Выбрать главу

— Ганна Грыгор’еўна, адамкніце дзверы і выходзьце,— не век жа сядзець вам там.

— Ды ён жа будзе біць мяне і мучыць, тыран гэты.

— Не бойцеся: ён вам нічога не зробіць.

Пісар не адыходзіў ад парога, стаяў і слухаў. Лабановіч стаў паміж ім і дзвярамі і яшчэ раз сказаў:

— Выходзьце!

Ключ у замку заскрыгітаў, раз і другі. Дзверы адчыніліся. Ганна Грыгор’еўна не адразу выйшла са свае засады і мела рацыю: пісар падабраўся, стаў так, каб зручней было кінуцца на жонку. Ён прыгнуўся, як кот, збіраючыся скокнуць на мыш. Лабановіч схапіў Васількевіча за рукі і завярнуў іх яму за спіну.

— Не смей, а то выкіну на вуліцу! — прыгразіў ён пісару.

Пісарыха шмыгнула ў цемру калідора і знікла.

— Ну, пісар, хадзем шукаць Іваша.

Лабановіч пацягнуў пісара ў пакой, дзе вытрымала асаду Ганна Грыгор’еўна. Ніякіх слядоў прабывання Іваша там не было. Іваш у гэты дзень ездзіў па воласці са старшынёю збіраць нядоімкі.

XIV

Вясна ўваходзіла ў поўную сілу. Якія прыгожыя былі раніцы да ўсходу і на ўсходзе сонца! Яснае неба распрасцірала над адноўленаю зямлёю свой бяздонны купал, абапёршы яго берагі па акружыне кругавіду. Чыстае, свежае ранішняе паветра разносіла па невідомых струнах песні жаваранкаў, шчэбет сумятлівых вераб’ёў, гагатанне гусей і гарластае ку-ка-рэ-ку верханскіх пеўняў.

Смачна спаў пад раніцу стомлены хмелем пісар Васількевіч. Пасля здарэння перад замкнёнымі дзвярамі пісар крыху апамятаваўся. Ён зразумеў недарэчнасць сваіх паводзін і віну перад жонкаю. Некалькі дзён ён нават не піў. Жонка з яго згоды паехала да сваіх бацькоў, жыўшых на далёкім хутары. Пісар у хуткім часе замаркоціўся адзін і пачаў ізноў прыкладацца да бутэлькі, зачыніўшыся ў сваім пакоі. Ён то сядзеў нерухліва, то хадзіў з кутка ў куток і час ад часу куляў чарку за чаркаю. Далёка за поўнач ён клаўся ў ложак, а засынаў толькі пад раніцу, калі ўжо людзі пакідалі свае пасцелі і вёска патроху пачынала абуджацца. Сярод разнастайных гукаў, якія напаўнялі ціхае паветра, асабліва вылучалася лясканне пугі Лукаша Леўчанкі.

Лукаш Леўчанка, дваранін па паходжанню, прыблукаў сюды з Украіны і асталяваўся ў Верхані ў якасці грамадскага пастуха. Пастаяннай аселасці ў яго не было. Па чарзе кожны дзень ён пераходзіў з хаты ў хату. Дзе ён начаваў, там яго кармілі. А назаўтра, калі ён выходзіў збіраць статак, па адной, па дзве каровы з двара, яму давалі ў торбу правізіі. Кожная сялянка старалася не адстаць ад іншых жанчын, каб не асудзіў яе Лукаш за скупасць. Вечарам, прыгнаўшы статак, ён падаваўся ў другую хату. Калі такім чынам Лукаш абыходзіў усё сяло, праходзіла месяца паўтара часу. Тады ён зачынаў новае кола свайго вандроўніцтва з хаты ў хату. У падмогу яму сяло давала двух падпаскаў.

Лукаша ў сяле любілі. Ён быў добры пастух і вясёлы па натуры чалавек. Насіў ён доўгую, парыжэлую ад сонца, суконную світку, старанна залатаную. Ранічкаю чуць свет Лукаш выступаў у паход, апранаў світку, вешаў цераз плячо торбу з правізіяй, браў адмысловую пугу на кароткім ёмкім пужальне, пугу сажні тры даўжынёю. Прымацаваная да пужальна жалезным кольцам з сырамяццю, гэтая пуга пачыналася з таўшчэразнай, як вужышча, спецыяльна звітай вяроўкі. Паступова вяроўка танчэла і заканчвалася тоненькім пяньковым хвосцікам з дзесяткамі вузельчыкаў. Лукаш Леўчанка дасканала валодаў гэтай своеасаблівай зброяй. Ён так па-мастацку ляскаў сваёю пугаю, што здалёк здавалася, быццам бы хто страляе з пісталета. Пры дапамозе гэтай зброі Лукаш трымаў у паслушэнстве сваю «рагатую парафію»,— як называў ён статак.

Сабраўшыся належным чынам, Лукаш падыходзіў да крайняга сялянскага дворыка, адкуль і пачынаў збіраць статак. Ён раскручваў пугу, займаў такую пазіцыю, з якой зручней было ляснуць, станавіўся ў позу, каб ямчэй крыкнуць, набіраў паветра ў грудзі і громка, працягла гукаў:

— Выганя-я-я-яй!

Гэта быў не проста крык або звычайны вокліч, не — гэта была свайго роду мелодыя, музыка, якая перш за ўсё цешыла і весяліла, як артыста, самога Лукаша. I ніхто так, як Лукаш Леўчанка, не мог вывесці «выганя-я-я-яй», хоць многія стараліся пераняць яго. Пачуўшы Лукашова «выганяй», гаспадыні борздзенька выбягалі з хат, расчынялі хлявы і выпускалі кароў. Лукаш адчыняў весніцы, карова выходзіла на вуліцу. А каб яна не забывалася, што над ёю ёсць нядрэмнае вока, Лукаш ляскаў пугаю. Карова, калі яна была маладая і рэзвая, весела падбрыквала і бегла па вуліцы, а там да яе далучаліся іншыя каровы, бычкі і цялушачкі. Хвілін праз дзесяць уся Лукашова «рагатая парафія» збіралася ў шумны гаманлівы статак, павольна і паважна вандравала па вуліцы ў поле. Пакуль Лукаш не выходзіў са статкам з сяла, ён не пераставаў для страху жывёлы ляскаць пугаю і час ад часу пагукваць «выганя-я-я-яй», хоць патрэбы ў тым ужо не было. Яму проста падабалася музыка выгуку ў яго, Лукашовым, выкананні.