Выбрать главу

X

Неўзабаве пасля Вялікадня, на велікодным тыдні, атрымаў Лабановіч ад інспектара народных вучылішчаў прадпісанне — прадставіць яму пасведчанне ад свяшчэнніка мясцовай царквы аб тым, што настаўнік спавядаўся і прычашчаўся «святых таін». Само па сабе такое прадпісанне было абразлівым: каму якая справа да таго, грэшны ты ці святы? На чорта яна, гэта начальніцкая апека над табою? Начальства, як відаць, не верыць табе, сочыць за табою. Але горш было тое, што Лабановіч у споведзь не хадзіў і «святых таін» не прымаў. Што ж напісаць інспектару? Спаслацца на тое, што такога прадпісання ён не атрымліваў, каб інспектару нічога не адказваць,— нельга: інспектарская паперка занесена воласцю ў журнал «исходящих». Аб гэтым паклапаціўся пісар Васількевіч. Значыць, адрабіцца маўчанкаю не выпадае. Як жа быць? Сезон спавядання прайшоў. У памяці Лабановіча засталася апошняя споведзь яшчэ ў а. Мікалая. Гэта была проста фармальнасць. Тады няёмка адчувалі сябе і поп, і настаўнік, бо яны добра ведалі адзін аднаго. Айцец Мікалай накрыў Лабановіча эпітрахіллю, папоўскім фартушком. На аналойчыку ляжаў пазалочаны крыж. Некалькі хвілін поп маўчаў, відаць, толькі для таго, каб прадоўжыць працэс споведзі.

— Грэшан? — яшчэ трошкі счакаўшы, запытаўся поп.

— Грэшан, а. Мікалай,— уздыхнуўшы, адказаў Лабановіч.

— Усе мы грэшныя, адзін Бог толькі без граху,— заўважыў а. Мікалай і дадаў: — Але пакаянне знімае грэх... Каешся ў грахах?

— Каюся.

Бацька Мікалай яшчэ трошкі памаўчаў.

— Прашчаю і разрашаю... Цалуй крыж!

На гэтым і скончылася споведзь.

Як жа выкруціцца з цяперашняга становішча? I чаму раптам інспектар патрабуе пасведчанне якраз у той час, калі настаўнік у споведзі не быў?.. Эге! Ды гэта пісар Васількевіч падлажыў яму такую свінню! Гэту дагадку Лабановіч прыняў за сапраўдны факт, хоць пацверджання і не было. Свет не перавярнуўся і рэвалюцыі не адбылося ад таго, што ён, Лабановіч, у споведзь не пайшоў, а клопату нажыў. «Аказваецца, не выпадае ўхіляцца ад боскіх і людскіх абавязкаў»,— з лёгкаю насмешкаю над самім сабою казаў у мыслях Лабановіч. Застаецца адно: звярнуцца да бацькі Уладзімера — іншага шляху няма. Прыхапіўшы прадпісанне інспектара, Лабановіч накіраваўся на другі канец сяла, дзе была папоўская сядзіба.

Бацька Уладзімер, ахмістрыня, Віктар і Саўка сядзелі за сталом на верандзе. Яны толькі што паабедалі. Ахмістрыня зараз жа ўзялася прыбіраць пустыя талеркі. На стале засталася адна толькі даволі ёмкая чарка з нявыпітаю гарэлкаю.

— Позна ходзіш,— заўважыў бацька і ветліва прывітаўся. Ён ужо трошкі быў пад «мухаю».

— Да вас я, а. Уладзімер, як грэшнік, якому пакаянне не дае спакою,— урачыста прамовіў настаўнік. Бацька Уладзімер часамі паважаў такую ўзнёсласць.

— А калі грэшнік, дык выпі гэту чарку! — адказаў бацька і паднёс настаўніку гарэлку.

У паводзінах бацькі, у яго настроі Лабановіч адчуў добры знак.

— За ваша здароўе, а. Уладзімер! — сказаў ён, узяўшы чарку, і тут жа кульнуў яе да дна. На момант ён аслупянеў. Яму захапіла дыханне, і ледзь не на лоб палезлі вочы: у чарцы быў чысты спірытус.

— Охо-хо! — нарэшце аддыхаўся настаўнік, а бацька Уладзімер весела пасмейваўся. Ад смеху злёгку пакалыхваўся яго жывот пад чорнай расаю.

— Ой, а. Уладзімер, траха на той свет не выправілі мяне без пакаяння,— сказаў Лабановіч, выціраючы вочы.

— А ў чым табе каяцца? — запытаўся бацька.

Замест адказу настаўнік выняў з кішэні паперку і перадаў яе бацьку Уладзімеру. Той моўчкі і сур’ёзна пачаў чытаць інспектарскае прадпісанне аб прысылцы пасведчання ў тым, што настаўнік спавядаўся і прычашчаўся. Лабановіч не без трывогі сачыў за выразам твару бацькі. Прачытаўшы, бацька Уладзімер з неакрэсленай усмешкаю зірнуў на Лабановіча.

— Дурак! — прамовіў ён.

Па тоне голасу і па абразлівай міне бацькі настаўнік зразумеў, што «дурака» бацька Уладзімер адрасуе інспектару.

— Бач ты яго — больш за мяне турбуецца аб спасенні твае душы! — прамовіў ён.

На верандзе цяпер, апроч настаўніка і бацькі Уладзімера, нікога болей не было.

— Пабудзь тут, а я зараз,— сказаў баця і рашуча накіраваўся ў глыб сваіх апартаментаў. Праз некалькі хвілін ён вярнуўся з ёмкаю кнігаю, нагадваўшай з выгляду Евангелле, з лістом паперы, з чарніліцаю, ручкаю і царкоўнай пячаткаю. Усё гэта ён моўчкі палажыў і паставіў на стол. Настаўнік недаўменна пазіраў на бацьку, а той некаторы час ухіляўся зірнуць на Лабановіча. Нарэшце бацька Уладзімер падняў вочы. Вясёлая і хітрая ўхмылка прабегла па яго мяккіх губах. Ён моўчкі падсунуў бліжэй кнігу з залатым цісненнем, так падобную да Евангелля.