Выбрать главу

— Куды вам спяшацца? — казала матушка.— Дзеці плачуць у вас дома, ці што? Пагуляйце, павесяліцеся. Унь колькі дзяўчат, як маку на градзе.

На кавалкі разрывалася Дуня, каб стварыць атмасферу весялосці і ўцягнуць у яе малазнаёмага тут новага настаўніка. На вечары засталася толькі моладзь. Сярод яе была нават адна сама па сабе прывабная дзяўчына Вера Іжыцкая, з заняпалага дваранскага роду. Лабановіч употайку наглядаў за ёю. Яна сядзела ціха, стрымана, уважліва прыглядалася да ўсяго, што тут адбывалася. Крыху прыжмураныя цёмна-шэрыя вочы яе пазіралі кудысь задумліва, як бы яна штось успамінала і ў мыслях перабіралася ў іншае асяроддзе. «Якім чынам апынулася тут яна?» — думаў Лабановіч. Ён прыгадаў аднаго слуцкага рамізніка, які меў княжацкі тытул і ў крытычных выпадках казыраў ім. Дуня заводзіла хрыпаты грамафон, потым прымусіла спяваць Віктара. У яго быў някепскі голас. Як мага прачула праспяваў ён надрыўны раманс: «Отойди, не гляди, скройся с глаз ты моих». Словы раманса і выкананне рабілі цяжкае ўражанне; прычыну гэтага Лабановіч знайшоў не адразу. I словы, і мелодыя сведчылі аб распадзе жыцця тагачаснай грамады, дзе не заставалася ніякіх перспектыў на будучыню. Гэта падкрэслівалася словамі: «А тебя с красотой продадут, продадут!» Моладзь, асабліва дзяўчаты і ў тым ліку Іжыцкая, уважна слухалі і часамі цяжка ўздыхалі.

Лабановіч сядзеў, як звязаны, і не адчуваў ніякага задавалення. Яго замкнёнасць і скованасць зварачалі на сябе ўвагу і гаварылі не на яго карысць.

Вечар скончыўся гульнямі. Селі гуляць у «фанты». Было дамоўлена, што той, хто праштрафіцца, павінен па свайму выбару пацалаваць каго-небудзь з прысутных. Калі праштрафіцца хлопец, ён павінен выбраць дзяўчыну, і наадварот. Самым цікавым у гульні і быў гэты момант. Аматараў праштрафіцца знайшлося нямала. Праштрафілася і дваранка. З хітраватаю ўсмешкаю выйшла яна ў круг. Крадучыся, як кошка, яна абвяла поглядам хлопцаў і падышла да Лабановіча. Бедны настаўнік збянтэжыўся, чым і выклікаў дружны смех і воплескі. «Лепш было б пацалавацца адзін на адзін»,— падумаў Лабановіч, але сказаць гэтага не асмеліўся.

Лягчэй уздыхнуў ён тады, калі, нарэшце, выбраўся за парог дома бацькі Уладзімера. Веру Іжыцкую ўспамінаў ён часта, але болей сустрэцца з ёю не давялося.

VII

Работа ў школе наладзілася, увайшла ў сваю каляіну.

Пасля школ з чатырма групамі заняткі з дзвюма здаліся Лабановічу надзвычай лёгкімі. Удвая болей увагі ён мог зараз аддаваць кожнай групе. Тыдні праз два ён вылучыў са старэйшай групы чатырнаццаць вучняў для прадстаўлення да экзаменаў: дзевяць хлопчыкаў і пяць дзяўчатак. Сярод хлопцаў, прадстаўленых да экзаменаў, аказаўся і Мініч. Якая гэта была для яго радасць і гордасць! Ён меў выдатныя здольнасці і быў незвычайна старанны. Аднойчы на занятках Лабановіч заўважыў, як Мініч не-не дый заплюшчыць вочы і клюне носам у лаўку. Неадольны сон прычапіўся да хлопца. Нарэшце Мініч заснуў. Настаўнік падышоў і крануў яго за плячо:

— Што гэта ты, Мініч, спіш на занятках?

Мініч спалохана прахапіўся. Вінаватая ўсмешка заблукала на яго губах. Вучні зарагаталі.

— Я не спаў усю ноч,— прашапялявіў Мініч.

— Чаму ж ты не спаў? — пацікавіўся настаўнік.

— Я вывучаў гісторыю,— адказаў Мініч.

— I многа ж ты вывучыў за ноч?

— Усю прайшоў.

— I цяпер ты яе ведаеш? — дапытваўся настаўнік.

— Ведаю,— упэўнена пацвердзіў Мініч.

Лабановіч здзівіўся, калі на цэлы рад яго запытанняў вучань даваў дакладныя і грунтоўныя адказы.

— Маладзец! — пахваліў яго настаўнік.

Мініч стаяў задаволены і горды. Вучням стала няёмка за пусты і неабгрунтаваны смех са свайго таварыша.

— Цяпер ты можаш пасмяяцца з іх,— сказаў Лабановіч хлопцу і дадаў: — Пасля абеду не прыходзь у школу, адаспіся.