Выбрать главу

— Мне ўжо не хочацца спаць,— прамовіў шчаслівы Мініч.

Цэлыя дні, з ранку да вечара, аддаваў Лабановіч школе. Ён адчуваў вялікае маральнае задаваленне: вучні займаліся дружна, старанна і рабілі значныя поспехі. Асабліва шмат увагі адводзіў ён чатырнаццаці вучням, падрыхтоўваючы іх да экзаменаў. Калі дні значна пабольшалі і пасвятлела, ён склікаў выпускнікоў пасля класных заняткаў і займаўся з імі асобна. Гэта былі самыя лепшыя часіны школьнага навучання і для настаўніка, і для яго вучняў. Тады ўжо не захоўваўся той строгі распарадак, які быў абавязковым, калі ўсе дзеці былі ў поўным зборы. Тут Лабановіч выходзіў часта за рамкі праграмы. Яму хацелася як мага болей абудзіць дапытлівы розум сваіх выхаванцаў, шырэй расчыніць ім вочы на свет і навучыць іх крытычна ставіцца да жыцця, да сваіх абавязкаў у адносінах да людзей. Абыклыя задачы, дыктоўкі, граматыка з галаваломнаю букваю «яць» часта замяняліся чытаннем мастацкіх твораў рускай класічнай літаратуры, знаёмствам з біяграфіямі выдатных людзей, разборам тых ці іншых твораў. Настаўнік імкнуўся заўсёды трымаць сваіх вучняў у стане зацікаўленасці да таго, аб чым ён гаварыў або чытаў. Калі сярод хлопцаў вылучаўся сваімі здольнасцямі Мініч, дык між дзяўчатак такою была Ліда Мураўская. Бацька яе быў тэлеграфістам, а маці хрышчаная яўрэйка. Ліда і яе меншы брат Коля, таксама прадстаўлены да экзаменаў, жылі пры матцы на хутары, кіламетраў за шэсць ад школы. Іх бацька памёр гады тры таму назад, калі Колю было дзевяць гадоў, а Лідзе адзінаццаць. Брат і сястра жылі дружна. Ліда не спускала брата з вока і не давала яму разыходзіцца ў школе, і Коля слухаў яе. Наогул Ліда карысталася павагаю не толькі з боку таварышак, але і з боку хлопцаў. У яе быў прыроджаны такт і ўменне трымаць сябе сярод школьнікаў. Яе аўтарытэту ў значнай меры спрыялі здольнасці да навукі, а таксама і прыгожы твар, характар і ўвесь яе воблік. Большыя хлопцы пачыналі заглядацца на Ліду, а адзін з іх, Думітрашка, кахаў яе першым, для яго самога яшчэ неакрэсленым каханнем. Лабановічу збоку было відней гэтае кволае абуджэнне хлапцоўскага пачуцця. Адзін раз ён нават заўважыў:

— Думітрашка! Ты болей глядзі ў кнігу, чым на Ліду.

Злоўлены Думітрашка засаромеўся. Вучні засмяяліся, а некаторыя з іх таксама апусцілі вочы. Ліда пачырванела. Потым Лабановіч разважаў у думках, ці правільна зрабіў ён Думітрашку такую заўвагу. Здавалася, што памылкі ён тут не дапусціў, і ў той жа час яго брала сумненне, бо і сам ён не ставіўся абыякава да Ліды Мураўскай.

Наладжаную плынь школьных заняткаў нечаканым чынам парушыў Іван Анцыпік. Устрывожаны, неспакойны, прыйшоў ён раз да Лабановіча. Настаўнікі звычайна сходзіліся рэдка. У кожнага было сваё жыццё і свой круг інтарэсаў. Анцыпік амаль ніколі не заставаўся дома пасля заняткаў. За логам, дзе рос алешнік і цякла рачулка, на горцы раскінуўся маёнтак пана Вансоўскага. У маёнтку жыла ахмістрыня. У яе была дачка, Ганна Карлаўна. Да Ганны Карлаўны і ўчашчаў Іван Анцыпік. Сягоння ён быў настолькі ўзрушаны, што ад хвалявання язык шчоўкаў шмат часцей, чым звычайна, і словы зрываліся з яго з вялікаю натугаю.

— Што здарылася, Іване? — спагадна запытаў Лабановіч.

Анцыпік трохі заспакоіўся, язык яго прыйшоў у звычайны стан пашчоўквання.

— «Віхры варожыя выюць над намі»,— трагічна адказаў ён.

З далейшай гутаркі высветлілася, што Ганну Карлаўну мае на воку і тутэйшы станавы прыстаў. Яму не падабаецца, што Анцыпік учашчае да Ганны Карлаўны, і ён хоча прышыць настаўніку некаторую долю крамолы. Пра гэта ён даведаўся ад Ганны Карлаўны і яе маці. Прыстаўская пагроза легла цяжкім каменем на плечы Анцыпіка. Адзін спосаб выратавацца з бяды — трэба на некаторы час знікнуць адгэтуль. Але як і куды знікнуць? Як знайсці прычыну знікнення? А самае важнае, як пакінуць школу?

— А можа, гэта плёткі?—заспакойваў яго Лабановіч.

Язык у Анцыпіка зноў зашчоўкаў. Ён так пераконаны ў той бядзе, якую падстройвае прыстаў, што нічога і слухаць не хоча.

Лабановіч паглядзеў на Анцыпіка — можа, і праўда, усё можа быць. Яму стала шкада калегу.

— Дык вось што,— параіў тады Лабановіч: — Дай тым ці іншым спосабам сабе самому тэлеграму такога зместу: «Неадкладна прыязджай, бацька цяжка хворы». Вось табе і будзе падстава выехаць. А сваіх вучняў перадай мне: я пазаймаюся з імі да твайго звароту.

Анцыпікаў твар праясніўся: парада і дапамога калегі прыйшліся па сэрцы. На трэці дзень ён ізноў прыйшоў да Лабановіча. Той зірнуў і затрывожыўся: Анцыпік стаяў пануры, спахмурнелы. Ён меў выгляд чалавека, якога напаткала няшчасце.