Выбрать главу

Па кім жа галосіць віхура? Можа, па тым усенародным выбуху гневу і абурэння супраць царскага самаўладства, памешчыцкага гнёту, выбуху, які заліваюць зараз кроўю паўстаўшых пры дапамозе карных экспедыцый, шыбеніц, расстрэлаў, узаконеных царом і «святою» царквою?

Гэта балесная песня ў коміне клала свой адбітак на настрой Лабановіча, і думкі яго мімаволі зварачаліся на палітычнае становішча ў краіне. Вышэй і вышэй падымае галаву чорная рэакцыя. Жорсткая рука царскага самаўладства з кожным днём тужэй сціскае пятлю на шыі народа, каб выбіць з яго ніколі не пагасаючы дух свабоды, волю да барацьбы за свае чалавечыя правы. Ужо адзін той факт, сведкам якога быў Лабановіч яшчэ на Палессі і які глыбока запаў яму ў памяць — з’яўленне поезда пасля доўгай забастоўкі чыгуначнікаў,— пахіснуў яго веру ў перамогу рэвалюцыі. Цяпер жа не падлягала сумненню, што ў барацьбе з народам брала верх самаўладства. Варта было абегла зірнуць на хроніку, што змяшчалася на старонках тагачасных часопісаў, на царскія загады, на розныя цыркуляры, каб пераканацца ў гэтым. Усё, што хоць у нязначнай меры ішло ад свабоды і прагрэсу, бязлітасна нішчылася пятамі царскіх сатрапаў. А побач з гэтым вынікалі чарнасоценныя манархічныя саюзы. На паверхню ўсплывалі такія імёны, як Дубровін, Булацаль, Грынгмут, Пурышкевіч і іншыя людскія пацяробкі. Ім была дана поўная свабода ў іх чалавеканенавісніцкай дзейнасці і агітацыі за цара, за прастол і «ісконныя ўстоі» царскага самаўладства.

А на дварэ яшчэ з большаю сілаю бушавала завіруха. «Не прыйдуць заўтра вучні»,— падумаў Лабановіч. Ён зірнуў у акно. На вуліцы было цёмна. Непранікальная заслона снегу, дзе ўсё мітусілася, рухалася, хадзіла ходырам, бы ў нейкім тлумным дзікім танцы.

«А што, калі пайсці з візітам да пісара? — падумалася Лабановічу.— Усё ж роўна схадзіць трэба,— такая ўжо завялася традыцыя. Час жа прападае марна. А ці варта ў такое кручанае надвор’е рабіць візіт свайму суседу? Ён, можа, зачыніўся так, што да яго і не дастукаешся. I хто вылазіць з дому ў такую завіруху?»

I ўсё ж настаўнік вырашыў завітаць да пісара. Цікава зірнуць, што на дварэ робіцца, а заадно і клопат пазбыць.

Бабка Параска рукамі замахала.

— Куды ж гэта вы, панічок, надумаліся ісці ў такое шалёнае надвор’е? Ці вам жыць на свеце надакучыла?

— А я проста хачу паглядзець на мяцеліцу,— адказаў настаўнік.

Не паслухаў бабкі Параскі, пайшоў. Толькі ён адчыніў дзверы на двор, як на іх налёг вецер з такою сілаю, што настаўнік мусіў уперціся і натужыцца, каб не выпусціць з рук клямкі і не паехаць разам з дзвярамі. Вецер насядаў так напорна, што ён насілу зачыніў дзверы. Стаяць на ганку было трудна: вось-вось садзьме вецер у гурбу, якая ўжо асталявалася па той бок ганка, дзе было зацішней.

Падняўшы каўнер і прыгнуўшыся, Лабановіч спусціўся з ганка. На вуліцы снегу было мала. Вецер гнаў яго, як па жолабе, шліфуючы вуліцу і робячы яе слізкай. На сярэдзіне вецер падхапіў настаўніка і панёс удоўж вуліцы. Лабановіч прысеў на кукішкі, падставіўшы ветру спіну, і некалькі крокаў праехаўся, як на санках.

Кватэра пісара засталася трохі ззаду. Вецер загнаў Лабановіча ў гурбу, дзе ён знайшоў апору і спыніўся. Настаўнік папікнуў сябе за легкадумнасць. Ён павярнуў назад, насустрач ветру, які забіваў дыханне, хвастаў снегам па твары, як венікам.

«А ўсё ж такі дайду!» — сказаў Лабановіч сам сабе і накіраваўся ў бок пісаравай кватэры.

Абсыпаны снегам, як мельнік мукою, барукаючыся з ветрам, часамі ўступаючы яму, часамі пераадольваючы яго, настаўнік нарэшце ўзлез на валасны ганак. Ён доўга стукаў у дзверы, але ніхто не падыходзіў. «Або не чуюць, або думаюць, што ў дом прэцца нейкі бадзяга»,— падумаў Лабановіч. Пастукаў яшчэ раз — ніякіх адзнак жыцця. Ён ужо хацеў ісці назад, аж раптам грукнула засаўка.