— Ну, што ж? Пакліча, дык паедзем,— азваўся Лабановіч. Прызнацца, яму самому хацелася наведацца да маці такіх слаўных дзяцей, як Лідачка і Коля.
Анцыпік, трохі памаўчаўшы, шчоўкнуў языком і дадаў:
— Трэба і нам пачаставаць Антаніну Міхайлаўну.
— Калі трэба, то трэба,— згадзіўся Лабановіч,— не ведаю толькі, чым і як частаваць, і наогул не ведаю, што яна за жанчына.
Анцыпік заварушыўся. Язык яго на момант нібы заграз, але зараз жа шчоўкнуў і выкінуў такія словы:
— Антаніна Міхайлаўна — удава, і яшчэ не старая, гэта адно. Другое, яна — маці Лідачкі, да якой, па маіх назіраннях, калега мой неабыякавы.
Тут Анцыпік хітра і мнагазначна падміргнуў, як бы для яго былі зусім ясныя мыслі і сэрца калегі. Лабановіч апусціў вочы ўніз і зараз жа сказаў:
— Вось не думаў, што ты такі назіральны... А можа, і васпан да яе неабыякавы?
Анцыпік прапусціў міма вушэй гэтыя словы і казаў далей:
— Па-трэцяе, яна — выхрыстка і, па-чацвёртае, любіць чарку.
— Характарыстыка поўная, партрэт напісан грунтоўна. Відаць, сядзеў ты з ёю за чаркаю не раз,— пажартаваў Лабановіч.
— Сядзеў і яшчэ пасяджу, праўдзівей, паседзімо: пачастунак зробім у складчыну,— азваўся Анцыпік.
— Ну, што ж? Згодзен: так яшчэ лепей. Пытанне можна лічыць вырашаным,— скончыў Лабановіч і ўважліва зірнуў на Анцыпіка: — Скажы, Іване, як гадаеш правесці лета і што мяркуеш рабіць далей? Ці на век прысягнуў пачатковай школе, ці ёсць якія-небудзь іншыя планы?
Анцыпік заміргаў вачамі ў прадчуванні нейкай сур’ёзнай гутаркі. Сур’ёзных размоў ён не любіў, лічачы, што яны могуць збіць чалавека з тропу.
— А я аб гэтым і не думаю,— адказаў Анцыпік.— Дый што думаць? Надакучыць сядзець тут, паеду да бацькоў, там пажыву, папрацую на лузе, на полі. А прыесца і гэта, буду думаць пра нешта іншае. А так без патрэбы навошта мазоліць мазгі і псаваць нервы? Маё правіла такое: ціха, дык не рыпайся, а стануць прыціскаць, збярыся неўзаметку ды бяжы ў іншае месца.
— А за што ж і хто прыцісне, калі ты будзеш ціха сядзець? — спытаў Лабановіч.
— Ды яно і гэта праўда,— шчоўкнуў Анцыпік.— Але бываюць розныя людзі, што без дай прычыны прывяжуцца да цябе. I ўсё ж самае лепшае правіла: не чапай нічога і не бойся нікога.
— А вось жа ты сядзеў ціха, нікога не чапаў, а прыстава збаяўся і задаў уцекача,— укалоў Лабановіч.
Анцыпік утупіўся, хацеў штось запярэчыць, але Лабановіч дадаў:
— Урэшце, усё-такі твая праўда: ты не датрымаў свайго правіла, зачапіў Ганну Карлаўну, якую меў ці мае на воку грозны станавы прыстаў.
Для Анцыпіка гэты выпадак быў непрыемны, як непрыемны быў і напамінак аб ім.
— Усё бывае на свеце між людзьмі,— нотка пакорнасці чуваць была ў голасе і ў словах Анцыпіка.
— І ты павінен маўчаць, мірыцца з усёю недарэчнасцю і несправядлівасцю такога ладу?
— А што з таго, што я буду крычаць? Хто мяне пачуе? Вось ты папрабаваў крыкнуць, і цябе перамясцілі. Не, брат, вышэй пупа не падскочыш! — тонам пераможцы заключыў Анцыпік.
Для Лабановіча стала відавочна, што з Анцыпікам кашы не зварыш, а весці з ім гутарку аб ролі настаўніка ў грамадскім жыцці, каб абудзіць свядомасць, не толькі марная трата часу, але і небяспечная рэч. Дзе парука, што Анцыпік не прагаворыцца — вольна ці нявольна? Лабановіч не рабіў болей спробы зазіраць у душу свайго калегі. Яна была для яго ясная і нецікавая, як сцёрты мядзяк. Ён толькі сказаў:
— Так, твая праўда.
Праз некалькі дзён у школу сапраўды прыехала Антаніна Міхайлаўна. Лабановіч сустрэў яе на ганку.
— Напэўна, вы маці Ліды і Колі, Антаніна Міхайлаўна? — запытаў гаспадар.
Антаніна Міхайлаўна ўсміхнулася, і Лабановіч убачыў шчарбаты рот з працярэбленымі гнілымі зубамі.
— Я, я! — прамовіла госця.
З твару яна была даволі прыгожая жанчына, чарнабровая, цемнавокая. Праўда, вочы яе трохі выцвілі, парыжэлі... «Няўжо ж у яе гады і Ліда будзе такая?» — сам сабе сказаў Лабановіч і павёў госцю ў пакой. Пакуль яна прыводзіла сябе ў парадак, як гэта ўласціва жанчынам, Лабановіч, папрасіўшы прабачэння, збегаў у кухню і паслаў бабку Параску па Анцыпіка. Але патрэбы ў гэтым не было, бо Анцыпік зараз жа паказаўся і сам. Ён быў болей спрытны кавалер, чым гаспадар, запрасіў госцю прысесці, затупаў каля яе, зашчоўкаў на ўсе галасы. Лабановіч пазіраў і проста цешыўся з яго здольнасці ў справе абыходжання з жанчынамі. «Вось каб ты быў такім і ў грамадскай дзейнасці!» — падумаў Лабановіч.