Лабановіч бярэ план.
— Вось вам, грамадзяне, прыклад таго, як справядліва абышліся з вамі. На гэтым плане затокі і прырэчная сенажаць належаць да вас, але чамусь яны апынуліся пад панам Скірмунтам. Вы за іх судзіліся, але нічога не высудзілі. Нават хацелі цару падаваць прашэнне, але і з гэтага нічога не выйшла б, бо і цар за паноў стаіць, а не за вас.
— Галаву адкруціць трыбухатаму чорту!
— Спаліць яго маёнтак разам з ім і з усім яго насеннем! — гудуць злосныя галасы.
Сялянскае абурэнне расце. Яно можа выліцца ў дзікую форму грабежства і гвалту. А ўсё гэта дасць начальству «законнае права» жорстка пакараць сялян, як грабежнікаў і гвалтаўнікоў.
— Грамадзяне! З вамі абышліся несправядліва, але не паддавайцеся злосці і не рабіце таго, аб чым потым прыйдзецца пашкадаваць. Трэба ўсё ўзважыць, абмеркаваць халоднаю развагаю. Перш за ўсё запытаю вас: ці будзеце трывалымі і цвёрдымі, калі ў гэтай справе налучыць вас якое-небудзь ліха? Ці будзеце складаць з сябе віну на каго другога за свае ўчынкі?
Пытанне, кінутае ў натоўп так проста і неспадзявана, ахаладзіла пал сялянскай злосці.
— Вас мы не выдамо! — чуецца голас з натоўпу.
— Я за сябе не баюся,— адказвае прамоўца, уколаты гэтаю шчыраю заяваю.— Я толькі хачу перасцерагчы і напомніць вам, каб наўперад спакойна абмеркаваць, а потым ужо і рабіць арганізавана і дружна, каб вашы ўчынкі сапраўды былі рэвалюцыйныя і свядомыя.
Стараста Бабіч глядзіць на настаўніка, ківае галавою: праўда ўсё гэта, трэба памеркаваць.
— Праўда, праўда,— уголас кажа ён.
— Дык давайце зробім так, каб было, як кажуць, і сярдзіта і каб нас не маглі падкалупіць лёгка і проста.
Сход уважна прыслухоўваецца да слоў настаўніка.
— Я думаю,— кажа ён далей,— наўперад паслаць Скірмунту наша патрабаванне. Яно ў мяне напісана, і я прачытаю вам яго.
Настаўнік бярэ зараней напісаную паперу, петыцыю, што тады звычайна практыкаваліся, і чытае:
ГРАМАДЗЯНІНУ СКІРМУНТУ Ў АЛЬБРЭХТОВЕ
ГРАМАДЗЯН С. С. ВЫГАНЫ I ВЫСОКАЕ
ПЕТЫЦЫЯ
Несправядлівасць, што чынілі вякамі сялянству паны і чыноўнікі, той цяжкі стан, у якім апынулася яно ў выніку гэтай несправядлівасці, змусіла сялян саміх узяцца за справу скасавання гэтай несправядлівасці. Усюды па Расіі ўзняўся рух сялян на грунце зямельных адносін з памешчыкамі. Гэты рух, як вам, напэўна, вядома, часта прымае грозную, для вас непажаданую форму, бо даведзенае да крайнасці сялянства змушана ўжываць такія формы. Ухіляючыся ад ужывання такіх крайніх сродкаў, мы, грамадзяне с. с. Выганы і Высокае, напамінаем вам, што затокі і сенажаць на Піне, згодна плану, зацверджанаму Межавою Камісіяй 18... года, значацца ў нашым уладанні. Між тым гэтымі нашымі ўжыткоўнасцямі незаконна карыстаецеся вы. У справе ж нашых цяжбаў з вамі за гэтыя ўжыткоўнасці суд стаў на ваш бок.
На падставе ўсяго вышэйпаданага мы патрабуем:
1. Адмовіцца ад незаконнага карыстання нашымі затокамі і сенажаццю.
2. Як узнагароду за гэтае карыстанне перадаць нам частку вашага маёнтка, што прымыкае з аднаго боку ад Піны да дарогі і з другога — да маёнтка Альбрэхтова.
3. Калі наша законнае дамаганне вамі не будзе прынята пад увагу, мы змушаны будзем ужыць іншыя сродкі.
З вялікаю ўвагаю слухалі сяляне гэтую петыцыю.
— Грамадзяне! Згаджаецеся вы падаць такія патрабаванні Скірмунту?
— Згаджаемся.
— Падаць! Падаць! — гудзе сход.
— Калі так, то падпісвайцеся.
Сяляне рушылі да стала і мазолістымі загрубелымі пальцамі выводзілі свае прозвішчы ці проста стаўлялі крыжыкі, а нарэшце паперу змацаваў пячаццю стараста Бабіч.
Выбралі трох дэлегатаў. Ім даручана перадаць петыцыю пану Скірмунту.
— Калі пан ужо верне нам затокі, мы прынясём самай лепшай рыбы нашаму настаўніку за турбацыю,— гаворыць дзядзька Есып.
Скірмунт — чалавек важны і заможны пан. I ўся постаць яго выкрывае гэтую важнасць. Яго маёнтак адзін з найлепшых на Піншчыне. I сярод паноў і сярод начальства ён — паважаная асоба. Ён асабіста знаёмы з губернатарам. Выгладжаны і прылізаны, важна сядзіць ён у сваім пышным кабінеце за багатым сталом, курыць дарагія цыгары. На рэвалюцыю глядзіць звысоку, ці не замнога сабе ўзялі ў голаў гэтыя «хлопы»? Яго золата захована ў надзейных банках. Маёнтак, будынкі і маёмасць — усё застрахавана. Ён не баіцца. Сядзіць, праглядае рахункі, робіць праекты, як пашырыць свае прадпрыемствы, наогул «працуе». Праца сялян і праца рабочых — гэта праца жывёлы. А ён працуе галавою. На яго гаспадарцы жывуць і кормяцца сотні людзей, ён дае ім хлеба, і яму павінны быць за гэта падзячны.