— Вось прыйшла тэлеграма,— упаўшым голасам прамовіў Анцыпік.
Лабановіч узяў лісток і прачытаў: «Прыязджай хутчэй бацька цяжка хворы».
— То чаго ж ты засмуціўся? — спытаў ён.
Анцыпікаў язык шчоўкнуў:
— Як жа не смуціцца, калі бацька такі хворы?
— Ды мы ж самі гэту тэлеграму прыдумалі, дзівак ты!
Анцыпік, як і раней, заставаўся смутным і разгубленым.
— А можа, і сапраўды бацька пры смерці,— адказаў ён.
Для Лабановіча так і засталося незразумелым: ці то Анцыпік разыгрываў камедыю, ці сапраўды спалохаўся свае тэлеграмы. У той жа дзень Анцыпік паехаў, а яго вучні з лаўкамі перабраліся ў клас Лабановіча. Людна і цесна стала ў школе. У перапоўненым класе было цяжкое паветра. Прыходзілася насцеж расчыняць дзверы. На дварэ стаяла прадвесне. Праз адчыненыя дзверы заляцела аднойчы ў клас нейкая маленькая птушынка. Яна пераляцела пакой і села на падаконніку. Дзеці кінуліся лавіць яе. Лабановіч прыкрыкнуў і спыніў іх. Калі ён падышоў да акна, птушынка раптам звяла і бачком легла на падаконнік. Лабановіч узяў самлелую птушынку і вынес на свежае паветра. Праз хвіліну яна ачулася, акрыяла, разгарнула крылцы і фуркнула з рукі настаўніка ў свежае веснавое паветра.
VIII
Напрадвесні 1906 года па ўсёй царскай Расіі ішла падрыхтоўка да выбараў у першую Дзяржаўную думу. Праўда, гэта была не першая, а другая дума, бо першая, булыгінская, на свет не радзілася. Дзяржаўная дума, змайстраваная па рэцэпту Вітэ, і з’явілася першай, той думай, якая ўсё ж такі была выбрана. Царскі ўрад і ўся яго самаўладна-паліцэйская сістэма была прыведзена ў рух. Пісаліся і рассылаліся царскія «повеления», сенацкія растлумачэнні і розныя прадпісанні губернатараў і генерал-губернатараў. Усе яны мелі на мэце адно: выбраць паслушную думу, каб яна сваёю дзейнасцю падмацавала пахіснуты рэвалюцыяй царскі лад. Усё, што было жывога і прагрэсіўнага ў краіне, ліквідавалася, заганялася ў падполле, высылалася ў далёкую халодную Сібір. У тагачасных хранікальных нататках з дня ў дзень падаваліся жудасныя весткі аб рэпрэсіях царскага самаўладства: ваенна-палявыя суды, расстрэлы, арышты, высылкі на катаржныя работы, забароны газет і часопісаў. З прычыны ўсіх гэтых рэпрэсій у той час бытаваў такі верш:
Наказана ты, Русь, всесильным роком,
Как некогда священный Валаам:
Заграждены уста твоим пророкам
И слово вольное дано твоим ослам.
Але тая ж хроніка таксама адзначала, што сілы рэвалюцыйнага руху не складалі зброі: то там, то сям адбываліся паўстанні, нават у вайсковых часцях, не спыняліся забастоўкі. То ў адным, то ў другім горадзе забівалі прадстаўнікоў царскай улады, пачынаючы з губернатараў і канчаючы акалодачнымі і гарадавымі. Учыняліся экспрапрыяцыі банкаў і поштаў. Але рэвалюцыя тым не меней ішла на спад. Верх брала чорная рэакцыя. Пры такіх умовах адбываліся выбары ў Дзяржаўную думу.
Якая ж будзе дума? Чаго можна спадзявацца ад яе? Такія пытанні шмат каго цікавілі. Ход выбараў паказваў, што верх бярэ ў іх так званая канстытуцыйна-дэмакратычная, або кадэцкая, партыя, памяркоўна-апазіцыйная партыя памешчыкаў і ліберальнай буржуазіі. Бальшавікі ўдзелу ў выбарах не прымалі — яны аб’явілі байкот Дзяржаўнай думе.
Умелі кадэты пусціць пыл у вочы. Людзі, не спакушаныя ў палітыцы, спачувалі ім, лічылі іх вялікімі апазіцыянерамі царызму і шмат надзей ускладалі на іх. Гэтаму ў значнай меры спрыяла і тая акалічнасць, што цар і яго акружэнне скрыва пазіралі на кадэтаў, не ведаючы з убоства свайго розуму, што вялікага ліха кадэты прычыніць ім не хацелі, а ўмацаваць іхнія пазіцыі маглі б. Не разумеў гэтага і верханскі пісар Васіль Васількевіч. У рэдкія і не дужа доўгія хвіліны цвярозага прасвятлення чытаў ён чарнасоценныя лісткі князя Мяшчэрскага, які граміў кадэтаў, як ворагаў цара і Расіі. Пісар чытаў і разам з князем абураўся супраць кадэтаў, сурова хмурыўся і сярдзіта ківаў галавою. Звычайна ён выходзіў у такія хвіліны на ганак, садзіўся на лавачку з газетаю ў руках. Вясна ж у той год была ранняя і лагодная. Васількевічу было прыемна адчуваць, што людзі, праходзячы па вуліцы, кланяліся яму і, напэўна, думалі, які вучоны чалавек іх валасны пісар. I тады Васількевіч надаваў свайму твару самы сур’ёзны выраз. Ён не заўважаў, што яго сусед Лабановіч, прытаіўшыся ў сваім пакойчыку, пільна прыглядаўся да пісара, сачыў за кожным яго рухам, за кожнай зменай міны і ціха пасмейваўся. Лабановіч ведаў чарнасоценную душу пісара Васількевіча, ведаў, як не любіў ён кадэтаў, не гаворачы ўжо аб сацыял-дэмакратах і эсэрах. Аднаго пасіўнага наглядання Лабановічу было мала: яму хацелася пагутарыць з пісарам і падражніць яго кадэтамі.