Густы старадаўні лес дзвюма магутнымі сценамі абступаў дарогу. Прохаладзь і лёгкі змрок атульвалі нашых падарожнікаў. Гадзіны праз дзве дарога выйшла на светлую палянку, па краях якой таксама стаяў густы лес. I палянка, і само сяло Грабёнка нагадвалі Лабановічу палескае мястэчка Хатовічы, куды ён ездзіў першы раз са свайго глухога Цельшына.
Грабёнская школа таксама стаяла ў канцы сяла. Сюды і накіравалася фурманка з усёю працэсіяй верханскіх вучняў і настаўнікаў. Іх сустрэла ўжо немаладая настаўніца Грабёнскай школы, даволі сухая і не дужа ветлівая асоба, «заматарэўшая во днех своих», як гаварылі тады аб стараватых незамужніх жанчынах. Ёй не спадабалася незалежнасць настаўніка Верханскай школы і яго адносіны да сваіх выхаванцаў без той строгасці, якая ставіць мяжу паміж вучнямі і педагогамі. Яшчэ болей неўзлюбіла яна Лабановіча, калі яе вучні данеслі, што верханскі настаўнік, скруціўшы ў трубку, засунуў за кніжную шафу нямую геаграфічную карту, адкуль дастаць яе было не так лёгка. На такі незаконны ўчынак навёў Лабановіча Мініч. Вучняў Верханскай школы напалохала нямая геаграфічная карта: такой у іх ніколі не было. Ад імя сваіх таварышаў і выступіў Мініч, сказаўшы, што нямая карта для іх незнаёма і яна можа пашкодзіць ім на экзамене па геаграфіі. Настаўнікі іншых школ адобрылі ўчынак Лабановіча, і на гэтым справа з нямою картаю скончылася. Аднак настаўніца Грабёнскай школы на ўсё жыццё затаіла ў сэрцы непрыязнь да свайго верханскага суседа. Гэта непрыязнь павялічылася, калі пачалі экзаменавацца вучні Лабановіча. Настаўніца была ўпэўнена, што на вусных экзаменах гэтая школа аскандаліцца разам з педагогам. Яна загадзя выбрала сабе найболей зручную пазіцыю, з якой можна было б сачыць за экзаменамі. Яе вучні адэкзаменаваліся. Нельга сказаць, каб іх падрыхтоўка стаяла на належнай вышыні. Памяркоўны старшыня экзаменацыйнай камісіі, жывы і вясёлы Шчарбачэвіч, зрэдку пакручваў галавою, пасміхаўся і, нарэшце, ставіў здавальняючую адзнаку. Калі ж прыйшла чарга экзаменаваць вучняў Верханскай школы, Лабановіч заняў месца ў камісіі. Шчарбачэвіч паставіў некалькі запытанняў і атрымаў правільныя і дакладныя адказы. Пасля гэтага экзаменаваў Лабановіч. Ведаючы добра сваіх вучняў і ступень іх ведаў, настаўнік закідаў іх пытаннямі, якія далёка выходзілі за рамкі праграмы пачатковай школы. Экзамены праходзілі жыва і цікава. Вучні адказвалі бойка і ўпэўнена. Старшыня камісіі з цікавасцю сачыў і за пытаннямі Лабановіча і за адказамі вучняў. На яго твары ўвесь час свяцілася ўсмешка задавалення. Калі ўсе вучні Верханскай школы былі праэкзаменаваны, Шчарбачэвіч пры ўсіх паціснуў руку Лабановічу і сказаў:
— За ўсю маю экзаменацыйную практыку я ўпершыню сустракаю такую дасканалую падрыхтоўку вучняў. Дзякую вам!
Настаўніца Грабёнскай школы злосна шыкала, слухаючы, як экзаменаваў Лабановіч сваіх вучняў, і сіпела: «Вось як выстаўляецца! Хоча паказацца!» Але факт заставаўся фактам.
Позна вечарам з трыумфам варочалася з экзаменаў Верханская школа. Найболей выдатна вытрымалі экзамены Мініч і Ліда Мураўская. Цяпер яна спала на фурманцы, а сон дзяўчынкі ахоўваў Іван Анцыпік.
ХII
Прыйшло пісьмо ад Турсевіча. Ён жыў і працаваў у сваёй ранейшай школе. У яго таксама скончыліся заняткі і адбыліся экзамены. Рэшта вясны, усё лета і частка восені заставаліся вольныя. Гэта былі канікулы, калі настаўнікі маглі рабіць усё, што ім зажадаецца: заставацца ў школе, ехаць да сваіх родных, да прыяцеляў або запісацца куды-небудзь на курсы. Наяўнасць такога вольнага часу мела вялікае значэнне для вясковых настаўнікаў. Была поўная магчымасць заняцца самаадукацыяй, калі ў каго была на гэта ахвота, або адправіцца пехатой ці паехаць па чыгунцы ў вандроўку, калі настаўнік ухітраўся прыхаваць капейку. Турсевіч пісаў, што ён надумаўся паступаць у настаўніцкі інстытут і калі Лабановіч будзе праводзіць лета ў сваёй школе, дык ён ахвотна прыехаў бы туды на гэты час, каб рыхтавацца ў інстытут. Апроч таго, яму, Турсевічу, цікава сустрэцца са сваім старым сябрам і паглядзець на «крамольніка». Турсевіч ведаў, за што перавялі Лабановіча з Палесся ў Верханскую школу. У той жа дзень Лабановіч даў яму адказ.
«Я не ведаю,— пісаў паміж іншым Лабановіч,— як паставіцца да твайго намеру паступаць у настаўніцкі інстытут. Мяне асабіста ён не дужа вабіць. Я ўжо казаў табе аб гэтым: тая ж заскарузлая схаластыка, тая ж казёншчына, што і ў настаўніцкай семінарыі. Розніца хіба толькі ў тым, што ў інстытуце большы маштаб для замацавання казённага патрыятызму. За часы інстытуцкага навучання цябе так замарынуюць, што нічога не застанецца ад жывога чалавека. Іншая справа — падрыхтавацца і здаць экзамены на атэстат сталасці для паступлення ва універсітэт. Там непараўнана болей шырокае поле для ўсебаковага развіцця... А ўрэшце, кожны плача па сваім бацьку, як умее. Не буду навязваць табе сваіх думак і адносін да настаўніцкага інстытута, бо, можа, я памыляюся, а знайсці праўду і намацаць правільны шлях у жыцці не так лёгка і проста. Адно здаецца мне верным і ў чым я не сумняваюся — не адрывацца ад народа, жыць яго інтарэсамі і дапамагаць яму вызваліцца ад таго зла і несправядлівасці, якія акаляюць яго. Ва ўсякім разе буду рад бачыць цябе сваім дарагім госцем у маёй школе. Дарэчы, я вырашыў застацца тут на ўсё лета. Хочацца падгатаваць некалькі вучняў для далейшай адукацыі. Прыязджай, дружышча. Мая бабка Параска пачастуе цябе бульбянымі піражкамі. Напішы, калі прыедзеш — сустрэну.