Выбрать главу

— Ах ты, абібок! — весела крыкнуў Лабановіч, схапіў Срэтун-Сурчыка пад пахі, вывалак яго з бярлогу і паставіў на цыбатыя ногі.

Гаспадар не захацеў спасаваць перад сваім госцем, і яны схапіліся ўплечкі — Срэтун-Сурчык у адной бялізне, Лабановіч у зімовай вопратцы. Госць спрытна адарваў гаспадара ад падлогі, закруціўся з ім, потым падставіў «ножку» і бухнуў яго ў бярлог.

— Ты чаго ж валяешся да гэтага часу? Пара ўставаць дый школу пара аслабаняць, бо яна ўся гразёю зарасце,— прамовіў Лабановіч.

— Ці бачыш, які рэвізор знайшоўся! — азваўся СрэтунСурчык.

— Рэвізор не рэвізор, а настаўнік гэтай школы цяпер — я!

— Ну, ты яшчэ пачакай,— запярэчыў Срэтун-Сурчык. — Сход заяву паслаў у дырэкцыю, каб мяне пакінулі тут.

Лабановіч паглядзеў на яго і засмяяўся.

— Чакай, цётка, Пятра — будзеш сыр есці.— I запытаў: — За што ж пераводзяць? У крамольнікі папаў?

— Ну, не без гэтага! — горда пацвердзіў Срэтун-Сурчык.

— Ну, дык вось я табе што скажу: не цеш сябе, хлопча, марнымі надзеямі, а лепш паціхеньку бяры лахі пад пахі і выбірайся. Ці ты думаеш, мне міла твая школа? Каб ад мяне залежала, дык я і цябе і тваю школу за дзесяць вёрст абышоў бы. На жаль, яна зараз мая.

Срэтун-Сурчык пачуў праўду ў словах Лабановіча.

— Дык, праўду сказаць, я і провады ўчора наладзіў. Але ўсё ж з нагрэтым кутком шкада расставацца.

— У каго яго не было, нагрэтага кутка? — сказаў Лабановіч.— Ну, што ж? Будзем награваць новыя. Але скажы ты мне, чаму ў цябе школа такая запушчаная? Нешта не відаць, каб ты яе нагрэў.

— Рэвалюцыя, брат,—сказаў Срэтун-Сурчык і махнуў рукою. Ён пачаў выбірацца з бярлогу і прыводзіць сябе ў парадак.

Лабановіч пазіраў на яго і пасміхаўся.

— Рэвалюцыя, кажаш? — прамовіў ён.— Праўда, рэвалюцыя крышыць і ломіць усё на сваёй дарозе, але гэта не значыць, што вакол нас павінны быць гразь і бруд.

Расчыніліся дзверы. У кватэру зайшоў малады чалавек. На яго губах, прыкрытых рыжаватымі вусікамі і крыху паднятых к носу, засвяцілася ўсмешка. Гэта быў другі настаўнік Верханскай школы, ён назваў сябе Анцыпікам. Гаварыў ён трохі ў нос. Пры гутарцы язык яго як бы чапляўся за нешта ў роце і часамі прышчоўкваў. Калі людзі прыдумалі, хоць і недакладна, як перадаць на пісьме той гук, якім чалавек спыняе каня, дык запісаць прышчоўкванне языка Івана Анцыпіка было куды цяжэй.

«Блізкімі сябрамі з ім не будзем»,— падумалася Лабановічу з першага знаёмства з Анцыпікам. З гутаркі Лабановіч даведаўся, што заняткі з дзвюма малодшымі групамі Анцыпік пачаў пасля зімовага перапынку. Сярод вучняў жа Срэтун-Сурчыка склалася такое перакананне, што ў гэтым годзе ніхто з іх не будзе прадстаўлены да экзаменаў.

На другі дзень Срэтун-Сурчык выехаў у новую школу.

ІІІ

Лабановічу запалі ў памяць словы Анцыпіка пра тыя гутаркі, што хадзілі між вучняў аб экзаменах. Ён вырашыў на трэці дзень прыступіць да школьных заняткаў. Яго сэрца балела за вучняў, якім абыходзіла справа аб сканчэнні школы. Ён іх не ведаў, і яму хацелася іх пабачыць. Але наўперад трэба было прывесці ў парадак школу, ачысціць яе ад бруду.

Старожка, нізенькая, сухенькая, рухавая бабка, пазнаёмілася з новым настаўнікам яшчэ ў першы дзень яго прыезду. Яна спярша ўкрадкам вельмі ўважліва разглядала яго з нейкаю зацікаўленасцю. Твар яе быў заклапочаны, бабка выглядала нявесела. Відаць, яна шкадавала ранейшага настаўніка, да якога прывыкла за тры гады. Бабка Параска была круглая бабылка, не мела ні мужа, ні сям’і і называла сябе «самасейкаю». Яна не ведала, хто яе бацька. А маці, радзіўшы без шлюбу Параску, пакінула яе сіратою, калі дзяўчынцы было не больш як пяць гадоў. Усё жыццё пражыла Параска ў чужых людзей, і жыццё гэта не было радасным. Адно, што выпадала на яе долю, гэта — цяжкая праца на чужых людзей. Працу яна любіла і працавала сумленна, бо іначай ёй нельга было жыць.

Як толькі выехаў Срэтун-Сурчык, бабка Параска ўзялася за работу. Наклала дроў у печ, падпаліла іх і завінулася з венікам каля хаты, старанна падмятаючы пакойчык.

— Як засядуць, дык на ўсю ноч. Гразі пананосяць, панакідаюць агрызкаў, а ты чакай, покі не павыносіць іх з кватэры,— дакорліва бурчала бабка Параска. Відаць, яна хацела апраўдацца перад новым настаўнікам.

— А мы, бабка, не будзем такіх свіней у дом пускаць,— сказаў Лабановіч.

Бабка Параска спыніла работу, разагнулася. З яе сухога, круглага твару пазбягалі маршчынкі. Яна засмяялася.

— Няможна, панічок, так казаць, бо ўсё ж гэта людзі высокія — паны, панічы,— заўважыла бабка, але, відаць, і сама яна згаджалася, што гэта не людзі, а свінні.