Выбрать главу

Настаўнік рушыў далей, параўняўся з могілкамі, прайшоў яшчэ некалькі дзесяткаў крокаў. Цьмяная, ледзь прыметная дарожка вяла на могілкі з той шырокай уезджанай дарогі, што накіроўвалася ў лес. Лабановіч пайшоў на могілкі. Невялікая роўная пляцоўка, заросшая кустамі, устаўленая драўлянымі крыжамі, дзе новымі, а дзе зусім струхлелымі ад часу, была ціхая, сумотная. Журботныя думкі навявалі гэтыя могілкі сваёю закінутасцю і адзіноцтвам. Толькі неўгамонныя птушкі парушалі зняменне і цішыню гэтага апошняга прыпынку вечна клапатлівых і неспакойных людзей. Замест агароджы вакол могілак былі калісь выведзены акопы з даволі высокім валам. Цяпер гэты вал асунуўся, зарос травою, зеллем, кустамі лазы і каліны.

Але якая тут цішыня! Здавалася, самі могілкі, гэтыя размытыя вадою горбікі зямлі, гэтыя каменныя, груба абчэсаныя пліты з выцвіўшымі напісамі, гаротна пахіленыя крыжы і крыжыкі ахоўвалі спакой тых, каго пахавалі тут. Лабановіч хадзіў па могілках, спыняўся над магіламі, дзе яшчэ можна было прачытаць незамыславатыя напісы з паказаннем прозвішчаў нябожчыкаў, калі радзіўся і памёр, або проста колькі пражыў на свеце пахаваны ці пахаваная. Сустракаліся тут і знаёмыя настаўніку прозвішчы, як Думітрашка, Мініч, Баравы, Казеніч і іншыя. Не трэба ім цяпер ні зямлі, ні хлеба, ні Дзяржаўнай думы, на якую прастадушныя людзі ўскладаюць надзеі — ці не прынясе яна ім якой-небудзь палёгкі. Жаль да нябожчыкаў і да тых, што засталіся жыць да часу на зямлі і ў тым ліку да сябе самога, агарнуў настаўніка. Ён прыгадаў прачытаны дзесь у папоўскай газеце верш аб могілках і аб смерці, што ўсіх ураўноўвае. У вершы былі прыблізна такія радкі:

Сошлись здесь знатность с простотою,

Смешались рубища с парчою...

«Мана ўсё гэта,— падумаў Лабановіч,— «знатнасць» і пасля смерці стараецца адмежавацца ад «прастаты» і замест звычайных могілак будуе сабе фамільныя склепы. Нават калі памрэ поп, дык і яго хаваюць на цвінтары каля царквы або дзе-небудзь асобна, абы толькі не змяшаць з «прастатою».

Павольна праходзячы паміж магіл, настаўнік набліжаўся да канца пляцоўкі, дзе пышна разрасталіся нікім не саджаныя кусты і буяла маладая трава. Тут было яшчэ глушэй і зацішней.

«Тут і можна схавацца ад сумятні ды паразважаць аб жыцці, аб усіх яго праўдах і няпраўдах»,— падумаў Лабановіч і накіраваўся ў зараснікі. Раптам да яго вуха даляцела сцішаная гамонка з глыбіні кустоў. Лабановіч прыпыніўся і стаў мімаволі прыслухоўвацца. Асобныя словы разабраць было трудна. Невыразная патайная гамонка часам перарывалася кароткім, адрывістым маладым жаночым смехам і не дужа рашучымі пратэстамі. У мужчынскім голасе, таксама адрывістым, чулася хваляванне, просьба і настойлівасць.

— Я ж цябе кахаю, кахаю! — з глыбокім запалам гаварыў здушаны мужчынскі голас.

— Усе вы кахаеце, покі не даб’яцеся свайго,— сур’ёзна адказаў жаночы голас.

Праз момант гамонка прыціхла. Пара закаханых абнімалася і цалавалася. Да вушэй настаўніка даносіліся толькі глыбокія ўздыхі і пацалункі, доўгія і хмельныя, як моцнае віно. Лабановіч не ведаў, як павесціся далей. Лепш за ўсё, здалося яму ў першую хвіліну, ціхенька адысціся адгэтуль і нічым не падаць закаханым знаку, што іхняй любасці ёсць сведка. Але хто ж яны такія? Хто ён і хто яна?.. А навошта трэба ведаць гэта? Навошта станавіцца ўпоперак дарогі жыццю, маладосці? Настаўніку прыгадаліся заключныя радкі пушкінскай элегіі «Брожу ли я вдоль улиц шумных»:

И пусть у гробового входа

Младая будет жизнь играть

И равнодушная природа

Красою вечною сиять.

Здавалася, нічога лепшага і прыдумаць нельга, што так адпавядала б усёй гэтай жыццёвай сітуацыі на могілках.

Лабановіч ужо хацеў паціхеньку адступіць, непрыметна падацца назад, каб не замінаць людзям. Але ў момант самых палкіх прызнанняў у каханні Лабановіч, ці то з зайздрасці, ці то з нічым неапраўданага блазенства, ні з таго ні з сяго голасна зацягнуў: «Ісайя, лікуй!» — словы з песні, якую спяваюць у царкве пры вянчанні. Чаму Ісаія павінен быў тут лікаваць, настаўнік і сам не ведаў, але маладых закаханых,— а можа, яны былі і не маладыя,— разгледзець яму не ўдалося — ён моцна перапалохаў іх. Лабановіч толькі на адзін кароткі момант згледзеў постаць жанчыны. Яна закрыла галаву шарфам, борздзенька шмыгнула ў кусты і знікла з вачэй. Гэтак жа шпарка завіў і кавалер, падаўшыся ў другі бок.