— Вось, глядзі,— сказаў а. Уладзімер,— напэўна, ты падумаў, што гэта Евангелле? Тым жа часам гэта — том пушкінскіх твораў!
Баця хвіліну памаўчаў. У вачах яго блукаў вясёлы смех. Настаўнік пазіраў і ніяк не мог дагадацца, куды гне.
— У тысяча восемсот дзевяноста чацвёртым годзе,— пачаў а. Уладзімер,— прыводзілі народ да прысягі новаму цару, ныне не зусім шчасліва царствуючаму Мікалаю Другому. Некалькі мужычкоў з майго прыхода засталіся без прысягі. Вось і прыходзяць яны да мяне на кватэру. Так і так, не ўправіліся, бачыце, прысягнуць гасудару. Па царкоўнаму чыну да прысягі можна прыводзіць і дома — на крыжы і на Евангеллі. Крыж у папа заўсёды на грудзях, а вось Евангелля на той час дома не аказалася. Трэба было ісці ў царкву, а царква на другім канцы сяла. Як тут быць? Выручыў мяне вось гэты том Пушкіна. Палажыў на яго крыж і прывёў сваіх мужычкоў да прысягі!.. Што, здорава?
Айцец Уладзімер зарагатаў, а потым дадаў:
— Усё гэта — адна фармальнасць.
Ён сеў за стол, узяў ліст паперы, палажыў яго на «Рускае слова» і напісаў настаўніку пасведчанне, якога дабіваўся ад яго інспектар, падпісаўся, а подпіс падмацаваў царкоўнай пячаткаю.
— Ну, вось і ўсё гатова! Пасылай свайму апекуну і заспакой яго сумленне.
— Добры вы і разумны чалавек, а. Уладзімер! Дай божа болей такіх.
Задаволены і радасны, як чалавек, пазбыўшы непрыемны клопат і згрызоты, ішоў Лабановіч у школу. Параўняўшыся з будынкам валаснога праўлення, ён зняважліва зірнуў на вокны кватэры пісара і сказаў у думках па яго адрасу: «Эх ты, чарнасоценная жыла!»
XI
У хуткім часе прыйшло паведамленне ад дырэкцыі народных школ Мінскай губерні настаўніку прыбыць з вучнямі ў Грабёнскую школу на экзамены. Старшынёю экзаменацыйнай камісіі быў назначаны адзін з выкладчыкаў суседняга гарадскога вучылішча. Лабановіч з задаваленнем прыняў вестку аб экзаменах: чым хутчэй ён вызваліцца ад работы ў школе, тым лепей. Асабліва радавала яго тая акалічнасць, што экзаменатарам назначаўся не інспектар народных вучылішч, сухі і бяздушны чынуша, а выкладчык, які ў свой час быў таксама настаўнікам пачатковай школы.
Ранічкаю таго самага дня, калі былі назначаны экзамены, параконная фурманка пад’ехала да Верханскай школы. Каламажка была прасторная, шчодра высланая саломаю. Чаcтка вучняў, настаўнікі — Анцыпік і Лабановіч — умасціліся на фурманцы. Да іх далучыўся і сын бацькі Уладзімера, Віктар, якому захацелася пабыць на экзаменах, пачуць і пабачыць, як падрыхтаваны вучні. Лабановіч адчуваў, што экзаменуюцца не толькі яго вучні, а і ён сам. За выхаванцаў ён не баяўся: яны былі падрыхтаваны болей чым добра.
Да Грабёнкі было вёрст дванаццаць. Дарога спачатку ішла полем, а потым пашыбавала на масток праз рэчку Усу; далей, амаль да самай Грабёнкі, ехалі старасвецкім лесам.
Раніца была ціхая, ясная, цёплая. Не даязджаючы да рэчкі, усе пазлазілі з фурманкі, каб запыніцца на мастку, палюбавацца двухпавярховым млыном і струменем вады, якая падала ўніз з запруды на вышыні некалькіх сажняў. Пад мастком быў зроблены шлюз, праз які час ад часу прапускалі плыты. Лабановіч потым часта хадзіў сюды на пагулянку. Цікава было паглядзець, як плытнік, стоячы ў галаве плыта, заганяў у калоду бусак і моцна трымаў, налёгшы на яго ўсім целам. Калі галава плыта спаўзала са шлюза, яна тарчма спускалася ў букту, выбітую плынню, і тады плытнік па самыя грудзі апускаўся ў ваду. Быстрая плынь борздзенька выкідала галаву плыта разам з плытнікам на роўнае і спакойнае люстра рэчкі.
— Можна было б пабыць тут і болей, каб не экзамены,— сказаў Лабановіч.— Гайда, хлопцы, у дарогу!
І ўвесь гурт падарожнікаў пашыбаваў далей. Фурманка стаяла за мастком і чакала іх.
Дарогу праз лес праехалі непрыметна. Настрой у вучняў быў узняты. Хваляваўся трохі і сам настаўнік, але не паказваў гэтага і стараўся падтрымаць бадзёрасць сваіх выхаванцаў. Самым спакойным сярод іх і самым разважлівым быў Мініч. Цяпер яго не бянтэжыла тое, што ён на цэлую галаву большы за сваіх таварышаў: хлопец быў вясёлы, жартаваў і пасмейваўся. Вучні ішлі як папала. Дзяўчаткі трымаліся свае кампаніі, а хлопцы — свае. Калі хто трохі прыставаў, тых садзілі на фурманку.