Выбрать главу

Пакуль дасціпны Анцыпік забаўляў Антаніну Міхайлаўну, Лабановіч з бабкай Параскай рыхтавалі закуску. Знайшоўся кавалак сыру, крыху масла, каўбаса, кіслая капуста. Бабка Параска нарэзала сала — і для закускі і для яечні. Стораж Піліп урачыста выцягнуў з-за пазухі пляшку гарэлкі.

— Можа, і ў твой гарляк, Піліпе, перападзе кропля,— сказаў ён, ні да каго не зварачаючыся.

Бабка Параска дзеля такога ўрачыстага выпадку дастала свой чысты настольнік і заслала стол. Паставіла талеркі, нажы і відэльцы, відаць, дзесь пазычыла. Яна не хацела, каб яе гаспадар «свяціў» вачамі перад госцяю. Калі ўсё было гатова, селі за стол. Стол атрымаўся даволі багаты, на вялікае задаваленне бабкі Параскі. Лабановіч, як гаспадар, наліў чаркі і падняў тост за госцю. Выпілі. Пасля кожнай чаркі Антаніна Міхайлаўна брала хлеб і, перш чым адкусіць, падносіла яго да носа і нюхала, а потым ужо клала ў рот і закусвала.

Сядзелі доўга. Некалькі разоў бабка Параска дабаўляла закускі. Стораж Піліп двойчы хадзіў па гарэлку, прычым і ў яго «гарляк» перападала «кропля». Лабановіч пачуў, што ў галаве шуміць. Яму хацелася, каб гэты пачастунак скончыўся, а госця сядзела, як і нібыта таго, піла чарку ў чарку з настаўнікамі, нюхала хлеб і закусвала. Анцыпік шчоўкаў шмат болей свае нормы. Улучыўшы момант, ён падміргнуў Лабановічу, даючы зразумець, што ён, Анцыпік, падпоіць госцю. Ён паклікаў Піліпа і паслаў яшчэ па гарэлку. Лабановіч ціхенька падаўся ў сваю бакавушку. Не раздзеючыся, прылёг на пасцель. Спачатку да яго вушэй даносіліся словы і стук чарак, шчоўканне Анцыпіка і бестурботны смех Антаніны Міхайлаўны. Ён прачнуўся тады, калі пастух Лукаш ляскаў сваёю славутаю пугаю і выгукваў сваё заліхвацкае «выганяй!».

Лабановіч падняўся з пасцелі і ўвайшоў у сталовую. За сталом спакойна сядзела Антаніна Міхайлаўна. Здавалася, што яна гарэлкі і ў рот не брала. Затое Анцыпік ляжаў каля стала на падлозе ў самай маляўнічай позе зусім п’янага чалавека. Разваліўшыся і задраўшы ўгору нос, ён задаваў храпака. Антаніна Міхайлаўна весела засмяялася і, паказваючы на Анцыпіка, сказала:

— Хацеў спаіць мяне. Я ж бачыла, як ён ківаў вам, і разгадала яго намер. Пілі мы чарка ў чарку... Не, не яму спаіць мяне. Колькі б я ні піла, я п’янаю не бываю.

Антаніна Міхайлаўна расказала, як яна выручала ў выпіўцы свайго нябожчыка мужа, як піла з самымі заядлымі выпівакамі і ніколі не п’янела.

«Можа, ты таму не п’янееш, што нюхаеш хлеб, выпіўшы чарку гарэлкі»,— падумаў Лабановіч.

XVI

У ясны веснавы дзянёк Анцыпік і Лабановіч ехалі ў сялянскай каламажцы на хутар з трох ці чатырох двароў. Адзін з гэтых дворыкаў перайшоў Антаніне Міхайлаўне і дзецям пасля смерці мужа. Да яе ў госці і ехалі верханскія настаўнікі.

Ад Верханя да хутара было вёрст шэсць. Увесь час дарога ішла полем, часамі паміж бярозавых прысад. Па баках маляўніча раскідаліся невысокія пагоркі, невялікія ляскі і гаі, вузенькія зялёныя далінкі, утульныя і прывабныя. У цяньку нізкіх альховых кустоў сям-там туліўся пакручасты ручаёк, зрэдку выбягаючы на чыстае месца і блішчучы, як срэбра, на сонцы. Багата і шчодра ўпрыгожыла вясна зямлю, адзеўшы яе зелянінаю, ярыною і жытамі, што пачыналі ўжо выпускаць угору маладзенечкія каласкі, рассыпала па ёй мільёны рознакаляровых кветак. Трудна было адвесці вочы ад хараства на зямлі, ад яе пышнага ўбрання. I толькі тады, калі фурманка павярнула з шырокага шляху на вузкую і маланаезджаную хутарскую дарожку, Лабановіч успомніў Антаніну Міхайлаўну, яе дабрадушную ўсмешку і шчарбаты рот. I ўсё ж гэта жанчына неблагая, а калі прыгадаць, як улажыла яна Анцыпіка, дык яе да некаторай ступені можна лічыць выдатнаю кабетаю.

Аб сваім правале Анцыпік стараўся не ўспамінаць, а Лабановіч таксама не прыгадваў, каб не закранаць гонару калегі.

Фурманка павярнула да хутарка. З запушчанай сялянскай хаты з парыжэлай саламянай страхою выбег Коля, а за ім і Ліда, крыху сціскаючыся і саромеючыся.

Коля шырока расчыніў весніцы ў невялічкі, але чысценькі дворык. Хлопец не так быў рады прыезду настаўнікаў, як з’яўленню каня на іх двары. Ён больш за ўсё на свеце любіў коней.