У адну з такіх раніц, сабраўшы «рагатую парафію», Лукаш праходзіў з ёю міма школы і воласці. I тут яму захацелася яшчэ раз на развітанне з сялом гукнуць «выганяй!». Ён прыпыніўся на сярэдзіне вуліцы між воласцю і школаю, закінуў галаву і гаркнуў натхнёна, працягла, з музычнымі пералівамі: «Выганя-я-я-яй!» Перад гэтым жа, калі Лукаш быў далекавата ад воласці, яго гучны голас перабіў пісару салодкі ранішні сон.
— Вось гарланіць, гад! — сказаў сам сабе абуджаны пісар.— Ну, і горла! Бадай яно табе запухла.
Але зараз жа ўсё сціхла. Пісара зноў пачаў марыць сон. I вось у гэты самы момант Лукаш і гаркнуў сваё багатырскае «выганяй», стоячы на сярэдзіне вуліцы. Пісар аж падскочыў на сваім ложы, як бы яго кальнулі шылам. Якая нагласць — так гарланіць пад вокнамі пісаравай кватэры! Не разважаючы, што будзе далей, ён сарваўся з пасцелі, босы, у адной сарочцы. Накінуўшы на плечы белую кáпу, пісар, як тыгр, выскачыў на ганак.
— Што дзярэш тут горла! — грозна накінуўся ён на Лукаша.— Крычы ў полі, а не пад вокнамі валаснога праўлення, няхай табе пуп трэсне, сволач ты!
Пакуль пісар выбягаў на ганак, Лукаш адышоўся крокаў на дзесяць, рухаючыся за статкам. Пабачыўшы Васількевіча на ганку без нагавіц, прыкрытага капаю, Лукаш толькі ўхмыльнуўся, задаволены тым эфектам, які прывёў пісара ў гэтакую лютасць,— вось што такое Лукашова «выганяй!». На пісараву лаянку ён дабрадушна азваўся:
— Дай Божа пану пісару такі крэпкі сон, як мой пуп. А што да сволачы, дык сволач — цару помач.
Васількевіч кінуў на Лукаша іскрамётны позірк і павярнуў у сваю спальню, не скідаючы з плячэй капы. Падпаскі зірнулі на Лукаша, пераглянуліся і зарагаталі. Лукаш падміргнуў ім і пераможна ляснуў пугаю.
Лабановіч абудзіўся яшчэ тады, калі Лукаш быў на другім канцы сяла. Ён услухоўваўся ў голас пастуха-двараніна. А той паволі набліжаўся са статкам, пакрыкваючы «выганяй» і паляскваючы пугаю. Калі пачуўся глухі тупат быдлячых капытоў, настаўнік падняўся з пасцелі і падышоў да акна, каб паглядзець на вясёлага Лукаша. Лабановіч аднойчы сустракаўся з ім і ўпадабаў пастуха за бестурботнасць, вясёласць і лагоднасць. Лукаш любіў выпіць і за чарку гарэлкі гатоў быў служыць вераю і праўдаю. Ён не бачыў настаўніка ў той час, калі выгукнуў апошняе «выганяй», не дагадваўся, што за ім сочыць Лабановіч, які быў сведкам пісаравай злосці і лютасці. Як толькі Васількевіч схаваўся ў будынку, настаўнік адчыніў акно і паклікаў Лукаша. Пастух падбег. На яго твары блукала хітрая ўсмешка.
— Ну, брат Лукаш, і голас жа ў цябе: як труба ерыхонская! Нават пісара з пасцелі падняў.
— Не ўпадабаў пісар майго голасу,— адказаў Лукаш і засмяяўся.
— А ты наплюй на гэта. Вось табе дваццаць капеек на чарку, а заўтра ранічкаю ты зноў тут пагукай. За тваё адно «выганяй» буду даваць па дваццаць капеек.
— Будзе зроблена! — весела адказаў Лукаш, беручы саракоўку.
Назаўтра Лукаш ізноў стаў на сярэдзіне вуліцы, на гэты раз бліжэй да кватэры настаўніка, і на ўсю моц загукаў:
— Выганя-я-я-яй!.. Паніч, выганя-я-я-яй! — і некалькі разоў ляснуў, як з пісталета, пугаю.
Лабановіч падбег да акна і даў Лукашу абяцаныя дваццаць капеек. Так паўтаралася некалькі раніц падрад. Пісар, як відаць, дагадаўся аб змове і на ганак болей не выбягаў.
Раз у год Лукаш меў адну прывілею: у дзень Святых апосталаў Пятра і Паўла ён мог рабіць усё, што захоча: мог выганяць жывёлу, а мог і не выганяць. Такі быў звычай у Верхані. Але калі Лукаш у гэты дзень выходзіў на работу, кожны двор адараў яго хлебам, скорамам, яйкамі, а хто даваў пры гэтым яшчэ трохі медзякоў. Лукаш, зразумела, праходзіўся па дварах, збіраў статак і браў добраахвотныя падаткі. Выгнаўшы з сяла жывёлу, Лукаш даручаў статак падпаскам, а сам прадаваў сабранае дабро, увесь дзень частаваўся гарэлкаю, частаваў і людзей, хадзіў па сяле і спяваў песні. I людзі саступалі яму дарогу. У гэты дзень Лукаш быў недатыкальнаю асобаю.
XV
Лабановіч хоць і не дужа часта, але ўсё ж сустракаўся са сваім калегам Іванам Анцыпікам. Ніколі не было ў іх такога выпадку, калі б яны адкрыта і па-прыяцельску пагаманілі адзін з другім. Анцыпік быў чалавек празаічны, практычнага складу характару. Уся яго жыццёвая філасофія і мудрасць заключаліся ў тым, каб жыць спакойна, ціха і сытна. Спецыяльнай настаўніцкай асветы ў яго не было. Скончыў ён нейкую малавядомую сельскагаспадарчую школу, але гэта не перашкаджала яму высока несці свой настаўніцкі гонар і сваю адукацыю. Па сутнасці ж, чалавек ён быў няшкодны. У жыцці кіраваўся ён адным асноўным правілам: не чапай ты мяне, і я цябе не зачаплю. Лабановічу хацелася бліжэй азнаёміцца з калегам і зазірнуць у таямніцы яго душы. Але не надаралася зручнага выпадку. Анцыпік як бы прадчуваў замах свайго суседа і стараўся ўхіліцца ад усякіх адкрытых і інтымных гутарак. Удзень яго амаль ніколі не было дома, а варочаўся ён позна. Але аднойчы вечарком Анцыпік зайшоў да Лабановіча. Нейкім чынам даведаўся ён, што маці Ліды Мураўскай збіраецца заехаць да настаўнікаў і запрасіць іх у госці да сябе — з поваду таго, што Ліда і Коля скончылі школу.