Выбрать главу

У бліжэйшы суботні вечар, пасля царкоўнай службы, Лабановіч узяў курс на процілеглы бок сяла, дзе сярод прасторнага двара з агародам і садам стаяў вялікі і даволі прыгожы дом тутэйшага бацькі Уладзімера Малевіча. З домам зліваўся шырокі, крыты ганак са скругленымі слупамі. Улева ад яго ішла веранда. Тут у цёплыя дні вясны і лета спраўляў свае трапезы бацька Уладзімер. Уся яго гаспода нагадвала сядзібу землеўласніка сярэдняй рукі. Разгледзець яе больш падрабязна і ацаніць так, як таго яна варта, зараз было трудна: заміналі вечаровы змрок і снег, што тоўстым пластом закрываў стрэхі дома і падсобных гаспадарскіх будынкаў. Праз шчыліны зачыненых аканіц прабівалася яркае святло. Лабановіч узышоў на высокі ганак і пастукаў у дзверы. Крыху счакаўшы, пачуліся лёгкія крокі, а потым жаночы голас каля самых дзвярэй:

— Хто там?

— Новы настаўнік. Я з візітам да бацюшкі.

Дзверы адчыніліся. Маладая, высокая, ладная жанчына падалася ўбок, прапусціла настаўніка і, лагодна ўсміхнуўшыся, сказала:

— Заходзьце.

Лабановіч недаўменна зірнуў на маладую жанчыну — хто яна? Папова дачка ці служанка? Са столі пярэдняй звісала лямпа. Па баках былі прыладжаны вешалкі, а на іх — поўна жаночай і мужчынскай адзежы, муфтаў і шапак.

— Я, здаецца, не ў час прыйшоў,— разгублена прамовіў Лабановіч.

— Нічога, нічога,— сказала жанчына.— Знімайце паліто.

Яна ўзяла паліто і ўціснула яго між адзежы, ужо вісеўшай на вешалцы.

Маладая жанчына аказалася ахмістрыняю бацькі Уладзімера і не толькі ахмістрыняю: бацька Уладзімер быў не ў ладах са старою, тоўстаю накшталт капы матушкаю, але ўсе яны жылі разам, размеркаваўшы між сабою дамашнія абавязкі і функцыі.

Пакуль Лабановіч прыводзіў сябе ў парадак, ахмістрыня паспела далажыць аб яго прыходзе. Настаўнік няспрытна пераступіў парог і спыніўся збянтэжаны: у сталовай за доўгім сталом сядзела чалавек з дваццаць незнаёмых людзей рознага полу і ўзросту. Але Лабановічу не далі часу разгледзецца. Перад яго вачамі прамільгнулі няясна толькі дзве постаці: дзябёлага, барадатага бацькі Уладзімера і пісара Васількевіча. Далей разгублены візітант нічога не ўбачыў: да яго бурна падбег старэйшы сын бацькі Уладзімера, Віктар, нізкаваты, карэнкаваты хлопец гадоў дваццаці. Як самага лепшага друга, якога ён не бачыў доўгія гады, Віктар крэпка абняў за шыю новага госця і пачаў яго цалаваць. А ў гэты час каля іх ужо стала пераросшая дзявочы век Віктарава сястра Дуня. Яна адапхнула Віктара і таксама бурна выказала свае пачуцці, а потым узяла настаўніка пад руку і павяла знаёміць з гасцямі. Пры гэтым яна гаварыла:

— У нас папросту, па-прыяцельску.

— Сюды, сюды вядзі яго! — скамандаваў бацька Уладзімер.

Лабановіч падышоў да яго. I не паспеў сказаць слова, бо бацька, пахіснуўшыся, шырока развёў рукі, абняў госця, прыліп да яго мяккімі валасатымі губамі і пацалаваўся з ім, як на Вялікдзень. Ад бацькі Уладзімера несла гарэлкаю, як з віннага склепа. Абыходзіць гасцей бацька Уладзімер настаўніка не пусціў.

— Садзіся тут,— паказаў ён Лабановічу месца каля сябе і дадаў, зварочваючыся да гасцей: — Панюхаецеся з ім потым.

У бацькі Уладзімера быў свой лексікон. Ён часта ўжываў такія словы, якія ішлі наперакор не толькі статуту святой царквы, але і самай элементарнай цэнзуры. Набажэнства ў царкве ён заўсёды правіў пад «мухаю».

— П’еш гарэлку? — запытаўся ён Лабановіча.

— З духоўнымі асобамі гарэлка п’ецца смачна. Не ведаю толькі, які філосаф сказаў гэта,— прамовіў Лабановіч.

— Маладзец! — засмяяўся бацька Уладзімер.— Духоўныя асобы маху па гэтай часці не даюць.

У пацвярджэнне сваіх слоў ён завёў басам:

Отец наш благочинный

Пропил тулуп овчинный

И ножик перочинный —

Омерзительно!

Праспяваўшы гэты куплет, поп нечакана звярнуўся да суседа:

— Пакажы мне свае вочы!

Паглядзеўшы настаўніку ў вочы, бацька ўстанавіў:

— Вочы як вочы! А вось пісар кажа, што ў тваіх вачах рэвалюцыя гарыць.

Пісар заварушыўся ў крэсле і злосна зірнуў на бацьку Уладзімера.

— Не пасуе бацюшку плёткамі займацца,— заўважыў пісар.

Бацюшка толькі пусціў смех у густую бараду і ціха прамовіў да Лабановіча:

— Калі ў цябе ёсць нелегальная літаратура, нясі яе мне. Схаваю пад прастол — ніякі чорт не дабярэцца да яе.

Бацька Уладзімер ужо быў добра п’яны. Ён раптам змоўк, спахмурнеў і зараз жа падняўся з месца. Не сказаўшы болей ні слова, ён, пахістваючыся, накіраваўся ў сваю спачывальню. Яго шырокая спіна пакалыхвалася, як у мядзведзя. Праводзіць бацюшку пайшла ахмістрыня. На яго выхад ніхто не звярнуў увагі — так рабіў ён не першы раз. Госці нават уздыхнулі лягчэй. Толькі пісар заставаўся надзьмуты і пануры. Насупраць за сталом сядзела яго жонка, Ганна Грыгор’еўна, баючыся падняць вочы на каго-небудзь з маладых людзей. Яна была прыгожая жанчына і трохі нагадвала сабою чырвовую даму. Увесь час пісар не спускаў яе з вока, і ніводзін рух яе не заставаўся ім незаўважаным. Хутка і ён падняўся з-за стала, з сім-тым развітаўся, забраў сваю жонку, як ні ўпрошвала яго Дуня пакінуць яе тут, і пайшоў дахаты. За пісарам паўставалі і іншыя пажылыя госці. Гэта былі дробныя навакольныя землеўласнікі, з якімі Лабановічу не давялося ні пазнаёміцца, ні сустрэцца потым. Нязручна і няёмка пачуваў ён сябе тут. Сабраўся ісці дамоў, але белабрысая, кірпаносая Дуня, вылітая маці-пападдзя, катэгарычна запратэставала. Да яе далучыліся Віктар і Саўка, яго малодшы брат, цыбаты, даўганосы хлопец, не падобны ні да папа, ні да пападдзі, і сама пападдзя.