Натоўп разагналі. Некалькі чалавек падмялі коньмі.
Арыштаваных сялян і настаўніка вядуць выганам, а потым паварочваюць налева, на дарогу ў Пінск.
Дзяк Бацяноўскі стаіць збоку. Праводзіць вачамі гэтую працэсію і кажа, зварачаючы свае словы да настаўніка:
— Так, суседзе, нічога няма патаемнага, што не сталася б яўным. I ўсякую гардыню наказуе Гасподзь.
Мінск, 1926 — 27 гг.
Кніга трэцяя - На ростанях
Частка першая - Верхань
I
Поезд зрушыўся з месца і пашыбаваў далей, набіраючы скорасць і пакідаючы за сабою густыя клубкі дыму. Лабановіч пастаяў з хвіліну, праводзячы вачамі поезд, завёзшы яго ў гэты ціхі куток, дзе пачнецца новае жыццё. Прамільгнула думка, што, знікшы на павароце чыгункі, поезд паклаў сабою рубеж паміж тым, што было раней, і тым, што будзе наперадзе.
Як толькі Лабановіч узяў свае чамаданчыкі, каб ісці на станцыю, да яго зараз жа падбег рухавы чалавек сярэдніх год у латанай сярмяжцы, з-пад якой выбіваўся такі ж паношаны кажушок. Дапытлівыя шэрыя вочкі селяніна на момант запыніліся на Лабановічу. I выраз твару, і ўся постаць селяніна сведчылі аб тым, што ён гатовы зрабіць паслугу добраму чалавеку.
— Вам далёка? — запытаў ён Лабановіча.
— У Верхань,— адказаў Лабановіч.
— У Верхань? То пойдзем са мною: я жыва завязу вас! — узрадаваўся селянін і, не чакаючы згоды, рашуча ўзяў чамадан з рук настаўніка і наважыўся завалодаць і другім.
— Вазьміце адзін, а другі панясу я.
Лабановіч, відавочна, быў задаволены, што не трэба доўга шукаць фурманкі, а гэта непакоіла яго ў дарозе.
Прайшлі станцыю, апынуліся на невялічкім дворыку, дзе стаяла некалькі фурманак. Селянін рухава патрусіў да сваіх саней, узбіў салому, каб латвей было сядзець, паклаў чамаданы, а сам борздзенька падабраў сена з-пад каня, паправіў збрую, узяў лейцы, ускочыў у сані, выцягнуў з саломы пугу, махнуў ёю для рэзвасці і гукнуў:
— Но, арол!
Усё гэта ён зрабіў так быстра, што трудна было ўсачыць за рухамі. Відаць, завіхаўся ён так знарок, каб не даць свайму седаку апамятавацца і не выпусціць яго з рук.
Конік не дужа стараўся апраўдваць свой пачэсны тытул «арла». Ён уздыхнуў па-конску і, павольна cтупаючы, павалок на касагорчык сані з седаком, яго чамаданамі і са сваім гаспадаром.
— Зацугляй каня, а то, глядзі, разнясе! — крыкнуў наўздагон селяніну другі фурманшчык, якому не ўдалося залучыць пасажыра.
Селянін хітра азірнуўся.
— Зацугляй сваю цешчу! — адказаў ён насмешніку.
Успаўзаючы то на адну, то на другую гурбіну і ныраючы ў іх, сані выйшлі на роўную і болей уезджаную дарогу. Худы мышасты конік падбадзёрыўся, весела пырхнуў і сам пабег па сваёй ахвоце.
— I праўда: конік — арол,— пахваліў Лабановіч.
Настаўніку хацелася разгаварыцца са сваім фурманом. Селянін быстра павярнуў галаву да седака. Вочы яго праясніліся, панурасць і заклапочанасць зніклі з твару. Відаць, ён таксама ўзрадаваўся выпадку пагутарыць. Спадабалася, што сядок пахваліў каня і трапна выклікае на размову.
— Вы хто ж будзеце? — лагодна запытаў селянін.
— Настаўнік,— адказаў Лабановіч.
— Настаўнік? — нібы здзівіўся селянін і яшчэ больш уважна паглядзеў на Лабановіча.
— Ведаеце,— сказаў ён,— я так і падумаў — напэўна, гэта новы настаўнік.
— А чаму вы так падумалі? І чаму новы?
Селянін паглядзеў на настаўніка.
— Ды вось мне так у думках цюкнула. Едзеце ў Верхань, а адтуль аднаго настаўніка, я чуў, забіраюць. Ну, думаю, напэўна, вы на яго месца.
— А што, хіба ў Верхані некалькі настаўнікаў? — крыху здзівіўся Лабановіч.
— Два, два, пане настаўніку! Школа вялікая, у двух будынках змяшчаецца, ды ёсць яшчэ кватэра для вучняў, што прыходзяць з іншых вёсак.
— Вось як! Гэта для мяне навіна.
Лабановіч не ведаў, як успрыняць такую навіну. Можа, добра, а можа, і нядобра, што ў адной школе два настаўнікі.
Гутарка павялася далей. Выявілася і колькі вёрст да Верханя,— а іх аказалася васемнаццаць,— і колькі дзядзька Нічыпар Кудрык — так назваў сябе селянін — возьме за фурманку. Дзядзька Нічыпар аказаўся чалавекам памяркоўным, настолькі памяркоўным, што Лабановіч у мыслях рашыў накінуць яму яшчэ адзін рубель, хоць гэтых рублёў было і не так многа,— прыемна ж зрабіць чалавеку нейкую хоць невялікую радасць.
Дарога то падымалася на ўзгоркі, то спускалася ў лагчыны, разгортваючы ўсё новыя і новыя малюнкі. Мясцовасць тут мела зусім іншы выгляд і рэзка адрознівалася ад палескай роўнядзі, з якой звыклася вока маладога настаўніка за гады яго побыту на Палессі. Але кароткі зімні дзень быў хмурны. Неба, усцяж засланае бялесымі воблакамі, пазірала непрыветна і холадна і, нізка навісшы над прасторамі зямлі, надавала ім пануры выгляд, накладала пячаць аднастайнай паныласці. Усё гэта пакідала адбітак на настроі настаўніка. Не вабілі вока блізкія і далёкія сялянскія сядзібы, параскіданыя па заснежаных прасторах палёў то хутаркамі, то невялічкімі вёсачкамі. Няветла пазіралі стрэхі будынкаў з цэлымі пластамі снегу, пачарнелыя сцены хат і вокны, выбеленыя зімняю сцюжаю, і гэта сцюжа, здавалася, яшчэ ніжэй прыгінала да зямлі людскія сялібы. Над хатамі сям-там узнімаліся дрэвы. Аголеныя бязлістыя шатры іх, як шкілеты, яшчэ мацней падкрэслівалі паныласць усяго краявіду. Лабановіч адчуваў у сэрцы журботу аб Палессі, па тых вобразах, што далёка засталіся ззаду. Ён успамінаў Выганаўскую школу, вучняў, знаёмых сялян, з якімі ён здружыўся і з якімі расстаўся так раптоўна і нават трагічна. Шчаслівая акалічнасць памагла яму выблытацца з той непрыемнай справы, якая пагражала астрогам або высылкаю. Начальства само не ведала, як паставіцца да Лабановіча за напісаную ім петыцыю. Можа, сапраўды адвяла яна разгром панскага маёнтка. I настаўніка пусцілі на волю, прачытаўшы яму адпаведную натацыю, і абмежаваліся пераводам у іншую школу, на процілеглы бок краіны, сказаўшы: «Ідзі і болей не грашы». Вось туды і едзе ён цяпер. Цікава, што гэта за школа і якіх людзей сустрэне ён на новым месцы?