Выбрать главу

XXVII

З крутой завіліны каля сяла Высокага, дзе Піна падаецца ў бок зарэчных балот, вельмі добра відаць паўднёвая часць Пінска. Велізарны белы манастыр, збудаваны езуітамі ў шаснаццатым веку, і манастырскі будынак, дзе даўней жылі манахі, а цяпер змяшчаецца духоўнае вучылішча, узнімаюцца над роўняддзю балот, становячы самы крайні паўднёвы рог Пінска.

Зацятаю грознасцю і панураю суровасцю вее ад гэтых старасвецкіх муроў, а манастыр мае выгляд непадкупнага вартаўніка аджытых рэлігійных традыцый старасветчыны. Як непарушная скала над морам, стаіць над балотамі гэты маўклівы волат, аглядаючы неасяжныя разлогі Пінскага Палесся на далёкія дзесяткі вёрст. Халодная строгасць стылю і гордая моц узняцця ўгару робяць дужа вялікае ўражанне і прыкоўваюць да сябе ўвагу, кідаючыся ўсім у вочы. У ясныя вясеннія або летнія раніцы ці вечары, калі паветра, напоенае вільгаццю, бывае асабліва чыстым і празрыстым, манастыр выступае яшчэ больш пуката і выразна ў сваіх магутных абрысах. Тады ён здаецца зусім блізкім, хоць да яго адгэтуль будзе вёрст пяць. Яго парталы паважна разгортваюцца на фоне ружова-яснага неба, і нельга не заглядзецца на яго.

Кожны раз, калі Лабановіч ідзе з воласці па-над Пінаю, яму кідаецца ў вочы гэты манастыр і нейкае дзіўнае ўражанне робіць на настаўніка, будзячы ў памяці падзеі гістарычнага мінулага, змаганне двух веравызнанняў, з якіх ніводнае не зрабіла людзей шчаслівымі. Многа прайшло часу, многа людскіх пакаленняў сышло з арэны жыцця, а гэтая махіна стаіць і стаіць і доўга яшчэ будзе стаяць, каб быць сведкам новага змагання за новы парадак жыцця, дзе на першым плане будуць рэальныя інтарэсы людзей.

Лабановіч не спускае з памяці апошнюю гутарку з Вольгаю Віктараўнаю. Яны ўмовіліся спаткацца вечарам у суботу каля гэтага манастыра на прыстані. Тут жа недалёка патайнае месца, дзе зрэдку адбываюцца патаемныя сходы. Вось такі сход і займае цяпер мыслі настаўніка.

Сказаць праўду, Лабановічу трохі страшна. Страшна гэтага новага павароту ў жыцці, бо ён немінуча павінен пайсці па дарозе, дзе так многа небяспекі, дзе на кожным кроку цябе можа чакаць ліхая прыгода. У яго ўяўленні рысуюцца арышты, астрогі, ссылка. З таго часу, як пачаў настаўнік весці сваю патайную работу, ён адчувае нейкі непакой і трывогу. Калі яму здаралася бачыць тут якога-небудзь паліцэйскага чына, мімаволі думалася, ці не па яго справе з’яўляецца гэты прадстаўнік улады. Нервы ўвесь час былі трохі ўзняты, і ён стаў падазроным і асцярожным, асабліва калі да яго пачалі даходзіць сякія-такія чуткі аб яго паводзінах. Але патрошку ён прывык да мыслі, што можа папасціся, што яго заарыштуюць, і перастаў гэтага баяцца. Наадварот, яму часамі арышт здаваўся прынадным, не пазбаўленым своеасаблівай прыемнасці. Чаму ж і не пацярпець за праўду? Чаму не спрабаваць лёсу «крамольніка»? Чаму не зазнаць астрожнага жыцця? Астрог таксама ёсць школа, дзе жыццё пазнаецца больш глыбока і востра. Апроч усяго гэтага, тут ёсць і пэўная рызыка, ёсць асалода змагання. Ты ведаеш, што за кожным тваім крокам сочаць, што, калі ўсё выкрыецца, цябе будуць лавіць, будуць судзіць, але ты таксама можаш не паддавацца, выкручвацца, весці сапраўднае змаганне за сваё права жыць на волі.

Займае думкі і спатканне з людзьмі, да гэтага часу яму невядомымі. Ён толькі чытаў аб іх, чуў здалёку і пераважна з вуснаў тых, хто іх ненавідзеў, лічыў самымі вялікімі злачынцамі на свеце. Ён адчувае глыбокую павагу да іх, нават некаторы страх. Хто такія яны, гэтыя людзі? Чым яны жывуць? Аб чым думаюць? У яго ўяўленні гэтыя людзі ўсе — героі, на якіх можна пазіраць толькі з вялікаю пашанаю.

У суботу надвячоркам, закончыўшы работу ў школе, ён збіраецца ў дарогу, прыхаваўшы ў патайнае месца ўсё, што магло б яго выкрыць у выпадку якога-небудзь непажаданага здарэння, замыкае кватэру на ключ і ідзе выганам на дарогу. Асенні змрок насоўваецца борзда, звужваючы паземы і націскаючы на занямелыя далі. У сялянскіх дварах снуюць людзі, пыняць свае гаспадарскія справы, канчаючы клопат кароткага дня.

Лабановіч мінае выганы, выходзіць у поле. Тут прастарней і як бы вальней трохі, прынамсі, нікога не відаць, бо Лабановічу не хацелася б цяпер спаткаць каго-небудзь знаёмага, уступаць у гутаркі, выдумляць прычыны свайго позняга вандроўніцтва ў Пінск, хоць іх можна лёгка прыдумаць не адзін дзесятак. Але на дарозе ціха і бязлюдна. Праходзіць і Альбрэхтова, дзе раскінуўся велізарны маёнтак пана Скірмунта, дзе працуюць яго сукнавальня, гісэрня, бровар і яшчэ нешта. Каля маёнтка на полі, як копы сена, параскідаліся досыць высокія капцы, дзе закапана бульба на гарэлку. Недалёка ад дарогі пачынаецца велізарная клуня, крытая чаротам. Клуня цягнецца ад дарогі да самае Піны — сажняў дзвесце, напэўна, яе даўжыня. За Альбрэхтовым, ужо каля самага горада, відаць Лешча, дзе ёсць цэркаўка і папоўская пасада. Ужо цёмна, але высачэзныя вязы і ліпы яшчэ вырысоўваюцца сваімі шырокімі вярхамі на шэрым небе.