— А чаму ж не перавёў цябе ранейшы настаўнік? — запытаў Лабановіч.
— Я неакуратна наведваў школу і шмат прапусціў заняткаў.
— А чаму прапусціў? Чаму неакуратна хадзіў у школу?
Мініч растлумачыў, што ён адзін работнік у доме. Бацькі ў яго няма. Маці доўгі час была хворая, і яму прыходзілася займацца рознымі хатнімі справамі. Цяпер жа ў яго вольны час, і можна цалкам аддацца навучанню.
Лабановічу стала шкада гэтага няскладнага, сарамяжлівага і, відаць, здольнага хлопца. У самым тоне яго просьбы гучаў боль чалавечай душы.
— Ну, добра, Мініч: перавяду цябе ў трэці клас. Будзеш старацца, я памагу табе. А далей пабачым.
Шчаслівы Мініч сеў і з выглядам пераможцы зірнуў на сваіх таварышаў.
Настаўнік выкрасліў прозвішча Мініча са спіса другой групы і запісаў яго ў трэцюю.
Знаёмства з вучнямі і гутаркі з імі занялі добрую гадзіну часу, пасля чаго быў аб’яўлены перапынак.
Першы дзень заняткаў Лабановіч скончыў шмат раней, чым належала. Гэты дзень паказаў, што наперадзе многа напружанай працы з вучнямі, бо яны шмат прапусцілі і школьны курс засвоілі слаба. Але гэта не палохала настаўніка і не зніжала яго добрага настрою. Тая ж акалічнасць, што ён будзе мець справу толькі з дзвюма групамі, яшчэ болей умацоўвала веру ў поспех і падымала жаданне цалкам аддацца рабоце. За нядоўгі час свайго побыту на новым месцы Лабановіч паспеў збольшага агледзецца, і яму пачынала падабацца тут. Ён палюбіў і школу і вучняў. Цяпер і само сяло Верхань і яго ваколіцы выглядалі шмат весялей і ўтульней.
Лабановіч выйшаў на ганак школы. Каля будынка воласці стаяла некалькі фурманак. Часамі туды праходзілі людзі, маючы, відаць, нейкія свае патрэбы. Лабановіч прыгадаў нядаўні візіт да пісара Васількевіча і яго негасцінны прыём. Настаўніку захацелася павандраваць куды-небудзь у ваколіцы сяла. Але ўжо вечарэла, і было многа снегу. Сваю вандроўку ён адлажыў на болей зручны час. Увесь вечар ён сядзеў дома, закапаўшыся ў школьныя справы.
Бабка ставілася да новага гаспадара з ласкаю роднай маткі. Некалькі разоў заходзіла яна да Лабановіча. Ёй прыемна было паведаміць, як паставіліся да яго вучні, што гаварылі аб настаўніку. А потым бабка надумалася пачаставаць яго асабліваю вячэраю. Яна наскрэбла чыгунчык бульбы. Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. З кашы яна рабіла піражкі і падсмажвала іх на скавародцы. Такіх піражкоў настаўніку ніколі не даводзілася каштаваць, ён еў з ахвотаю і хваліў кухарскія здольнасці бабкі Параскі. Бабка ўся цвіла ад задавалення.
VI
Сярод розных настаўніцкіх турбот у новых умовах немалое месца займала пытанне аб адносінах да тутэйшай вясковай так званай інтэлігенцыі. З практыкі мінулых гадоў і з непасрэднага сутыкання Лабановіч ведаў цану ёй і не бачыў нічога такога, што хіліла б у яе бок. Карты, п’яныя вечарынкі, плёткі, гутаркі аб жаніцьбе і розныя патайныя замахі на халастога чалавека, каб зрабіць яго жанатым,— усё гэта вядомая і ўжо старая для Лабановіча гісторыя. Наведванне пісара Васількевіча яшчэ болей астудзіла ў настаўніку жаданне да далейшых візітаў. Але без іх абысціся было трудна. Ламаць устаноўленыя традыцыі нельга было без рызыкі здабыць славу нейкага адшчапенца і чалавека падазронага, асабліва ў такі час, калі настаўнікі зарэкамендавалі сябе як людзі з крамольніцкім складам мыслей.
У сяле самай віднай фігурай быў поп. Абмінаць яго ніяк не выпадала, тым болей што настаўнік хадзіў ужо да пісара. Гэта стала вядома папоўскай фаміліі, і сукосным чынам да Лабановіча даходзілі весткі, што ў папоўскім доме чакалі сустрэчы з новым настаўнікам. Вось чаму, хочаш не хочаш, а да папа заявіцца трэба.