Выбрать главу

Аднойчы Лабановіч ціхенька выбраўся на двор праз кухню, каб пісар не дагадаўся, што за ім назіралі, зайшоў здалёк на вуліцу і тады ўжо накіраваўся ў бок воласці. А пісар сядзеў усё ў той жа постаці надзвычай сур’ёзнага чалавека, нібы ён рашаў першаступенныя пытанні часу. Не даходзячы да ганка, Лабановіч замарудзіў хаду, прыпыніўся, нібы ён выпадкам напаткаў тут пісара, і як мага болей зычліва прывітаў яго:

— Добры вечар, Васіль Міронавіч!

Васількевіч адвёў вочы ад лістка князя Мяшчэрскага, зірнуў на Лабановіча. У пісаравым поглядзе не адбілася ні ветлівага здзіўлення, ні робленай радасці: Васількевіч глядзеў на свайго суседа як на блазна, з якім яму, пісару, кампанаваць не да твару. Тым жа часам Лабановіч быў ужо на ганку і працягваў руку пісару.

— Што добрага чуваць, Васіль Міронавіч?

— Ды што ж тут чуваць? Самі ж газеты чытаеце.

— Што газеты? — адказаў Лабановіч.— Кожная піша на свой лад. А вось як глядзіце вы на тое, што кадэты верх бяруць на выбарах?

У пісаравых вачах заіскрыліся злыя агеньчыкі. Зірнуў уніз на ганак, а потым на Лабановіча і сярдзіта сказаў:

— Бяруць верх? Пачакайце, будзе час, сядуць верхам і на кадэтаў ды пагоняць іх у Сібір на пашу.

— А за што гнаць іх? — спытаў Лабановіч.— Яны ж супраць самадзяржаўнага ладу ў Расіі не ідуць, прызнаюць манархію, святую царкву. Патрабуюць, праўда, некаторых рэформ. Але хто цяпер не стаіць за рэформы? Міністры за рэформы, акцябрысты за рэформы. Князь Мяшчэрскі таксама дабіваецца рэформ. А чаго дамагаюцца кадэты? Надзяліць беззямельных і малазямельных сялян зямлёю, дый то за грошы, каб памешчыкаў не пакрыўдзіць; адмяніць пакаранне смерцю, амнісціраваць высланых і асуджаных за палітыку...

— Злачынцы, забойцы будуць грабіць, забіваць чэсных, адданых гасудару людзей, і іх амнісціраваць, для іх адмяніць пакаранне смерцю?! — ускіпеў пісар і аж падскочыў.— Ды гэтых вашых кадэтаў вешаць трэба! У Сібір іх усіх! — злосна закончыў ён.

«Наступіў на мазоль пісару»,— весела падумаў Лабановіч, а ўголас сказаў сур’ёзна і нават крыху пакрыўджана:

— Адкуль вы ўзялі, Васіль Міронавіч, што кадэты «мае»? Сацыял-дэмакраты і эсэры,— казаў настаўнік далей,— таксама не любяць кадэтаў, так што вы, Васіль Міронавіч, у гэтым выпадку стаіце на адным з імі грунце.

Пісар з нянавісцю зірнуў на Лабановіча: жартуе ён, смяецца з яго ці гаворыць сур’ёзна?

— Нічога агульнага няма ў мяне з гэтымі адшчапенцамі, раскольнікамі, слугамі сатаны! I я прашу і вас не гаварыць мне такога блюзнерства! — закрычаў ён ды ізноў ускочыў з лаўкі.

Лабановіч надаў сабе выгляд збянтэжанага чалавека, якому вельмі балюча, што давёў суседа да такога стану.

— Даруйце мне, Васіль Міронавіч, што прычыніў вам прыкрасць. Ды з-за чаго тут абурацца, псаваць сабе нервы? Вы ж, Васіль Міронавіч, калі гаварыць праўду, далібог, нават з выгляду падобны да кадэта: такое ж інтэлігентнае аблічча, такая ж бародка. Ну, дапраўды, можна падумаць, што вы брат кадэта Шынгарова!

Пісар болей не мог слухаць, рэзка сарваўся з месца, парывіста расчыніў дзверы, злосна стукнуў імі і знік дзесь у сваіх апартаментах. Лабановіч момант пасядзеў. «Ці не перабраў я меры?» — спытаў самога сябе і павольна накіраваўся ў бок лесу, што пачынаўся зараз жа за могілкамі.

IX

Ачысцілася ад снегу зямля, прашумелі ручаі і рэкі ды ізноў увайшлі ў свае берагі. Новай, пахучай траўкаю зазелянелі дарогі і сцежкі ў полі. Памаладзелі гаі і лясы. Тысячы рознагалосых птушак напоўнілі паветра свістам, шчэбетам, спевамі. Вакол гаманіла адноўленае, маладое жыццё. Новае і кожны раз няяснае і чароўнае пачуццё прастору і волі абуджала людзям сэрца. Хацелася цалкам зліцца з гэтым адноўленым жыццём і поўнымі грудзьмі піць яго асалоду.

Зусім іншы выгляд мелі цяпер верханскія ваколіцы. Яны пасвятлелі, павесялелі і, здавалася, рассунулі свае граніцы. Між будынкамі валаснога праўлення і школы пралягала шырокая дарога. Мінуўшы справа царкву ў зялёным вянку купчастых бяроз, дарога ішла міма верханскіх могілак і зараз жа хавалася ў густым лесе. Гэта дарога, могілкі і лес ужо не адзін раз прыцягвалі ўвагу настаўніка і вабілі яго да сябе. I вось аднойчы, у вольную хвіліну, сабраўся ён у вандроўку агледзець навакольную мясціну. Ён узяў кірунак у бок лесу, маўклівага і мудрага ў сваёй замкнёнасці. Апошнія будынкі і агароджы каля іх засталіся ззаду. Ціхая сельская ваколіца і прасторы неба і зямлі зычліва прывялі настаўніка на сваё ўлонне, атулілі яго цішынёй і спакоем. Прайшоўшы яшчэ колькі крокаў, ён прыпыніўся, акінуў вокам бедныя верханскія хаты. На фоне адноўленай і памаладзеўшай зямлі яны выглядалі яшчэ болей убогімі і запушчанымі. Саламяныя стрэхі, крытыя шмат гадоў назад, асунуліся, паразлазіліся, паказвалі свае збуцвелыя рэбры і цёмныя правалы. Пачуццё жалю і крыўды за сялянства выклікала ў маладога настаўніка абурэнне. Для яго было ясна, чаму такія гіблыя і чэзлыя сялянскія будынкі, чаму такія вузкія і заняпалыя палоскі зямлі і чаму такім мізэрным выглядае тутэйшы народ. У валасным праўленні ён пацікавіўся, колькі ўсяго лічыцца зямлі па Верханскай воласці і як размяркована яна паміж насельніцтвам. На долю сялянскіх надзелаў прыпадала пяць тысяч семсот сорак дзесяцін, а ў памешчыкаў і ў дробных маёнтках было дваццаць сем тысяч трыста пяцьдзесят дзесяцін. Гэтыя лічбы шмат аб чым гаварылі Лабановічу.