Выбрать главу

ІІ

Мінуўшы панскі двор са старасвецкім паркам, з будынінамі, пачарнелымі ўжо ад часу, дарога апошні раз спусцілася з горкі ў шырокую раўчавіну, заросшую дробным алешнікам, прабегла цераз масток — тут цякла невялічкая рачулка — ды зноў пашыбавала ўгору на процілеглы бераг раўчавіны. Тут, на высокай і даволі прасторнай пляцоўцы, і знайшло сабе ціхі прыпынак сяло Верхань.

Лабановіч уважна акінуў яго вокам. Сяло расцягнулася ў адну доўгую лінію кіламетра на паўтара. На адным яго канцы, тут жа непадалёку, узнімаліся дзве школьныя будыніны, а насупраць, цераз вуліцу, яшчэ большы дом валаснога праўлення. Крыху ў баку ад яго стаяла простая, але досыць стройная цэркаўка ў густым вянку высокіх белых бяроз.

«А тут, напэўна, вясною прыгожа»,— падумаў Лабановіч.

Дзядзька Нічыпар Кудрык павярнуў коніка ўлева і праз хвіліну ці дзве спыніўся перад высокім школьным ганкам.

Не вылазячы з саней, Лабановіч дастаў з кішэні чатыры рублі: тры па ўгавору і рубель, накінуты за старанне.

Дзядзька Нічыпар зняў шапку, падзякаваў настаўніку.

— Калі спатрэбіцца фурманка, дык накажыце мне. Жыву я на тым канцы сяла, першая хата за бацюшкавым домам.

На ганку школы яны развіталіся.

Дзверы былі незамкнёныя. Невялічкі і даволі цёмны калідорчык аддзяляў класны пакой ад кватэры настаўніка. Лабановіч крыху здзівіўся цішыні і бязлюддзю. Ён паставіў чамаданы, а сам асцярожненька адчыніў дзверы ў класны пакой. Клас быў пусты і халодны. Даўно не беленыя сцены насілі на сабе сляды розных пашкоджанняў. Тынк у розных мясцінах быў абабіты. З-пад яго свяціліся пераплёты дранак, прыбітых да сцен. Геаграфічныя карты віселі дзе папала і як папала. Карта Еўропы, страціўшы раўнавагу, пахілілася адным краем да падлогі, якая нагадвала твар чалавека, бязлітасна пабіты воспаю. На ёй ляжаў няроўны слой засохшай гразі, наношанай сюды, як відаць, яшчэ з восені вучнёўскімі лапцямі.

Лабановіч моўчкі дакорліва паківаў галавою і выйшаў з класа. Насупраць класных дзвярэй былі другія, таксама незамкнёныя,— у настаўніцкую кватэру. Лабановіч адчыніў іх, унёс свае чамаданчыкі і спыніўся каля парога. Дашчаная перагародка раздзяляла кватэру на два досыць прасторныя пакойчыкі. На процілеглым канцы першага з іх, супраць дзвярэй, стаяў стол без настольніка, такі ж убогі і нецікавы, як і сам гэты пакой. На стале і пад сталом валяліся крошкі, агрызкі селядцоў, скрынкі хлеба і коркі ад бутэлек. Дзве пустыя бутэлькі ад гарэлкі гаротна туліліся ў куточку за сталом. Нефарбаваная, даўно не мытая падлога была ўся ў плямах і насіла на сабе сляды рознага бруду.

«Куды ж я папаў?» — у думках запытаў самога сябе Лабановіч.

Ён падышоў да перагародкі і штурхануў дзверы, яны з шумам расчыніліся. Лабановіч убачыў дзеравяны ложак, на якім ляжаў чалавек, накрыты з галавою дзяругамі. Шум расчыненых дзвярэй патрывожыў сон ляжаўшага чалавека. Ён заварушыўся, з-пад дзяругі паказалася чарнявая галава. Лабановіч адразу пазнаў, каму яна належыць: на ложку ляжаў тутэйшы настаўнік з громкім прозвішчам на дваранскі лад — Срэтун-Сурчык! Ён годам раней скончыў настаўніцкую семінарыю.

Лабановічу і ў думкі не прыходзіла сустрэцца з ім тут і быць назначаным на яго месца. Срэтун-Сурчык расплюшчыў свае заспаныя вочы, са здзіўленнем паглядзеў на Лабановіча і, пазнаўшы яго, вінавата пасміхнуўся.