Выбрать главу

На сярэдзіне школьнага агарода ён трохі затрымліваецца — куды накіравацца. Ізноў-такі далейшыя паводзіны яго залежаць ад ступені абурэння. Часамі ён мінае школу і ідзе далей, бо настаўнік заняты, хоць з ім пагаварыць найзручней. Па-першае, ён слухаць умее, уставіць слова, рэпліку падасць, ну, словам, дапамагае выказацца да дна; па-другое, ён такі чалавек, з якім прыемна пагаманіць аб вайне: абодва яны былі ў курсе ваенных спраў, абодва мелі на канец вайны аднакія погляды, хоць яны тут здорава падашукаліся; па-трэцяе, настаўнік такі чалавек, з якога можа толк быць, калі яго належным парадкам накіраваць у патрэбны пункт. I ляснічы шмат папацеў, даючы суседу належны кірунак; засылаў яму «Новое время», Розанава, Лютастанскага, а з прыгожага пісьменства — Мельнікава-Пячэрскага, якога ляснічы ставіў на самае першае месца сярод рускіх пісьменнікаў, бо раманы «На горах» і «В лесах», на яго думку, не мелі роўных сабе.

Абурэнне Івана Пракопавіча на гэты раз такое вялікае, што ён ідзе ў школу. Наўперад заходзіць у кухню.

— Здарова, Ганна! — як з пісталета выпальвае Іван Пракопавіч словы прывітання.

— Здаровенькі булы! — кланяецца Ганна.

— Ну, як жывуць байструкі твае?

Ганна штось адказвае, але ён не слухае. Карыстаецца выпадкам, каб сарваць хоць на кім сваю злосць:

— Ну, не сукін гэта сын? Гэта чалавек? Гэта бацька? Хоць бы капейку прыслаў на сына, прахвост! Ну, ён вырасце...— і паказвае пальцам на малога Кірылу.— Што ж з яго будзе? Куды прыткнецца? Красці пойдзе або возьме новую моду: у рэвалюцыю пойдзе! Цяпер жа вот такія смаркачы,— палец ляснічага накіроўваецца на Юсту,— пачынаюць бунтавацца, вучыцца не хочуць, супраць дырэктара выступаюць... Больш іх розгамі лупцуй! Не шкадуй дубцоў! Не дасі лазы, калі лаза па іх плача, сама ад іх плакаць будзеш!

Выпусціўшы такім парадкам частку пары свае злосці, ляснічы заходзіць у кватэру настаўніка. Пакуль не прыйдзе на пераменку настаўнік, Іван Пракопавіч, як тыгр у клетцы, ходзіць па пакойчыку, пазірае ўніз, залажыўшы рукі за спіну. Увесь час на яго твары адбіваюцца: то яхідны смех, то злосць, то іронія, то сарказм. Сяды-тады з губ зрываецца кароткае бурчанне. Але як толькі ён згледзіць настаўніка, усе гэтыя эмоцыі раптам прападаюць, твар прыходзіць на кароткі час у звычайны стан, на той толькі момант, каб павітацца з Лабановічам.

— Ну, што? — пытае Іван Пракопавіч, — школа ваша яшчэ не бастуе?

— А чаго ёй баставаць?

— А як жа? Пайшлі забастоўкі сярод дзяцей. У Пінску, унь, рэальнае вучылішча забаставала — давай ім свабоду! Прыгатавішкі мітынгаваць пайшлі. «Далоў,— кажуць,— дырэктара і настаўнікаў!» Ходзяць і папяросы кураць... Ну, што вы скажаце?

Пасля кароценькай паўзы, набраўшы духу і раптам змяніўшы выраз твару, Іван Пракопавіч панёсся, як спуджаны конь, крышачы і калечачы ўсё на сваёй дарозе.

— А нашы гэтыя пенцюхі, адміністрацыя, начальства гэтае, з пазвалення сказаць, і губы адвесіла!..— Ляснічы таксама адвешвае губу, каб паказаць, які выгляд мае перапалоханае начальства.

Лабановіч не можа захаваць сур’ёзнасці і закочваецца смехам.

— Чаго вы смяецеся?

— Ну, вельмі ж «карцінна» расказваеце, Іван Пракопавіч,— не перастаючы смяяцца, адказвае Лабановіч.

— Дык праўда ж гэта! Галовы пагублялі! Стаіць збоку: адна калоша поўная, а другая як завязаць. А гэты наш... паліцмайстар!.. Жаба разлезлая! Ліберал!.. Вы ведаеце? Пракламацый яму ў кішэню бахурчыкі напхалі! I гэта — павятовы начальнік паліцыі! Сорам! Гнаць такіх у тры шыі, каб паветра не псавалі! Над бочкамі начальнікам паставіць!.. Тфу!.. Дубовыя галовы!

Іван Пракопавіч ледзь са скуры не вылазіць. I ўсё ў ім гаворыць: язык, губы, нос, бровы і лоб, вочы і вушы, рукі і ногі, як бы ў нейкім дзікім шаленстве. Яго слухач не вытрымлівае і пачынае зноў смяяцца. Сярдзіта глядзіць на яго ляснічы.