— Хто там? — пачуўся голас з сярэдзіны.
— Сусед ваш, настаўнік.
Стораж упусціў настаўніка ў дом, паказаў пісараву кватэру. Лабановіч зняў паліто, атрос снег.
Пісар Васількевіч сядзеў у сваім запаветным пакойчыку, дзе ён часта любіў заставацца ў самоце, праўда, не ў поўнай, бо з ім звычайна была бутэлька гарэлкі, якую ён сяды-тады падносіў да сваіх пісаравых губ.
— Рад, рад! — прамовіў гаспадар, хоць выраз яго твару не сведчыў аб радасці. Пісар быў чалавек сярэдніх год і меў прафесарскі выгляд — строгі, сур’ёзны і нават сярдзіты. Акуратна падстрыжаная бародка-лапатка асабліва падкрэслівала гэты інтэлігенцкі выгляд.
— Як жа гэта вы ў такое надвор’е? — запытаў пісар, не праяўляючы ніякай зацікаўленасці да асобы настаўніка.
— Для добрага суседа хіба можа быць перашкодаю дрэннае надвор’е? — падкрэслена ветліва і з прытоенаю насмешкаю запытаў Лабановіч. Але і гэта не кранула пісара. Ён сядзеў пануры і чымсьці незадаволены.
— А чаму вас прыслалі сюды? — нечакана запытаў пісар.
— Каго ж небудзь ды трэба прыслаць, каб у школе работа была.
— Работа,— паўтарыў пісар і дадаў:—Гледзячы, якая работа... Нешта нашы настаўнікі праз меру да народа горнуцца, збіваюць яго з правільнай дарогі,— строга сказаў пісар і падняў на настаўніка свае блакітныя, досыць прыгожыя вочы.
Лабановіч не ўправіўся даць адказ на словы пісара, бо той раптам паставіў пытанне рубам:
— А вы не з такіх?
Лабановіч паглядзеў на пісара. Злыя агеньчыкі заіскрыліся ў вачах настаўніка, але ён стрымаўся і з дабрадушнаю ўсмешкаю сказаў:
— Я быў арыштаваны за тое, што гарнуўся, як вы кажаце, да народа. Але начальства разабралася і выпусціла мяне.
Пісар апусціў вочы на стол, на якім яшчэ значыліся сляды разлітай гарэлкі. Ён нават не запрасіў суседа на шклянку чаю. I толькі потым даведаўся Лабановіч, што ў асобе кожнага маладога чалавека пісар бачыў свайго асабістага ворага: пісар Васількевіч не давяраў сваёй жонцы.
V
Завіруха бушавала ўсю ноч і ўвесь дзень. Здавалася, не будзе канца яе лютай сіле, яе злоснаму завыванню. На вуліцы, як і раней, мітусіўся снег. Яго белая заслона закрывала будынкі і дрэвы. Навокал усё гуло, трэслася, выла, скуголіла. У кватэры настаўніка было холадна. Вецер прабіваўся праз вокны і сцены і разгульваў па пакоях вольны, як гаспадар. Пад вечар завея аціхла. Нізкія воблакі, шчодра пасыпаўшы снегам зямлю, падняліся вышэй. На вуліцы пасвятлела, хоць ужо надыходзіў вечар. I толькі цяпер перад вачамі раскрываўся малюнак таго, што натварыла завіруха. На вуліцы, у дварах каля будынкаў і ўздоўж платоў ляжалі горы снегу з самымі вычварнымі паветкамі і карнізамі, якіх не патрапіць вылепіць самы здольны скульптар.
Стораж Піліп, не скупячыся, напаліў печы. Школа даўно не апальвалася, і ў ёй было холадна, асабліва пасля такога вятругі. Як толькі добра разднела, пачалі патроху збірацца вучні, але далёка не ўсе прыйшлі ў гэты дзень. Ніхто не з’явіўся з суседніх вёсак і хутароў: дарога пасля мяцеліцы была яшчэ не працёрта. Усё ж Лабановіч адчуваў нейкую маральную палёгку: ён любіў сваю школьную справу, і яму надакучыў вымушаны адрыў ад яе. Хоць ён меў ужо даволі значную школьную практыку, тым не меней першая сустрэча з вучнямі ў новай школе і цікавіла і трохі хвалявала.
Вучні сядзелі ціха, не бегалі, не падымалі гармідару, як уласціва школьнікам. Відаць, і іх цікавіла асоба новага настаўніка, яго характар і адносіны да іх у далейшым.
Лабановіч увайшоў у клас з некаторым спазненнем, мяркуючы, што, можа, яшчэ падыдуць вучні. Пры з’яўленні настаўніка дзеці пужліва ўсталі, не зводзячы з яго вачэй. Настаўнік паздароўкаўся з імі як мага прыветней і сказаў:
— Сядайце!
Звычайна школьны дзень пачынаўся малітваю перад вучэннем. На гэты раз настаўнік адступіўся ад заведзенага парадку.
— Ну, што ж? Перш за ўсё хачу пазнаёміцца з вамі,— сказаў ён, сеўшы за стол.
Самым прыдатным спосабам знаёмства з вучнямі быў класны журнал з вучнёўскімі спісамі на кожны месяц. Па гэтых спісах настаўнікі штодзённа правяралі наяўнасць вучняў і ступень акуратнасці наведвання школы.
Лабановіч па спісу чытаў прозвішчы вучняў трэцяй групы. Калі вучань не з’явіўся, ставіў паметку «нб», што азначала «не быў». У гэты дзень такіх аказалася большасць. Калі ж вучань быў у наяўнасці, то ён, пачуўшы сваё прозвішча, уставаў і казаў: «Я!» Настаўнік углядаўся ў яго, каб лепей запомніць, затым коратка распытваў, колькі яму гадоў, каторую зіму ходзіць у школу, колькі часу вучыўся ў той ці іншай групе, чым займаецца дома, што ён любіць найболей з навукі. Усе гэтыя пытанні мелі адну мэту — лепш азнаёміцца з вучнямі і трохі разварушыць іх, рассеяць нясмеласць і напружанасць. Сярод вучняў, з якімі знаёміўся Лабановіч, увагу настаўніка звярнуў на сябе Грышка Мініч. Пачуўшы сваё прозвішча, ён нерашуча і сарамяжліва ўстаў, прыгнуўся, трымаючыся за лаўку. Гэта быў бялявы, худы, высокі і тонкі хлапчук. На яго твары блукала разгубленая ўсмешка. Мініч вучыўся ў другой групе, але па росту ён быў самы большы ў школе, і гэта, відаць, бянтэжыла яго. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў. Было яму чатырнаццаць гадоў. Пасля кароткай гутаркі, адкáзаў на запытанні настаўніка, адкáзаў разумных і сталых, Мініч трохі памяўся і нясмела папрасіў перавесці яго ў трэцюю групу.