Лабановіч абегла акінуў поглядам пакойчык з яго ўбогаю абстаноўкаю і запыніў усю сваю ўвагу на гэтых маладых, зусім незнаёмых яму хлопцах.
Уяўленне аб рэчаіснасці і сама рэчаіснасць — розныя рэчы. Вобразы «крамольнікаў»-рэвалюцыянераў зусім не так рысаваліся Лабановічу. Перад ім былі звычайныя людзі без рамантыкі і дэманізму, на від хірлявыя і слабыя, адзетыя яшчэ бядней, чым ён сам. Яму здалося, што яго новыя знаёмыя чымся занепакоены... Няўжо яны баяцца? Было неяк нялоўка, цесна і як бы душна, а наогул непрыемна і залішне ўрачыста.
Грыша падыходзіць да Глеба, аб чымся гутараць. Саламон падсядае да Лабановіча.
— Вам, таварыш, першы раз прыходзіцца быць на такіх сходах?
— Першы раз,— адказвае настаўнік.
— А вы ўжо многа займаецеся настаўніцкаю практыкаю?
— Трэці год.
— Ну, а скажыце, як настроена сялянства?
— Розныя ў іх бываюць настроі. Даць такую агульную характарыстыку досыць трудна.
Праз колькі хвілін з другога ходу паказваецца высокі малады хлопец, той самы, што вёў іх сюды. Ён пашаптаўся з Глебам.
Лабановіч тым часам крыху асвойтаўся і з цікавасцю чакае, што будзе далей.
— Таварышы! — гаворыць Глеб.
Голас яго звонкі, вочы вясёлыя і смелыя. Ён папраўляе па прывычцы пенснэ і кажа далей:
— Нам, думаю, цікава будзе пачуць невялікую інфармацыю з месца ад нашага новага таварыша.
Гэтыя словы адрасаваліся да Лабановіча. Ён адчуў тое самае, што адчувае не зусім добра падрыхтаваны вучань, калі яго нечакана выкліча настаўнік.
Чатыры пары вачэй падымаюцца на Лабановіча. Ён прыходзіць у некаторае замяшанне, але яго выручае Вольга Віктараўна. Яе жаночы такт выводзіць суседа з досыць непрыемнага для яго стану.
— Я думаю,— гаворыць яна,— майму калегу цікава было б наўперад увайсці ў курс справы. Ці не лепей было б, каб таварыш Глеб сам зрабіў інфармацыю іншага парадку.
— Наш сённяшні час, на жаль, абмежаваны, і гэта зрабіць цяпер якраз не выпадае. Нам трэба прыняць інструкцыі на момант дня, ну, на бліжэйшыя дні,— адказвае Глеб. Потым ён, як бы эканомячы час, стаў гаварыць сам да Лабановіча:
— Нам вядома ваша работа, і я з прыемнасцю вітаю вас, таварыш, як нашага аднадумца, хоць афіцыйна вы ў нас не лічыцеся.
У далейшым Глеб крануў трохі тую рэвалюцыйную дзейнасць, якую трэба праводзіць цяпер, пахваліў Лабановіча і зрабіў высокую ацэнку яго работы. Гэта надало настаўніку смеласці, і ён папрасіў слова, каб выказаць свой погляд на праграму далейшай працы.
Прамова Лабановіча была наўперад крыху блытаная, словы неяк не слухалі яго, і язык варочаўся не так, як належыць. Але потым ён паправіўся і нават ажывіўся, калі выказваў свой погляд на пашырэнне прапаганды сярод сялян праз вясковых настаўнікаў.
— Як мне думаецца, да гэтага часу вельмі мала зварачаецца ўвагі на нашага брата з боку рэвалюцыйных арганізацый. А між тым вясковы настаўнік — адзіны чалавек сярод сялянства, што мог бы весці работу. А для гэтага трэба толькі разварушыць яго, згуртаваць у свае настаўніцкія арганізацыі параскіданых па трушчобах настаўнікаў. Тады можна падрыхтаваць у належнай ступені народ да рэвалюцыі.
Такі погляд знаходзіць тут спачуванне, што надта ўзнімае дух Лабановіча. I Вольга Віктараўна радуецца за яго, бо гэта ж яе кандыдат.
На развітанні яму даюць лісткі і брашуркі, адрасы кватэр і запрашаюць надалей трымаць сувязь.
Вольга Віктараўна застаецца начаваць у сваіх знаёмых, а Лабановіч, шчодра наладаваны нелегальнаю літаратураю, пляцецца па апусцелых вуліцах і завулках, баязліва прыглядаючыся і прыслухоўваючыся да гэтай зацятай цішыні, і калі мінае раён горада, дык адчувае вялікую палёгку і ўздыхае вальней.
XXVIII
Ясна відаць, што Іван Пракопавіч, казённы ляснічы, не ў гуморы. Не гадзіну, не дзень, нават і не тыдзень, а праз цэлыя месяцы хмурыцца яго крутая лабаціна, сярдзіта звісаюць доўгія вусы, а з быстрых вачэй іскры сыплюцца. Нават лаянка яго, звычайна прыяцельская, прыязная, вясёлая, цяпер звініць сапраўднаю злосцю, рассыпаецца круглымі, ядранымі словамі пад парасонамі высозных вязаў і ліп, што стаяць у парку.
Хоць ужо і холадна, але Лабановіч сумысля адчыняе фортку ў акне супраць парку казённага ляснічага, каб пачуць гэтую лаянку. Гэта нават і не лаянка, а дыскусія Івана Пракопавіча на сацыяльна-палітычныя тэмы. I тут няважна, ці пярэчыць яму хто, ці не,— важна толькі сама зачэпка для такой дыскусіі, бо ў ляснічага накіпела на сэрцы за гэтыя часы, і яму трэба выліць сваё абурлівае нездаваленне, накіраванае на няздольнасць вялікіх і малых чыноўнікаў, на гэтае нікчэмства, што пачынае дамагацца нейкіх сваіх правоў, выпаўзае, як гад з нары, на віднае месца. Ён не можа пагадзіцца з гэтым няшчасным фактам, што на Русі перавяліся «багатыры», або волаты, што няма каму ратаваць яе. Таксама няважна, як хто слухае яго, згаджаецца з ім ці не,— яму проста трэба чалавек, сведка яго абурэння. А калі гэты сведка, які-небудзь паляшук з Выганаў ці з Высокага, ці хто іншы, нават з інтэлігенцыі, часамі, не дачакаўшы канца, памаленьку схаваецца, проста збяжыць, дык ён яшчэ сакоча некаторы час. А калі заўважыць, што яго слухачы — вязы і ліпы, тады азірнецца быстра, як патрывожаны арол. Часамі ён на гэтым і канчае. Усё залежыць ад таго, у якой меры выліта абурэнне. Калі ж абурэнне надта вялікае, ён ідзе шукаць жывога сведку-слухача, каб скончыць дыскусію. Спружыніста зрываецца з месца, рашуча кіруецца да плятня ў бок школы. Там ёсць пералаз. Іван Пракопавіч задзірае полы чорнага яраслаўскага кажуха, закідае перш адну, потым другую нагу — гоп! — і ён на тэрыторыі школы.