Выбрать главу

У пакой асцярожна і пачціва стукае чыясь рука.

— Проша! — кідае пан Скірмунт.

Уваходзіць перапалоханы галоўны аконам. У руках яго папера.

— Ясны пане! Якую агідную паперу падалі пану гэтыя хамы з Выганаў і з Высокага!

Пан Скірмунт бярэ петыцыю, ускідае вочы. На твары абразлівая ўсмешка.

— Гм! На роўную нагу са мною становяцца: грамадзяне пішуць да грамадзяніна!

Пан Скірмунт вышэй падымае свае закручаныя пышныя вусы. Чытае. Увесь час іранічная ўсмешка не сходзіць з панскіх вуснаў. Чытаючы, ківае часамі галавою. Нарэшце ўсмешка знікае, вочы робяцца злымі. Аддае загад:

— Залажыць брычку і пару коней!

Калі пан Скірмунт скончыў чытанне петыцыі, у яго з’явіўся план, што рабіць у гэтым выпадку.

Пан Скірмунт у Пінск едзе. Трэба ж пацешыць маршалка. Трэба падняць на ногі начальства.

I пан Скірмунт закруціў машыну.

XXX

Вечарам, закончыўшы заняткі, Лабановіч выходзіў часамі прайсціся, каб пабыць на свежым паветры. Было адно такое абранае месца, куды ён звычайна і хадзіў, калі хацелася пабыць аднаму. Месца гэтае — дарога за Выганамі, што ідзе поруч чыгункі, дзе стаяць два ветракі. Тут зусім ціха, асабліва калі сцямнее. I што падабалася тут яму, дык гэта скоры поезд, што ідзе з Лунінца на Пінск. Вёрст пяць адгэтуль, мінуўшы Заазер’е, чыгунка робіць залом, адкуль вельмі добра відаць агні поезда. У гэтых яркіх рухлівых агнях было штось надзвычай павабнае і цікавае. Многа разоў бачыў ён гэтыя агні, і яны здаваліся яму нейкаю чароўнаю ўсмешкаю сярод зацята-маўклівай цемры і заўсёды былі прынадныя і любыя, як сімвалы вечнага жыцця.

На гэты раз ён выйшаў сюды для таго, каб праверыць адну вельмі важную падзею. Удзень пранеслася чутка, што пачалася вялікая агульная забастоўка, што рэвалюцыя дасягае найвышэйшага напружання, што ўступкі, зробленыя царом паўстаўшаму народу, не задавальняюць яго.

Мімаволі нейкі страх ахоплівае душу перад веліччу змагання — чым жа ўсё гэта кончыцца? Які будзе вынік гэтага змагання?

Лабановіч ведае, у які час праходзіць поезд. Гэты час набліжаецца. Настаўнік пільна ўглядаецца ў тое месца залому, адкуль звычайна вынікаюць агні. Але іх не відаць. Можа, таму, што цемра густая і шчыльна перавітая з імглою. У гэтай цемры-імгле нікне зямля і неба, нікнуць агні. Ён пазірае на сяло, каб пераканацца, ці відаць агні з вокан. Яны амаль не відны, толькі светлавата-бледныя слупы-стрэлы ўзнімаюцца ўгору і знікаюць невысока над стрэхамі.

Ён зноў пазірае на чыгунку, на залом і прыслухоўваецца. Навокала магільная цішыня, як бы ўсё анямела або вымерла. Падыходзіць яшчэ бліжэй да чыгункі, зноў услухоўваецца — тая ж цішыня. Глядзіць на гадзіннік, асвяціўшы запалкаю,— прайшло паўгадзіны пасля таго часу, калі звычайна праходзіць скоры поезд. Значыць, праўда — забастоўка пачалася!

Было некалькі дзён напружанага чакання. Звычайнае людское жыццё выбілася з каляіны і спынілася, а калі дзе трохі і рухалася, то рухалася, як павозка, у якой зламалася адно кола.

Старшыня Захар Лемеш цяпер нідзе не паказваецца, бо яго аўтарытэт як начальніка ўпаў на ўсе сто процантаў. I ён больш тупае каля свае гаспадаркі, чым у воласці. Апрануў сівую світку, падперазаўся горшым поясам і ходзіць трохі прыгнуўшыся, каб меней кідацца людзям у вочы. Яго мыслі часамі ідуць у іншым кірунку. Ён думае, што нічога трывалага на свеце няма і што нават яго старшынства мае свой пачатак і свой канец. Без канца канец. Старшыня кажа сам сабе, у думках:

«Э, маць яго барабан!»

Гэта «барабанная маці» і ёсць той мосцік, што кладзецца паміж старшынёй і звычайным чалавекам, якім у перспектыве і давядзецца быць Захару Лемешу.

Пісар Дулеба хоць трохі і прыціх, але ўсё яшчэ храбрыцца. I не пісарства дорага яму — пляваць ён хоча на яго і плюе,— яму абыходзіць самы прынцып: ну, што будзе, калі гэтыя сацыялісты возьмуць верх? Прападзе тады Расія! Ён не парушыўся ў сваіх перакананнях, нават пабачыўшы бурлівы вір маніфестантаў на вуліцах Пінска, калі паліцыя баязліва пахавалася. А старшыні сказаў:

— Нічога, Захар: перамелецца — мука будзе.

— Або мукá, або мýка,— уздыхае старшыня.

— Пачакай трохі: я чуў — холад становіцца на ногі, дзьму-у-ухне ён, брат! Ды так дзьмухне, што ад тваіх забастоўшчыкаў і пер’я не застанецца.

— Што ты кажаш?! — Радасць адбіваецца на старшынёвым твары.

— А вот пабачыш!

Не відаць таксама Івана Пракопавіча, і голасу яго не чутно. Нікуды не ходзіць, дома сядзіць, бо яму прыкра глядзець на ўсё гэтае «плюгаўства»: шуміць, крычыць, само не ведае чаго. «Перавяліся людзі на рускай зямлі. У лібералізм гуляць пачалі. Сволачы». I тут жа ён першы раз аблаяў цара: «Ідыёт. Дый што з яго возьмеш, калі яму Бог мазгоў пашкадаваў?»