Выбрать главу

Старшыня ад задавалення ўсміхаецца.

— Казакі — народ спрытны. Майстры залівання даць,— згаджаецца ён.

А пісар прыходзіць у абурэнне:

— Ды я сам вазьму нож і пайду рэзаць гэтых дэмакратаў. Рэзаць буду направа і налева! Дай толькі мне нож.

Пісар сашчэмлівае зубы і згортвае кулакі, а твар старшыні свеціцца ад радасці.

— Герой наш пісар, далібог герой.

Пазіцыя сельскага старасты Бабіча не такая выразная, бо ён наогул больш маўчыць і слухае. Але заставацца зусім у ценю ён лічыць нязручным, і калі прыходзіцца быць у кампаніі асоб афіцыйных, ён у некаторых момантах гутаркі трасе галавою, часамі з сур’ёзнасцю на твары, а часамі аздобіўшы яго смехам, у залежнасці ад абставін. Наогул жа Бабіч і па службоваму і па сацыяльнаму свайму стану ёсць як бы нейкая прамежная планета, што адчувае на сабе ўплыў суседніх планет.

На зборні гутаркі трохі іншыя.

Заядлымі палітыкамі з’яўляюцца дзед Піліп і фурман Аўмень. Ізноў жа такі і тут першая роля належыць Аўменю. Кожны раз, асабліва калі прыедзе з Пінска, ён уражае сваіх слухачоў якою-небудзь неспадзяванаю навіною.

— Ну, скора будзе канец трыбухачам!

Пад «трыбухачамі» Аўмень разумее ўсіх паноў і шышак. Паясняць гэта сваёй аўдыторыі не трэба — усе ведаюць, хто такія трыбухачы. Дзед Піліп утароплівае ў Аўменя свае пранізлівыя вочы. I вочы яго і нос, непамерна доўгі і чырвоны, пабіты на дзірачкі, як акораная чачоткавая бяроза, і ўся постаць дзеда Піліпа ператвараецца ў знак запытання.

— Ну? — дзівіцца ён.

— Канчаецца іх панаванне. Губернатары і тыя хвасты пападціскалі. Свабода, брат, пайшла! Каюк міністрам!

— I міністраў не будзе?

— Усё будзе скасавана!

— Каму ж тады падаткі плаціцьмем?

— I падаткаў не будзе. Самі будуць на сябе працаваць.

— А як жа начальства? — пытаюць Аўменя.

— Начальства застаецца без падначальных, ніхто яго слухаць не хоча цяпер.

— Няўжо ж такі начальства не будзе?

— Будзе, але другое. Тое начальства назначалася, а гэта выбірацца будзе.

— I земскага будуць выбіраць?

— Калі трэба будзе, то выберуць. Але іх не любяць нешта. Ці захоча хто і земскім быць?

— Чаму не захоча! — гаворыць дзед Піліп, — у начальства, пэўна, кожны папрэцца... Ха! — ускідвае ён рукамі, — вось, ядры тваю качку, якія часы находзяць!

Калі на гэты час разважанняў праходзіць пісар або старшыня, гутарка абрываецца, бо такіх размоў начальства не любіць.

XXIX

Прыходзіць у школу Аксён Каль. У руках у яго скрутак, абгорнуты газетаю. I выгляд у Аксёна радасны і светлы. Такі выгляд бывае ў таго, хто доўга чагось шукае, нягледзячы ні на якія перашкоды і на безнадзейнасць, здавалася б, гэтага шукання, і ўрэшце знаходзіць.

Аксён разгортвае скрутак і паказвае настаўніку план. На плане зняты сялянскія землі і сумежныя ўладанні пана Скірмунта.

— Гэта такая праўда і справядлівасць на свеце!..

Аксёнавы вочы запальваюцца агнём помсты.

— Вы бачыце, каму належаць затокі па плану і хто імі карыстаецца?

Злашчасныя затокі, з-за якіх Аксён Каль так многа судзіўся, хадзіў, дабіваўся законнага права на іх, у плане значыліся на сялянскіх землях.

— Прывесці яго сюды, тыцкнуць носам у план, а потым утапіць прахвоста ў гэтых затоках!

— Нічога, Аксён: будзе свята і на нашай вуліцы. Надыходзіць час расплаты за здзекі над народам. Дымам і агнём паляцяць у неба панскія палацы, і ўжо ляцець пачалі.

— Спаліць! Спаліць і зруйнаваць іх, а котлішчы пазаворваць.

З аднаго і з другога боку абурэнне было вялікае. Нарэшце Каль пераходзіць на практычны грунт, каб вырашыць пытанне, як і што рабіць далёй.

— А сяляне ведаюць пра гэты план? — пытае настаўнік.

— Заўтра будуць ведаць усе.

— Збірайце тады сход. Вырашым сходам. Выступаць трэба згодна і ўсім разам.

На трэці дзень сабраўся сход.

Ніколі не бачылі школьныя сцены такога мнагалюднага, бурлівага, неспакойнага сходу. Вякамі збіраная і тоеная крыўда, несправядлівасць і прыніжэнне цяпер усплываюць са дна сялянскай душы і злучаюць увесь натоўп у нешта адно злітнацэлае, многагаловае, мнагарукае, знітаванае адным жаданнем, адною воляю. Гэта той стан выяўлення людской псіхікі, калі людзі-адзінкі расплываюцца, каб зліцца ў чалавеку-натоўпе.

Сярод соцень светлых і цёмных галоў, валасатых і лысых, відаць і старастава галава. Бабіч, гэты ціхі, лагодны чалавек, які ўмее так добра слухаць, цяпер строгі і зацяты. Відаць, ён чымся заклапочаны і як бы неспакойны. Ці выпадала яму прыходзіць на гэты сход як асобе афіцыйнай?.. Нядобра займаць такое прамежнае месца! Старшыні тут няма. О, не! Старшыня сюды не пойдзе. I царкоўны стараста Крэшчык таксама не прыйшоў. Дый многа каго няма, але гэта ўсе людзі заможныя, што каля начальства любяць пабыць, а тут якраз супрацьначальніцкая чыннасць можа мець месца.