць моцы, ідзе шырокая падрыхтоўка, і недалёка той час, калі выбухне рэвалюцыя. Захапляцца ў гэты час вайною, хныкаць над паражэннямі на вайне проста смяхотна. Чым болей гэтых паражэнняў, тым шырэй будзе расці нездаволенне, тым болей шансаў на рэвалюцыю, на яе перамогу.