Выбрать главу

Твой А. Л.»

Лабановіч быў дужа рад сустрэцца са сваім даўнім прыяцелем, але ў яго жаданні паступіць у настаўніцкі інстытут адчуў, што іхнія дарогі разыходзяцца: Турсевіча вабіць шлях чыноўніка ад асветы, якімі ў пераважнай большасці рабіліся вясковыя настаўнікі па сканчэнні настаўніцкага інстытута.

Закончыўшы работу ў школе і апынуўшыся на вольнай волі, без абавязкаў і пэўнай справы, настаўнік адчуваў як бы нейкую лёгкую страту чагось блізкага, абыклага, з чым ён ужо звыкся. Каб развеяць гэты сумотны настрой, Лабановіч сабраўся паблукаць па верханскіх ваколіцах, тым болей што не ўсе яны былі даследаваны ім. У такім вандроўніцтве заўсёды было для яго нешта новае, хвалюючае і вабячае кудысь у неакрэсленыя далі. Прыемна было хадзіць па новых мясцінах, углядацца ў малюнкі, што трапляюцца ў падарожжы, і разважаць з самім сабою аб розных падзеях і праявах на свеце.

На гэты раз Лабановіч пайшоў у другі бок сяла. Шырокая, бітая дарога падымалася ўгору, а потым пайшла па роўным і прасторным узвышшы, адкуль расчынялася шырокая панарама Верханя, далёкіх палеткаў, гайкоў і кудзерак дрэваў, ледзь праглядаўшых з сіняватай тонкай смугі. Часамі адзінокі вандроўнік прыпыняўся, каб палюбавацца далёкімі купкамі бяроз, хвоямі сярод поля і людскімі сялібамі. Як хораша выглядалі яны здалёку! А побач з любаваннем новымі малюнкамі снаваліся і розныя думкі, лёгкія і лагодныя, якіх часамі нават не заўважаеш. Але нейкім чынам прыгадалася пісьмо Турсевіча. Цяпер аб ім думалася ўжо іначай. Турсевіч, як відаць, многа думаў, перш чым рашыцца на паступленне ў настаўніцкі інстытут. Ва ўсякім разе ён не заставаўся на адным месцы. Правільна ён робіць ці няправільна, а факт той, што чалавек рухаецца далей. А куды ідзе ён, Лабановіч? Гэтае пытанне раптам устрывожыла яго і павалакло за сабою цэлую чараду з’яў і падзей, што ўжо засталіся ззаду, і рад людскіх вобразаў, да якіх настаўнік меў тое ці іншае дачыненне. А як жыць далей і на што наважыцца? Не век жа векаваць у Верхані. Трэба нешта рабіць, а што? На гэтыя запытанні ў Лабановіча адказу не было, і на душы ў яго стала неспакойна. Але заставацца доўгі час у стане зніжанага настрою і няпэўнасці было не ў характары настаўніка, і ён, як мог, стараўся адагнаць прыкрыя думкі і верыць у лепшае на свеце. Для яго было ясна адно: не саступаць з пазіцыі барацьбы з царскім ладам. Праўда, за сваю бытнасць у Верханскай школе ён нічога рэальнага не зрабіў у гэтай барацьбе. Змяніліся абставіны, павінны змяніцца і спосабы барацьбы. Вось аб іх і трэба падумаць. І Лабановіч думаў. Само жыццё падказвала, што ісці далей па шляху барацьбы адзіночкай-саматужнікам нельга. Патрэбна згодная, па выпрацаванаму плану, работа тысяч людзей, якая біла б у адзін пункт, а для гэтага трэба арганізацыя, у дадзеным выпадку настаўніцкая арганізацыя.

Думкі Лабановіча пайшлі ў іншым кірунку. Яму здавалася, што ён зараз стаіць на вернай дарозе: стварыць настаўніцкую рэвалюцыйную арганізацыю і весці барацьбу па пэўнай праграме.

Узышоўшы на самы высокі пункт мясціны, Лабановіч спыніўся, каб вокам акінуць ваколіцы. I зрок яго раптам загарэўся: перад вачамі цьмяна вырысоўваліся з тонкай сінечы контуры прыгожага, велічлівага замка! Здалёку ён нагадваў сабою нясвіжскі замак князя Радзівіла. Які ж гэта замак? Чый? Лабановіч стаяў, зачараваны і здзіўлены, потым рушыў наперад і не прайшоў і дзесятка сажняў, як замак стаў раскідацца, траціць сваю дзівосную форму. Замест вежы аказалася шатрыстая елка, а рэшта складалася з купкі дрэваў і ўзгорка, якія стаялі на далёкай адлегласці адны ад другіх... «Які дасканалы мастак — далеч!» — думаў Лабановіч. Ён некалькі разоў прыходзіў сюды, станавіўся на той самы пункт, з якога быў відзен «замак», і ілюзія кожны раз паўставала.