Выбрать главу

У папоўскай асярэдзіне таксама шушукаюцца, зашыўшыся ў свае куткі. У вялікае абурэнне прыводзіць усіх той факт, што ў горадзе служанкі забаставалі і матушка, жонка саборнага папа, змушана была сама мыць падлогу і хадзіць з кошыкам на рынак.

Толькі дзяк Бацяноўскі не згубіў галавы і першы выказаў мысль, што гэта за грахі пасылае Бог такую кару.

З прычыны таго, што паязды не хадзілі і газет не было, гэтыя людзі замянялі сабою газеты: па іх паводзінах і па іх тварах можна было меркаваць, як праходзіць рэвалюцыя. I быў такі дзень, калі Лабановіч засмуціўся: ён пачуў вясёлы голас Івана Пракопавіча:

— Гэ, сукіныя сыны! Паўстанне паднялі! Ды што ты супраць войска зробіш?.. Не, брат, вышэй пупа не падскочыш!

I ўсе, хто быў прыдушаны і загнаны ў шчыліны рэвалюцыяй, цяпер акрыялі і высока паднялі галовы.

Надыходзіў момант, калі перамогшы царскі ўрад рыхтаваўся капаць магілу рэвалюцыі, мабілізуючы для гэтага карныя часці войска і суды. Паліцыя і адпаведныя органы ўлады заварушыліся.

У той вечар, калі загрукалі па чыгунцы вагоны пасля дзесяцідзённага перапынку, зайшла да Лабановіча Вольга Віктараўна.

— Невясёлыя навіны, Андрэй Пятровіч: забастоўка скончылася, паўстанне задушана, гарады заліты кроўю. Ідуць арышты.

Неспакой і трывога ахопліваюць Лабановіча.

— Ну, што ж. Трэба лічыцца з фактамі... Але следу гэтае рэвалюцыі ніхто не затрэ ў гісторыі,— адказвае ён.

— О, не! — падхватвае Вольга Віктараўна.— I вешаць нос на квінту няма чаго.

Усе гэтыя весткі, відаць, балюча абыходзяць ёй, але яна стараецца не паддавацца смутнаму настрою.

— I ў Пінску арышты пачаліся. Арыштаваны Глеб і Саламон, помніце іх?

— Арыштаваны? Шкада хлопцаў!

— Я ім зайздрошчу: няхай бы і мяне арыштавалі.

— Ну, у гэтым радасці не надта многа.

— Ведаеце, а па Пінску чуткі ходзяць, што школа ваша — вогнішча рэвалюцыі і быццам бы вы збіраліся ці збіраецеся з сялянамі руйнаваць нейкага пана Скірмунта?

— Ну, там з мухі слана зрабілі!

Лабановіч расказвае, як была справа. Вольга Віктараўна слухае, вочы яе весялеюць.

— А ведаеце,— кажа яна,— калі што, дык у вас ёсць тут вялікі козыр. Можна асвятліць справу так, што вы стрымалі сялян, адхілілі разгром і праліццё крыві... I вам няма чаго баяцца.

— Я не баюся. Чаму? А вось чаму: я даўно падгатаваў сябе да благога канца, і калі са мною здарыцца, ну, тое, што з Глебам і Саламонам, гэта для мяне не будзе нечаканасцю, і арышт мяне не палохае. Напляваць!

— Ну, аб арышце няма чаго думаць.

— Можа, так, а можа, і не. Усе мы пад паліцыяй і жандарамі ходзім.

— Гэта-то праўда... А я ўсе гэтыя дні была ў Пінску, школу сваю закінула, ну яе к чорту. Усё маё навучанне ў апошнія дні складалася з таго, што я збірала дарослых і чытала ім усякую нелегальшчыну.

— Цяпер, Вольга Віктараўна, трэба трошкі вам устрымацца, а то і да вас дабяруцца.

— А чорт іх бяры!.. Ведаеце, мне шкада будзе, калі нам прыйдзецца разлучыцца.

— Калі мяне забяруць, то буду цешыць сябе, што мяне шкадуе такая слаўная дзяўчына, як вы.

— Ох, і злы ж вы чалавек. Не хачу з вамі больш заставацца.

Падымаецца, збіраецца ісці.

— А я вас не пушчу. Пасядзіце яшчэ.

Яна мяняе тон, уздыхае.

— Ох, Андрэй Пятровіч! I не хочацца ісці, але трэба. Правядзіце мяне, калі не лянуецеся.

Яны выходзяць.

На чыгунцы развіталіся.

Вольга Віктараўна ідзе борзда, ні разу назад не аглянулася. Лабановіч стаіць, пазірае ёй услед. Хацеў дагнаць, яшчэ прайсціся з ёю.

На поле насоўваецца змрок, і постаць настаўніцы зліваецца з цемраю.

Лабановіч ідзе назад. Ідзе, разважае аб апошніх падзеях.

У той вечар, калі загрукацеў першы поезд, Захар Лемеш ішоў з воласці. Гумор яго быў значна падняты, бо ён чуў добрыя навіны. Ён нават пасмейваецца сам сабе.

«Галава, гэты мой пісар! — думае старшыня аб Дулебе, — выходзіць так, як ён і казаў!»

Калі ж да вушэй старшыні данёсся грукат з чыгункі і пачуўся гудок, ён запыніўся, паслухаў, а потым загаварыў громка, сваім ужо старшынёўскім голасам:

— Дурні, дурні! I як яны маглі асмеліцца пайсці супраць царскай улады?

Гэты прарыў глухой цішыні на чыгунцы быў як бы дзіркаю, праз якую і палезлі розныя падзеі. Спадцішка яны падрыхтоўваліся і раней, але цяпер выяўленне іх пайшло болей шпарка.

Лабановіч часцей заўважаў нейкія таемныя цені пад вокнамі свае кватэры. Пачаў прыглядацца. Ясна, што ён быў на падазрэнні і за ім сачылі. Сачыла патрошкі і патаемна паліцыя, сачылі і з двара пана Скірмунта, прыглядаўся да яго і дзяк па сваёй добрай волі. Гэтае сачэнне пачалося з таго часу, калі пан Скірмунт перадаў петыцыю пану маршалку. З прычыны гэтага была склікана цэлая нарада. Запрасілі паліцмайстра і казацкага афіцэра.