Выбрать главу

Маршалак, таўшчэразны, непаваротны чалавек, накшталт гіпапатама, прыйшоў у вялікае абурэнне.

— Цешцеся, гаспада! Пад самым носам у нас замышляюцца падзеі, падзеі рэвалюцыйнага парадку, праўдзівей сказаць, рэвалюцыйнай катэгорыі.

Чытае петыцыю.

— «Грамадзян»... Звярніце ўвагу—«грамадзян»! Няма, бачыце, больш мужыка, а ёсць толькі «грамадзяне», якіх крыўдзіць, эксплуатуе... і... якая там яшчэ ў іх тэрміналогія? «Грамадзянін» Скірмунт!.. Га? Як вам падабаецца?.. Такая нагласць!

— Бяспрыкладная нагласць!

— Прахвосты! — утораць галасы.

— Устаноўлена, хто пісаў гэтае мілае пасланне? — пытае казацкі афіцэр.

— Прасвяціцель народа, ён жа педагог,— іранізуе маршалак.— Сяргей Пятровіч! — зварачаецца ён да інспектара.— Гэта ваш скарб.

Інспектар Булавін канфузіцца за свой «скарб».

— Я ад сябе даследую ступень яго ўдзелу ў гэтым беззаконні,— апраўдваецца ён.

— За гэта, разумеецца, мы яго па галоўцы не пагладзім,— гаворыць паліцмайстар.— Але згадзіцеся, гаспада, што яго ўмяшанне мае і свой дадатны бок: гэтая петыцыя захавала ад разгрому пана Скірмунта. I мне так прадставіў справу ляснічы Іван Пракопавіч. Ён проста сказаў: «Ды вы падзякуйце яму за гэтую петыцыю».

Абурэнне супраць аўтара петыцыі значна зніжаецца. Толькі адзін пракурор захоўвае строгасць, уласцівую яго прафесіі.

— Хто б ён ні быў і чым бы ён ні кіраваўся, а ён чалавек небяспечны, крамольнік, гэта ясна, прайдоха, не пазбаўлены юрыдычнага кручкатворства, праўда, наіўнага. Такія «хадатаі» ўраду не патрэбны.

Тым часам, не дачакаўшыся адказу на петыцыю, сяляне склікаюць другі сход. З прычыны таго, што «закон» споўнены, яны вынеслі новую пастанову — прыступіць да карыстання з затокаў, што па плану належаць да іх.

Чалавек дваццаць сялян, узваліўшы невад на сані, выходзяць на затокі. Павольна, не спяшаючыся, бяруцца за справу. Прасякаюць палонкі, закідаюць невад. Работа ідзе весела, дружна. Выцягваюць першы невад, яшчэ весялей робіцца ім. Калі і далей будзе такі спор у рабоце, сёння яны пажывяцца добра. Пасля паўдня ў іх было ўжо цаброў тры ўлову. А рыба як на заказ: ліны і шчупакі, ды ўсё ладныя. Проста ахвота бярэ да работы.

Нарыхтаваліся закінуць невад у новую тоню, разматалі яго, цягнуць, каб закінуць. Дзядзька Есып апошнюю крыгу выкочвае, аж зірк — з-за сухіх высокіх чаротаў чалавек трыццаць казакоў на конях вылятае! I як падкраліся яны так спрытна, ліха іх ведае. Раз — і акружылі!

— Крамольнікі! Бунтаўшчыкі! Для вас ужо царскія законы — не законы?! Сваволіць? Бунтаваць?

Строгі быў казацкі афіцэр.

У дзядзькі Есыпа са сполаху выпала люлька з зубоў у палонку.

— Кладзі невад на сані! — камандуе рыбакам афіцэр.

Мокры невад і тры цабры ўлову паклалі на сані. Панурыя, засмучаныя, устрывожаныя і абураныя такою несправядлівасцю кандыбаюць сяляне пад казацкім канвоем. Іх вядуць берагам Піны каля Высокага, каб усе бачылі ганьбенне іх і пакаранне.

У гэты ж час у школе гаспадарыць паліцыя. З парку Івана Пракопавіча наляцела сюды і акружыла школу. Вучняў пусцілі, настаўніка запрашаюць у яго ж кватэру.

— Нічога не знойдзеце,— гаворыць прыставу Лабановіч.

— Усё загадзя пахавалі? — пытае прыстаў і ўсміхаецца.

Пакапаліся трохі, а потым сказалі настаўніку апранацца.

— Так бы і гаварылі адразу!

Лабановіч збіраецца. Зборы яго невялікія.

Арыштаваных сялян вывелі на выган. Тут збегліся людзі, забілі ўвесь выган.

— Расхадзісь! Расхадзісь! — камандуе паліцыя і распіхае натоўп.

Аксён Каль быў у клуні. Малаціў. З цапільна зрываецца біч. Аксён падымае біч, выходзіць на двор, каб начапіць на цапільна. Пачуўшы на выгане такі незвычайны шум і крыкі, ён бяжыць туды з цапільнам і бічом. Падыходзіць да «лініі ачаплення». Казацкі афіцэр патокам разліваецца, гаворачы прамову-навучанне, перасыпаючы яе «сволаччу», «крамольнікамі» і іншымі страшнымі словамі.

— Каб вы так храбра японцаў бралі ў палон, то былі б малайцы,— гаворыць Аксён да казакоў.

Афіцэр паварочвае злы твар у бок Аксёна.

— Што ты сказаў?

Узлаваўся і Каль.

— Сказаў, што вас японцы білі і гналі, як сабак, а вы прыехалі сюды на бяззбройных мужыках адыгрывацца.

Момант — і афіцэр выхватвае шаблю. Высока ўзняты бліскучы клінок і... чвяк. Афіцэрская шабля далёка ўбок адлятае, выбітая з рук мужыцкім бічом. Яшчэ момант — гэты ж біч гладка прыстае да далікатнай афіцэрскай фігуры. Зваліўся б з каня, але казакі падтрымалі. Рэшта казакоў пачала ў натоўп з коньмі кідацца.

— Бяры яго! Бі! — крычыць звар’яцелы ад злосці афіцэр.

Аксёна кідаюцца лавіць, але ён знікае, як нейкі злы дух. I ніхто не ведае, як гэта ўсё здарылася. А хто і ведае, то не гаворыць.