Выбрать главу

Грозны вагар зямельных бунтаў пакаціўся па неабсяжных прасторах царскай Расіі, скутай астрогамі і ланцугамі няволі, пакаціўся бляскам пажараў, клубамі дыму, афарбоўваючы ў крывавы колер халоднае асенняе неба. Адвечная сялянская прага да зямлі і гэтае неўміручае імкненне да волі цяпер выліваюцца ў адным глухім, няўцямным ракатанні, гудзе і ідзе нястрыманым поступам, разбураючы ўсё на сваёй дарозе. Кідаюць паны маёнткі, як пацукі падпалены млын, уцякаюць у гарады, галосячы аб ратунку і расказваючы аб жудасцях, якія чыніць мужык-звер.

I вось цяпер такія «мужыкі-звяры» сабраліся ў школе. Паміж сабою дома яны не раз цішком разбіралі падзеі апошніх дзён, а цяпер, на сходзе, трэба ўсё гэта аформіць. А для законнасці яны і старасту Бабіча прыпрэглі сюды.

Гудзе сход, як цёмная пушча пад напорам буры. Асобных слоў не чуваць, адзін густы рокат поўніць школьную залу.

Настаўнік і Аксён Каль уваходзяць у школу.

Натоўп сціхае: пачынаецца акт вялікай грамадскай важнасці. Сотні вачэй узняты на гэтых дзвюх асоб.

— Грамада! Дык прыступім да справы.

Голас у Аксёна звонкі. Тоны ўрачыстасці чуваць у ім.

— А-ру-ду-ду-ду-д-ум! — коціцца невыразны гук з натоўпу, зрэдку пранізваючыся асобнымі словамі. Сход выказвае згоду прыступіць да справы.

— Мы прыйшлі не ў воласць, дзе робяцца сходы, а ў школу, бо настаўнік — наш чалавек, ён за нас, а за гэтую справу не возьмецца ні пісар, ні старшыня, ні хто іншы, бо яны нам не спачуваюць! — гаворыць Аксён.

— Басякі! Нажывацца толькі ўмеюць нашым потам! — чуецца голас.

— Мы будзем прасіць настаўніка дапамагчы нам, каб гэта ўсё аформіць і зрабіць як трэба.

— Просім! Просім! — гудзе сход.

У часе гэтага ўступу з натоўпу непрыметна праціскаецца нізенькі, хірлявы паляшук сярэдніх год, з бародкаю, падобнай да жмута моху, што расце на кары старой бярозы. Ён падыходзіць да настаўніка і ціха кажа:

— Вы ж думаеце, мы не ведаем, хто наш вораг, а хто прыяцель?.. Вы майму Алексу падаруначак зрабілі, купілі сіраце кашульку. А поп, пісар, земскі — гэта басякі, скуру гатовы драць з нас, але мы з імі расправімся!

Настаўніку няма калі гаварыць з ім: сход чакае пачуць яго слова.

Самая справа, па якой скліканы гэты сход, усім вядома: трэба нешта зрабіць з панам Скірмунтам, трэба так ці іначай парахавацца з ім.

Лабановіч адчувае ўсю незвычайнасць абстаноўкі, напружанасць моманту і настрой сходу. Ён адчувае таксама і сваю адказнасць, маральную адказнасць перад гэтым узбударажаным народам, гатовым цяпер пайсці на ўсё: грабіць, паліць, рэзаць — такія прыклады яму вядомы. У той жа час настаўніку трэба выпаўніць свой абавязак перад рэвалюцыяй. А парадзіцца ў гэтай справе няма з кім, тым больш гэта патрэбна цяпер, калі прыціхшая паліцэйшчына пачынае падымаць галаву і робіць расправу з сялянствам, паўстаўшым супраць паноў.

Усхвалёваны і бледны, выступае настаўнік перад сходам.

— Грамадзяне! Усім ясны і зразумелы ваш гнеў і абурэнне. Сотні гадоў жылі мы пад панскім ціскам. Нас не лічылі за людзей, нам чынілі здзек і ўсякую крыўду. Селянін на зямлі, рабочы на фабрыцы працуюць на багатых. Паны і багатыры жывуць у раскошы, а вы — у цёмных і цесных халупах, капаецеся, як чэрві ў зямлі, і няма вам ні жыцця, ні долі. Справядліва гэта? Ці павінна гэтак і далей быць? Хто ж за нас заступіцца? Хто дасць нам збавенне ў гэтай цяжкай нядолі? Калі мы самі не паможам сабе, дык нам ніхто не паможа. Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе, чыніць несправядлівасці, пазаганяла вас у норы, у шчыліны, парабіла вас нявольнікамі. Чаму? А таму, што ў іх руках улада, суды, войска. Яны чмуцяць вам галовы праз цэрквы і школы, што гэтак і павінна быць, палохаюць вас карамі ў пекле, каб вы былі паслушнымі і пакорнымі, абяцаюць вам рай на тым свеце, каб самім вальней было жыць на гэтым. Трэба зразумець, хто намі кіруе і чаму, трэба голасна заявіць аб сваім праве і падтрымаць гэтае права сілаю. Што ж для гэтага трэба? Трэба злучыцца ў адзін шчыльны саюз, у адну грамаду людзей і выступаць у згодзе, дружна, як адзін. Толькі тады вы будзеце непераможнымі, бо хто тады выступіць супраць вас? Войска? Але ж яно складаецца з вашых сыноў, і не для таго патрэбна яно, каб біць сваіх бацькоў і братоў.

Гэтая трохі аб’ездная дарога-прамова пачынае, як заўважае прамоўца, таміць сход. Людзям трэба пачуць пра маёнтак пана Скірмунта.