Мінуўшы арыштны дом, прычым Лабановіч падарыў яго вельмі ўважлівым поглядам, ён ступіў на тэрыторыю Пінска і пайшоў па брукаванай Купецкай вуліцы. Тут было досыць пуста і глуха. Калі-нікалі затухкаюць па каменным мосціку ногі, скрыпнуць веснічкі, і зноў усё заспакойваецца, як бы скоўваецца гэтым цёмным змрокам. Прайшоўшы некалькі вуліц і завулкаў, Лабановіч накіроўваецца на прыстань, абмінаючы болей жывыя і шумлівыя вуліцы. Па дарозе папалася яму некалькі будак, пунктаў паліцэйскай варты, каля якіх звычайна стаялі або тупалі гарадавыя ў цыратовых плашчах.
«Што рабіў бы ты, брат, каб ведаў, куды я іду? — думаў Лабановіч, мінаючы сонных, марудлівых, прывычных да свае варты гарадавых.— Напэўна, заварушыўся б шпарчэй»,— ледзь прыметная ўсмешка прабягае па яго губах.
Не даходзячы да цэнтра горада, Лабановіч ідзе глухім завулкам у бок прыстані. Прыглядаецца да тых фігур, што абганяюць яго. Мяркуе, ці не шпік гэта часамі, бо яму здаецца, што гэтыя людзі-сабакі чуюць нюхам яго крамольныя замахі.
На прыстані ізноў адчуваецца вальней і прастарней. Прыстань шырокая, доўгая, роўная, прасторная, акуратна вылажана гладкімі каменнымі плітамі і заліта асфальтам, абсаджана двума радамі каштанаў. Таксама ў два рады пастаўлены тут лаўкі на роўнай адлегласці адна ад другой, каб было дзе пасядзець у добрае надвор’е людзям, калі прытомяцца, шпацыруючы. Прыстань моцна сціскае левы бераг глыбокай і спакойнай Піны. Яе халодныя сталёвыя струмені ціха ўсхліпваюць, б’ючыся аб гладкі каменны бераг, штось гутараць прыцішаным голасам з чаротамі на другім баку, злёгку пакалыхваюць параходы і параходзікі, дубы і чайкі, што густа збіліся на ўсім працягу прыстані.
Павольна пасоўваецца Лабановіч у бок манастыра. Пануры і страшны цяпер гэты манастыр, атулены змрокам і імглою асенняга вечара. Яго сярэдзіна сям-там выступае з цемрадзі белымі плямамі, дзе падае святло ад вокан і ліхтароў, а парталы і вежы расплываюцца ў змроку.
Вольга Віктараўна трохі спазнілася. З ёю быў незнаёмы высокі хлопец.
— Пазнаёмцеся,— кажа яна.
Лабановіч і незнаёмы хлопец моўчкі павіталіся.
— Вы даўно тут? — пытае калегу Вольга Віктараўна.
Лабановічу здалося, што яна стараецца гаварыць ціха. Мусібыць, гэта патрабуецца асцярогаю.
— Ды ўжо з паўгадзіны тупаю.
Ён хоча прыдаць вясёласць свайму голасу.
— А вы не замаркоціліся без мяне? — таксама весела гаворыць і Вольга Віктараўна.
— Ой, як замаркоціўся! Хацеў ужо кідацца ў Піну, але пабаяўся, што будзе холадна.
Яна ціха шэпча на вуха яму:
— Мяліце ўсякае глупства. Чым больш глупства, тым лепей. Пачалі вы надта добра.
Іх абганяе чыясь постаць. Можа, гэта быў так сабе чалавек, а можа, і шпік. Хвілінкі праз дзве зноў праслізнула фігура. Лабановічу здалося, нібы тая ж самая, што іх абганяла.
— Пойдзем, гаспада, падзакусім у рэстаран! — громка гаворыць незнаёмы хлопец.
Яны накіроўваюцца на людную вуліцу, дзе светла і шумна, і праходзяць адзін квартал. Незнаёмы хлопец крута верне ў завулак. Ідуць доўга, мінаюць вуліцы і завулкі і выходзяць да манастыра з другога боку. Незнаёмы хлопец запыняецца, прапускае наперад Вольгу Віктараўну і кажа:
— Заходзьце!
Лабановіч з настаўніцаю ўваходзяць у дворык, дзе лепіцца некалькі заняпалых старасвецкіх хатак, заходзяць збоку і спыняюцца на ганачку.
Вольга Віктараўна стукае.
— Хто? — пытае адтуль голас.
— Ад Барыса,— адказвае Вольга Віктараўна.
Дзверы адчыняюцца. Яны заходзяць у пакойчык, даволі прасторны, але абсталяваны бедна. Збітая, аблупленая канапка, голыя сцены, калі не лічыць гітары на адной з іх, некалькі крэслаў, невялічкі столік, на якім цьмяна гарэла просценькая лямпа,— вось і ўся абстаноўка.
Тут сядзелі тры асобы.
Лабановіч следам за Вольгаю Віктараўнаю па чарзе павітаўся з імі, прычым ніхто сваіх прозвішчаў не называў. Толькі Вольга Віктараўна называла незнаёмых па імёнах: таварыш Глеб, Саламон, Грыша. Усе яны — яшчэ маладыя дзецюкі, і вызначыць іх прафесію было трудна — напэўна, рабочыя.
Самы сталы быў Глеб, і аблічча выкрывала ў ім найбольш інтэлігентнага чалавека на гэтым сходзе. Ён насіў пенснэ. Меў невялічкую рыжаваценькую бародку, акуратна падстрыжаную, і трымаўся найбольш незалежна і спакойна. Па ўсім відаць было, што ён — найбольш аўтарытэтная тут асоба.