XIII
Сабралася і адчынілася Першая Дзяржаўная дума. Было гэта ў канцы красавіка 1906 года. Лабановіч прагна накінуўся на газеты, у якіх паведамлялася аб адчыненні думы. Цікава было ведаць, што яна скажа, як пачне сваю работу і чаго можна ад яе спадзявацца. Пераважную большасць членаў думы складалі кадэты. Яны ледзь не захлыналіся сваім трыумфам і ўяўлялі сябе ледзь не збавіцелямі Расіі.
Старшынёю думы быў выбран кадэт, прафесар Мурамцаў. Першыя яго словы, адрасаваныя царскім чыноўнікам, быўшым на адчыненні думы, многа дзён з гордасцю паўтараліся кадэцкімі часопісамі. Вось, бачыце, як гавораць народныя абраннікі з прадстаўнікамі царскага самаўладства! А Мурамцаў усяго толькі і зрабіў, што на першым пасяджэнні загадаў выдаліць з залы паліцыю. Ён сказаў: «Улада выканаўчая няхай падпарадкуецца ўладзе заканадаўчай!». З першых дзён работы думы азначыліся яе нелады з царызмам. Разлад яшчэ больш узрос пасля таго, калі міністр унутраных спраў Макараў заявіў у думе з прычыны расстрэлаў палітычных дэманстрацый і забаставаўшых рабочых: «Так было, так і будзе!» З левых лавак у адказ на словы міністра пачуліся абураныя галасы: «Вон, забойца!» Міністр толькі пабляднеў, але прыкінуўся, што нічога не чуў. Выйшаў ён з думы, як абліты памыямі, абняслаўлены на ўсю Расію.
«Вось гэта добра!» — казаў сам сабе Лабановіч. Часамі яму здавалася, што нават і ў такой Дзяржаўнай думе ёсць свае дадатныя бакі, што калі-нікалі з яе выходзіла вольная думка і трапнае слова.
Бальшавіцкі байкот выбараў зрабіў сваю справу. Насельніцтва пачало ўсё больш і больш пераконвацца, што гэтая дума з’яўляецца новай змоваю буржуазіі і самаўладства. Бальшавікі гаварылі проста: прэч старую ўладу, толькі пры гэтай умове можна дасягнуць свабоды.
Кадэты відавочна цягнулі за цара, але, не зважаючы на гэта, адносіны паміж самаўладствам і думаю пагоршваліся. Урад трапіў у няёмкае становішча: яму даводзілася ўжываць рэпрэсіі да той самай думы, якую ён сам склікаў. Гэта было навочнай агітацыяй супраць самаўладства.
«Падражніць бы пісара»,— падумаў Лабановіч. Але не давялося: пісар гэтыя дні піў запоем і бушаваў начамі. Цяжкія часы перажывала яго жонка. У Васількевіча былі тры памочнікі: стараваты Хрыпач, яшчэ горшы п’яніца, чым сам пісар, і двое маладых — Іваш і Лісіцкі. Пісару здавалася, што яго жонка потайкам сустракаецца з прыгожым Івашом. Аднойчы, позна вечарам, настаўнік пачуў шум і крык у воласці. Ён выйшаў на ганак. У пісаравай кватэры і ў праўленні было цёмна, а грукат, крык і шум не спыняліся. Дзікі, прарэзлівы голас, поўны роспачы, выгукваў:
— Адчыні! Адамкніся!
I следам за гэтым хтось глуха, як у бубен, барабаніў у дзверы. На вуліцы нікога не было. «Што ж бы гэта значыла?» — затрывожыўся Лабановіч. Ён збег са свайго ганка, перасек вуліцу і апынуўся на ганку воласці.
— Адчыніся, гáдзіна! — лямантаваў той жа голас.
— Што там у вас? Хто крычыць? — запытаў Лабановіч і затрос дзверы.
На адзін момант усё сціхла, і зараз жа пачуўся плаксівы голас моцна пакрыўджанага чалавека:
— Гэта я, Васількевіч,— заходзь, братка: сведкам будзеш.
Дзверы расчыніліся. На парозе стаяў пісар у адной бялізне. Невялікая двухкапеечная царкоўная свечачка цьмяна асвятляла прыхожую.
— Што тут робіцца? — недаўменна запытаў Лабановіч.
Пісар узяў настаўніка за руку і падвёў да дзвярэй пакойчыка.
— Вось тут! — сказаў ён ціха і раптам ізноў забарабаніў у дзверы і зароў: — Выходзь, сцерва!
— Васіль Міронавіч, ці ў сваім вы розуме? Што з вамі?
— Братка, з Івашом зачынілася! — залямантаваў пісар, а потым дадаў, зварачаючыся да настаўніка: — Папільнуй, братка, іх, каб не паўцякалі, а я пайду па тапор: буду дзверы ламаць!
Пісар зрабіў рух, каб ісці па тапор, але захістаўся, страціў раўнавагу і ўпаў. Цяпер ён забыўся, што думаў рабіць і куды ісці: ён быў зусім п’яны. Лабановіч памог яму ўстаць. Ён быў не рад, што ўвязаўся ў гэту сямейную гісторыю.
— Напіўся ты, выбачай, як свіння,— груба сказаў Лабановіч, падымаючы пісара.— Спаць ідзі! — дадаў ён, сціскаючы Васількевічу плечы.
Пісар заплакаў.
— I ты за іх! —з дакорам сказаў ён Лабановічу.
За замкнёнымі дзвярамі пачуўся голас Ганны Грыгор’еўны.
«Няўжо ж пісар не выдумляе?» — падумаў Лабановіч і пачуў такія словы:
— Божа мой, Божа! За што мне такая кара! Лепш бы я малою памерла, чым жыць з такім ірадам, з такім п’яніцам. Божачка мілы, чым я цябе прагнявіла! Пашлі ты мне смертухну ці яго забі маланкаю, громам-перуном. За што ён катуе мяне?!
Пісар хоць і быў п’яны, але і да яго даляцелі жончыны праклёны. А пісарыха, пачуўшы, што яна не адна ў доме, трохі асмялела і пачала жаліцца і праклінаць мужа. Лабановіч упэўніўся, што ніякага Іваша няма і не было там. Ён лёгенька пастукаў у дзверы і сказаў: